Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Новае дыханьне” Рыгора Васілевіча


Калі тры тыдні таму Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад пасады старшыню КС Рыгора Васілевіча, многім, у тым ліку і аўтару гэтых радкоў, здавалася, што гэта – адстаўка, адсоўваньне хаця і ня ключавога, але важнага гульца ўладнай каманды ў палітычны нябыт, рэктарам якога-небудзь ВНУ ці на нейкую юрыдычную сінэкуру. Выказваліся розныя вэрсіі, за якія правіны спадар Васілевіч быў пакараны.


Але такое меркаваньне было памылкай, і студзеньская адстаўка стала паўзай перад кар'ерным узьлётам.

Усё ж мэта і функцыі Канстытуцыйнага суду ў такой дзяржаўнай сыстэме, як цяперашняя беларуская, падобныя на пятае кола ў вазку, існаваць павінна, каб было ўсё, як у людзей, але навошта патрэбна – толькі ягоныя чальцы, відаць, і ведаюць.

Быць адным зь іх, зразумела, прэстыжна, мантыі там і ўсё такое, але па сутнасьці да прыняцьця рашэньняў, якія закранаюць сур'ёзныя інтарэсы сур'ёзных людзей, гэтая інстытуцыя мае вельмі ўскоснае дачыненьне.

Іншая справа – пракуратура. У цяперашніх умовах гэта фактычна сілавая структура, а гэта значыць, частка ядра палітычнай сыстэмы, гэта ўласна і ёсьць ўлада. Дастаткова прыгадаць, што некалькі гадоў таму гэтую пасаду займаў такі палітычны “цяжкавагавік” беларускай палітыкі, як Віктар Шэйман. Гэты факт сьведчыць пра тое, што пасада генпракурора – адна з ключавых і самых уплывовых у дзяржаве. Нават з улікам таго, што адносна цяперашняй улады цалкам дарэчнае выслоўе, што ня месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек - месца.
І вось такое высокае месца, якое дае рэальныя рычагі ўлады, займае чалавек цывільны, які ніколі не насіў пагоны, і пры гэтым прафэсійны юрыст.

Цяжка сказаць, на якое вырашэньне якіх канкрэтных справаў (у сэнсе - я ня ведаю) арыентаваў Лукашэнка Васілевіча, прызначаючы яго на пракуратуру.

Але іміджавы бок гэтага прызначэньня цалкам відавочны. Канстытуцыйны суд – сапраўды ня месца вялікіх дзяржаўных справаў. Але выдатнае месца для напрацоўкі вельмі сымпатычнага вобразу ў публікі: і на віду, і пэцкацца асабліва не даводзіцца. Зьдзяйсьненьні спадара Васілевіча ў эпоху “буры і націску” 1996 году памятаюць хіба што палітычныя старажылы, што ў 2004 годзе не супрацьстаяў рэфэрэндуму аб трэцім тэрміне, ну на тое яно і служба. Але нікога Васілевіч за краты не саджаў, ніякія газэты ці грамадзкія арганізацыі не зачыняў, і адпаведна ні ў якіх амэрыканскіх ці эўрапейскіх сьпісах неўязных не фігуруе. Што маўчаў, ну дык ня ён адзін. Што ж да таго, якія рашэньні Васілевіч усё ж прымаў, то і тут вымалёўваецца някепская карціна: скажам, прапіску і выязны штамп у пашпарце скасаваў КС менавіта пад ягоным старшыняваньнем. Праўда, у які сродак кантролю за выездам ператварылася скасаваньне штампу, добра вядома, але тут ужо, як той казаў, што ні робім, як ні канвэрсуем, усё адно АКМ атрымліваецца. І дарэчы, а прычым тут Васілевіч? Ня ён жа за мяжу кагосьці не пускаў, ён штамп адмяніў. А што, такія савецкія рэлікты, як прапіска і штамп, было трэба захоўваць?

Да таго ж на пасадзе старшыні Канстытуцыйнага суду Васілевіч быў адным зь нешматлікіх беларускіх афіцыйных юрыстаў, які шырока камунікаваў з калегамі з-за мяжы. І, наколькі мне вядома, рабіў на іх ня горшае ўражаньне, чым беларуская дзяржаўная сыстэма ў цэлым.

Гэта ўсё гаворыцца ня ў тым сэнсе, што Васілевіч – анёл з крыламі, патаемны дысідэнт і што пры ягонай пракурорскай рэінкарнацыі ў краіне ў цэлым (і ў пракуратуры, ў прыватнасьці) забуяе неабмежаваны лібэралізм. Я да таго, што Васілевіч – хіба ня самая ўдалая постаць для таго, каб ягонае прызначэньне стварыла ўражаньне магчымасьці ўсіх гэтых радасьцяў. І ў гэтым сэнсе сёньняшняе кадравае рашэньне на 100% упісваецца ў цэлую сыстэму жэстаў, пры дапамозе якіх Менск апошнім часам дэманструе гарачае жаданьне адкрыць “новую старонку” ў адносінах з Захадам, маўляў, бачыце, вязьні з турмаў выходзяць, лідэра страшна радыкальнага БНФ вайсковая газэта друкуе, наглядаць за выкананьнем закону ставім юрыста, не касталома якога-небудзь, лібэрала (у душы).

Ці атрымаецца такім чынам да чагосьці дамовіцца такім чынам з Эўропай – Бог ведае. Але і ня ў сувязі з Эўропай беларускай пракуратуры юрыдычны досьвед ну ніяк не пашкодзіць. З другога боку, ва ўлады незапэцканыя можа яшчэ і знойдуцца, а ў самога Рыгора Васілевіча ён сам такі адзіны (спрэчку пра ступень незапэцканасьці пакінем у баку). Можа, надта пэцкацца не захоча і на новай пасадзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG