Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заява лідэра Англіканскай царквы Архіяпіскапа Кэнтэрбэрыйскага Роўэна Ўільямса (Rowan Williams) наконт ісламскага права - шарыяту, выклікала бурлівую, пераважна нэгатыўную рэакцыю ў брытанскім грамадзтве. Я таксама не магу паўстрымацца каб не сказаць пару слоў пра тое, што такая заява як мінімум неабдуманая.


Роўэн Ўільямс, духоўны лідэр 77 мільёнаў англіканаў па ўсім сьвеце заявіў у эфіры BBC аб “непазьбежнасьці” (unavoidable) увядзеньня некаторых нормаў шарыяцкага права ў брытанскае заканадаўства. Паводле яго, уключэньне некаторых правілаў шарыяту, у прыватнасьці датычных шлюбаў, разводаў і спадкаемства, у юрыдычную практыку паспрыяла б адзінству грамадзтва, паколькі мусульманам не прыходзілася б выбіраць паміж адданасьцю нацыянальнай культуры і вернасьцю краіне пражываньня. Праўда, Архіяпіскап адзначыў, што ён не ўхваляе некаторых формаў пакараньня паводле шарыяту, як публічнае павешаньне альбо адсячэньне галавы.

Не закон, але набор меркаваньняў

У якасьці кароткай даведкі (каб не прымушаць чытачоў самім корпацца ў розных крыніцах) хачу нагадаць, што “шарыят” (літаральна па-арабску “ шлях да вадопою”, альбо, як некаторыя кажуць “ Шлях Гасподні”) - гэта закон, які рэгулюе ўсе аспэкты жыцьця мусульманіна без падзелу на рэлігійныя і сьвецкія. Ён асноўваецца на Каране, на суне (аповедах пра дзеі і выслоўі Прарока Мухамада, Мір Яму), на “кіясе” (судовых аналёгіях і прэцэдэнтах) і на “ іджме” - калектыўным рашэньні ісламскіх юрыстаў. Шарыят пачаў фармавацца ўжо ў VII стагодзьдзі. У самых старых ісламскіх крыніцах вэрдыкт паводле шарыяту называлі “фікх” (думка, меркаваньне, ацэнка законаведаў), аднак цяпер шарыят тлумачыцца яе “мудрасьць, зразуменьне”. Шарыят ня выкладзены ў адной, пісанай форме кшталту Канстытуцыі альбо крымінальных кодэксаў. Ёсьць некалькі школаў, якія спэцыялізуюцца ў ісламскім заканадаўстве: ганафіцкая, (найстарэйшая і найбольш талерантная), малікіцкая, (больш строгая), шафіцкая, ганбаліцкая (вельмі рэпрэсіўная) і джафарыцкая.

Паводле шарыяту са спасылкай на Каран, у ісламе дапушчальная палігамія (шматжэнства) (4,3), мужчына важнейшы за жанчыну (2,228), жанчына “пустая і бяздумная” (43,17), у полавым жыцьці мужчына можа карыстацца жонкамі бы сваім уласным “полем” (2,223) і мае права біць жонку, калі тая ўпартая, непаслухмяная і капрызная (4,38, такога запісу ў Бібліі ня знойдзеце). Шарыят дапускае сьмяротнае пакараньне за пазашлюбныя полавыя зносіны. Некалькі жанчын у Нігерыі былі асуджаныя на сьмерць праз “каменяваньне”. Шарыят, у прыватнасьці у Савудаўскай Арабіі, дапускае адсяканьне (ампутацыю) рук за крадзеж альбо сьмяротнае пакараньне за “абразу гонару мужчыны ці сям'і”, а таксама за чужаложніцтва, нават у выпадку, калі жанчына была згвалтаваная.

Забіў. Сядзь. Супакойся. Закуры!

У мусульманскіх краінах “ганаровыя забойствы” карыстаюцца амаль усеагульнай згодай. Усе мусульмане, у тым ліку і жанчыны, у адзін голас заяўляюць, што калі жанчына “запляміла гонар сям'і –яна заслужыла сьмерць”. Для выкананьня сямейнага прысуду пераважна выбіраюць падлеткаў, каб пазьбегнуць больш строгага пакараньня, але і дарослы кат пачувае сябе і ўспрымаецца хутчэй героем, чым забойцам. Паводле Human Rights Watch, паліцыя ў шэрагу мусульманскіх краінаў ставіцца да такога чалавека зь відавочнай сымпатыяй і павагай, а суд альбо цалкам апраўдае, альбо абмяжуецца кароткім зьняволеньнем ці штрафам. Даяна Нэмі зь лёнданскай арганізацыі Stop Honour Killings кажа, што цягам апошніх дзесяці гадоў толькі ў Іраку ахвярамі “ганаровых забойстваў” сталі 16 тысяч жанчын, а ў Пакістане штогод гінуць да 5 тысяч жанчын.

Ведала, за каго выходзіць замуж

Вось некалькі прыкладаў, як дзейнічае шарыят у краінах Заходняй Эўропы:

- 32-гадовы мараканец цягам шасьці гадоў брутальна, да непрытомнасьці зьбіваў сваю жонку - нямецкую грамадзянку мараканскага паходжаньня, якая раз-пораз трапляла ў шпіталь. Прычына - жонка адзявалася і паводзіла сябе як астатнія немкі. У 2006 годзе, пасьля асабліва жорсткага зьбіцьця – яны жылі асобна, аднак муж далей яе перасьледаваў і пагражаў сьмерцю - жанчына выступіла з позвай аб разводзе, а адвакатка ахвяры Барбара Бэкэр-Ройчык была перакананя, што з улікам выключнай лютасьці мужа і пагрозы жыцьцю жанчына развод атрымае. Абедзьве моцна памыліліся. Судзьдзя прыпыніла разгляд справы і патлумачыла сваё рашэньне наступным чынам: “У Каране напісана, што мужчына мае права біць жонку. Паколькі жонка паходзіць з ісламкага культурнага асяродзьдзя, яна павінна была ведаць, што яе чакае, калі выходзіць замуж за мусульманіна. Муж дзейнічаў у адпаведнасьці са сваімі рэлігійнымі перакананьнямі. Жонка, якая настойвае на разводзе, пакрыўдзіла мужа прымаючы заходні лад жыцьця. Зьбіваючы яе, муж абараняў свой гонар, і таму ня можа быць гаворкі пра развод з прычыны асаблівай жорсткасьці”, -вырашыла судзьдзя. (Rzeczpospolita, 22/03/2007)

- У 2004 годзе ў Дармштаце родныя браты забілі бэйсбольнымі бітамі сястру за дашлюбны сэкс. У горадзе Цюбінгенб бацька забіў 16-гадовую дачку за ейнае спатканьне сам насам з каханым. Толькі цягам першых чатырох месяцаў мінулага году ў самым Бэрліне адбылося 6 “ганаровых” забойстваў жанчын. 23-гадовая “зганьбіла” сям'ю, разводзячыся з мужам, за якога бацькі выдалі яе замуж у 16 гадоў. Жанчыну застрэліў на аўтобусным прыпынку яе родны 18-гадовы брат. Атрымаў за гэта 9 гадоў турмы. Паводле праваабарончай арганізацыі Terre des Femmes, ад 1996 году ў Нямеччыне ў выніку “ганаровых забойстваў” загінулі як мінімум 40 жанчын.

- У чэрвені 2006 году ў Даніі брат застрэліў праз два дні пасьля шлюбу 19-гадовую Газалі Хан, паколькі сям'і не спадабаўся ейны муж.

- У 2003 годзе ў Вялікай Брытаніі на пляжы было знойдзена цела 17-гадовай Шафілей Ахмэд. Яна сьпешна і самавольна вярнулася ў Вялікую Брытанію з Пакістану, дзе бацькі прызначылі ёй і прадставілі будучага мужа. У 2006 годзе бацька і дзядзька задушылі шнуром 20-гадовую курдку Баназ Махмуд толькі за тое, што тая закахалася ў хлопца, які паводле сям'і быў недастаткова набожны мусульманін. Баючыся сьмерці, дзяўчына шукала паратунку ў паліцыі, але тая палічыла скаргу істэрыяй і адаслала яе дамоў.

- У красавіку 2005 году ў Лёндане родны брат і сваяк задушылі шаўковым шалікам, пакалолі нажом і затым перарэзалі горла 25-гадовай Саміры Назір за тое, што яна не хацела выйсьці замуж за выбранага сям'ёй жаніха.

На думку Даяны Нэмі, на Захадзе шэраг элемэнтаў ісламскага побыту, маралі і звычаяў кшталту зьбіваньня жанчын і нават “ганаровыя забойствы” караюцца адносна лагодна і якбы неахвотна. “Улады ня ведаюць, што рабіць у такіх выпадках. Агучваючы іх можна быць абвінавачаным у расізьме. Найвыгадней пакінуць праблему самым мусульманам, як частку іхнай культуры, як гэта зроблена з габрэямі, якія атрымалі магчымасьць вырашаць свае спрэчкі перад рабінацкімі судамі”. Мабыць нешта падобнае меў на ўвазе Архіяпіскап Кэнтэрбэрыйскі Роўэн Ўільямс у выпадку мусульманаў і шарыяту, аднак разуменьня для сваёй паліткарэктнасьці ў брытанцаў ён не знайшоў.

Міністар культуры Энды Бэрнэм заявіў, што Архіяпіскап прапануе “рэцэпт ад хаосу” ў грамадзтве. Многія брытанскія палітыкі сьпешна дыстанцыяваліся ад заявы лідэра Англіканскай царквы. Прэм'ер Гордан Браўн заявіў, што “брытанскія законы павінны асноўвацца на традыцыйных брытанскіх каштоўнасьцях”. Намесьнік міністра ўнутраных справаў Тоні Макналты лічыць, што “ні ў якім выпадку нормы шарыяцкага права ня могуць скарыстоўвацца ні ў якасьці апраўданьня парушэньняў брытанскага заканадўства, ні для прыманьня судовых рашэньняў”. Прадстаўніца кансэрватараў баранэса Варсі заявіла, што “ўсе грамадзяне краіны павінны падпарадкоўвацца законам, прынятым парлямэнтам і судамі”.
Газэта “The Sun” выказала сваю крытыку на адрас Архіяпіскапа ў менш дыпляматычнай форме: “Можна было б праігнараваць Ўільямса як старога, дурнога казла, але ж ён уяўляе сабою вялікую небясьпеку для ўсяе краіны”.

Наконт “пагрозы для краіны” я асабіста ня ўпэўнены, аднак лічу, што Архіяпіскап Англіканскай царквы яўна перабраў меру. Лібэралізм Англіканскай царквы, сьвятарства жанчын, аднаполыя сужэнствы і гэтак далей ніяк не дапамаглі Царкве, якая імкліва губляе і вернікаў і аўтарытэт. У сваёй рабалепнай паліткарэктнасьці ён відавочна забыўся, што госьць павінен паважаць гаспадара і падпарадкоўвацца законам той краіны, у якой ён зьўляецца прышэльцам. Няздарма гаворыцца “у чужы манастыр са сваім уставам ня сунься”. А калі сунуцца, навязваюць сваё і патрабуюць? Што рабіць? Ёсьць на гэта расейскі адказ, які аднак я саромеюся працытаваць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG