Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карціна Б.Заборава выстаўленая ў галерэі "Уфіцы"


Усясьветнавядомая мастацкая галерэя “Уфіцы” ў Флярэнцыі набыла карціну мастака беларускага паходжаньня Барыса Заборава “Аўтапартрэт з мадэльлю”.


Большая частка калекцыі “Уфіцы” прысьвечаная старому мастацтву ад раньняга Адраджэньня да канца 18 стагодзьдзя. Барыс Забораў стаў другім пасьля Марка Шагала мастаком з колішняга СССР, чыя творчасьць прадстаўленая ў гэтай мастацкай скарбонцы Флярэнцыі.

"Аўтапартрэт з мадэльлю”, які цяпер выстаўлены ў прэстыжным “калідоры Вазары” галерэі “Уфіцы”, уяўляе сабой вялікае палатно, прыкладна 2 мэтры шырынёй і 1 мэтар вышынёй. Зьлева намаляваная фігура мастака, адлюстраваная ў люстэрку, а справа – фігура дзяўчыны, створаная ў манеры фотанэгатыву. Крытыкі называюць карціну варыяцыяй на тэму “мастак і яго муза”.

Акрамя галерэі “Уфіцы”, мастацкія творы Заборава захоўваюцца ў аўстрыйскай галерэі “Альбэрціна”, фундацыі сучаснага мастацтва Ніжняй Нармандыі, гарадзкім музэі нямецкага Дармштату, Трэцьякоўскай галерэі і музэі Пушкіна ў Маскве, Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску.

Барыс Забораў нарадзіўся ў 1935 годзе ў Менску ў сям’і мастака віцебскай школы Абрама Заборава. Займаўся кніжнай графікай, тэатральнымі дэкарацыямі. У 1981 годзе эміграваў у Парыж.

Творы Барыса Заборава часта выстаўляюцца на міжнародных аўкцыёнах. Паводле экспэртаў, іхны кошт складае ў сярэднім некалькі дзясяткаў тысяч эўра. Што да Беларусі, то ўсяго тры гады таму ніхто не захацеў набываць ягоны малюнак нават за 900 даляраў.
XS
SM
MD
LG