Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50 дэмакратычным кандыдатам далі старт


50 першых патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі зацьвердзілі сёньня на пашыраным паседжаньні Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў у Менску. Такім чынам, гэтыя людзі фактычна ўжо могуць рыхтавацца да выбараў, якія згодна з дзейным заканадаўствам мусяць прайсьці сёлета ўвосень.


На выбарах у Палату прадстаўнікоў будзе 110 акругаў. Але сёньня зацьвердзілі толькі 50 прэтэндэнтаў. Справа ў тым, што працэдуру ўзгадненьня кандыдатаў пакуль цалкам правялі толькі ў трох рэгіёнах – сталіцы, Віцебскай і Гомельскай абласьцях.

Сустаршыня Палітрады Анатоль Лябедзька адзначае, што і гэта ўжо прарыў:

“Ніколі раней такога яшчэ ня было. І гэта я лічу нашай перамогай. Шкада, што не зацьвердзілі па ўсіх акругах, але і 50 – гэта прыкладна палова”.

Карэспандэнт: “А што ў іншых акругах?”

“Юрыдычнае, прававое рашэньне можа быць прынятае толькі Палітычнай радай. Гэта дэ-юрэ. А дэ-факта ў Менскай, Гарадзенскай і нават ў Магілеўскай абласьцях ёсьць узгодненыя кандыдаты”.

Цікаўлюся ў спадара Лябедзькі прозьвішчамі ўжо зацьверджаных кандыдатаў:

“Гэта Станіслаў Багданкевіч, Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Аляксандар Дабравольскі і шмат тых, каго ведаюць у рэгіёнах”.

“А ці ёсьць у гэтых сьпісах прозьвішчы маладых людзей, жанчын?”

Мы патрабуем гарантаванага ўключэньня ў камісіі ўсіх роўняў, я падкрэсьліваю, усіх роўняў прадстаўнікоў аб’яднаных дэмакратычных сілаў...
“Ёсьць. Сёньня як раз адзначалі, як пазытыўны фактар, што ўжо ўзгодненыя кандыдатуры 7 жанчын. І ёсьць маладыя. Прыкладам, па Менску пойдуць два прадстаўнікі “Маладога фронту”. Гэта сьведчыць як раз пра тое, што ніхто нікога не заціскаў. І тыя рэгіянальныя арганізацыі, якія хацелі ў гэтым працэсы ўдзельнічаць, і якія даказвалі, што іх кандыдаты найбольш канкурэнтаздольныя, яны маюць і посьпех”.

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы сёньня таксама вызначылі ўмовы, неабходныя для таго, каб правесьці выбарчую кампанію адпаведна стандартам АБСЭ. Свае патрабаваньні яны непасрэдна выкладаюць беларускім уладам, якіх заклікаюць да дыялёгу. І даюць ім тэрмін да 25 красавіка, удакладняе першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

“Перадусім гэта вызваленьне палітычных вязьняў, а таксама спыненьне іншых формаў палітычных рэпрэсіяў. Мы патрабуем гарантаванага ўключэньня ў камісіі ўсіх роўняў, я падкрэсьліваю, усіх роўняў прадстаўнікоў аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Мы патрабуем рэгістрацыі нашых кандыдатаў.

Мы з гэтага робім прамую выснову – ці мусіць міжнародная супольнасьць загадзя прызнаваць ці не прызнаваць тую выбарчую кампанію, якая зараз рыхтуецца. Мы ў кожным разе рыхтуемся да мабілізацыйна-інфармацыйнай кампаніі, і ў выпадку невыкананьня ўладамі гэтых падставовых крытэраў мы выкарыстоўваем ўсе тыя магчымасьці, якія дае выбарчая кампанія для падрыхтоўкі пратэстных акцыяў. І рэзэрвуем за сабою права, што нам канкрэтна рабіць, калі ўлады гэтыя варункі выконваць ня будуць”.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG