Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Канец цытаты": 02.02.2008 – 08.02.2008


Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.


“А мы цябе шукаем, шукаем па ўсіх гарах, ня можам знайсьці”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – першаму віцэ-прэм’еру расейскага ўраду, кандыдату на прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыю Мядзьведзеву пры сустрэчы на лыжні ў Сочы.


“ЭЗ — мякчэйшы апанэнт Менску, чым ЗША. Бо ў адносінах паміж Эўразьвязам і Беларусьсю ёсьць эканамічныя рэаліі, якіх амаль няма ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і Злучанымі Штатамі”.

Аляксандар Фядута, публіцыст і палітоляг – у перадачы “Экспэртыза Свабоды”, прысьвечаным спробам афіцыйнага Менску наладзіць дыялёг з Захадам.


“Афіцыйны Менск працягвае гульню з ЭЗ. Але гэта не сур’ёзная гульня, а хутчэй гульня ў даміно. Бо гэта толькі сродак падвысіць стаўкі ў сапраўднай гульні, якую Лукашэнка вядзе з Расеяй. Ён імкнецца выгандляваць лепшыя ўмовы геапалітычнага патранату Расеі над Беларусьсю”.

Віталь Сіліцкі, палітоляг – у перадачы “Экспэртыза Свабоды”, прысьвечаным спробам афіцыйнага Менску наладзіць дыялёг з Захадам.


“Мы вітаем вызваленьне трох вязьняў. І спадзяемся, што за імі будуць і іншыя вызваленьні. Мы ведаем, якую ролю ў гэтым вызваленьні адыграў спадар Лукашэнка. З прычынаў, якія я не хацела б тут тлумачыць, амбасадар Нямеччыны адыграў у вызваленьні асаблівую ролю”.

Мірэй Мюсо, пасол Францыі ў Беларусі – пра вызваленьне палітычных вязьняў у Беларусі.


“Я ня ведаю. Што – спатрэбілася сьвежая кроў, новыя закладнікі для торгу з цывілізаваным сьветам?”

Аляксей Бонар, сябар незарэгістраванай арганізацыі “Ініцыятыва” – пра спробы прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці сябра гэтай арганізацыі Андрэя Кіма.


“Можна арыштаваць 10 зьняволеных, потым адпусьціць 7 – і праслыць лібэральным і дальнабачным палітыкам".

Юры Чавусаў, палітоляг –у перадачы “Экспэртыза Свабоды”.


“Эканамічная залежнасьць Беларусі ад Расеі будзе павялічвацца. Пытаньне ў тым, ці захоча Мядзьведзеў ці новае кіраўніцтва Расеі канвэртаваць гэтую эканамічную залежнасьць у палітычную, і калі захоча, то якім чынам”.

Фёдар Лук’янаў, рэдактар часопісу “Россия в глобальной политике” – у перадачы «Праскі акцэнт».


“Я зразумеў, знаходзячыся ў сьледчай турме № 4, што не зьмяніўшы сябе, зьмяніць краіну папросту немагчыма”.

Артур Фінькевіч, палітвязень – пасьля свайго вызваленьня.


“Расеі аб'яднаньне зь Беларусьсю нявыгаднае, яно занадта дарагое”.

Аляксандар Рар, кіраўнік аддзелу Расеі і краінаў СНД Нямецкай Рады вонкавай палітыкі – у інтэрвію “Свабодзе”.


“Эўропа і ЗША павінны павялічыць скаардынаванасьць сваіх праграмаў дзеля таго, каб падтрымаць дэмакратыю і вяршэнства закону ў тых краінах, дзе адчуваецца іхны недахоп. Такія праграмы важныя як для Расеі, так і для Беларусі, дзе дыктатура працягвае ўжываць агульны ціск”.

Джон Маккейн, кандадат на прэзыдэнта ЗША ад Рэспубліканскай партыі, сэнатар ад Арызоны – у артыкуле ў нямецкай газэце “Suddeutsche Zeitung”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG