Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы выдадзены беларускі “Трышчан”


Факсымільные выданьне з фотаздымкамі арыгінальных старонак і транслітарацыяй на сучасную мову зьявілася на сьвет стараньнямі былога польскага амбасадара ў Беларусі Марыюша Машкевіча і лідэра Руху "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча.


Ва ўступе да выдання Аляксандар Мілінкевіч адзначыў:

“Беларускі “Трышчан” ёсьць сьведчаннем нашых глыбокіх сувязяў з заходняй, эўрапейскай і хрысьціянскай традыцыяй. Легенда ці міт пра цара Трышчана паўстаў у VII-VIII ст. на брытанскіх выспах і расповеды пра яго больш як тысячу гадоў вандравалі па ўсёй Эўропе ў вуснай і пісьмовай формах.

Рукапіс, які зьявіўся на пераломе XVI i XVII стагоддзяў, зусім ня мусіць быць першай беларускай вэрсіяй, напэўна такіх пераказаў было больш, толькі ня ўсе яны захаваліся. Сярод іншых помнікаў і сведчаньняў нашай глыбокай эўрапейскай гісторыі ёсьць ня толькі літаратурныя творы – Біблія Скарыны, “Песьня пра Зубра” Гусоўскага, творы Сымона Полацкага і Буднага. Вялікім сьведчаньнем нашай эўрапейскай культуры зьяўляецца некалькі выданьняў і вэрсіяў Статутаў – бадай найбольш сучаснай у той частцы Эўропы дзяржаўна-прававой сыстэмы, якая давала жыхарам нашай краіны пачуцьцё стабільнага права ўласнасьці і павагі да чалавечай асобы.

Усё гэта дае нам пачуцьцё гонару і глыбокае перакананьне, што наша месца сярод народаў Эўропы, у цывілізацыі, якая стварае прастору для свабоды асобы і творчасці. Няхай наш беларускі Трышчан і шмат копіяў факсымільнага выданьня, якое мы перадамо ў беларускія дамы, будзе такім сымбалем творчай свабоды і дэмакратычных памкненьняў нашага эўрапейскага народу”.

Наклад кнігі, надрукаванай у Польшчы, ужо знаходзіцца ў Беларусі. Кніга мае цвёрдую вокладку і якасныя каляровыя фотаілюстрацыі. Выдадзены наклад будзе распаўсюджаны па бібліятэках краіны, унівэрсытэтах, паведамляе прэсавая служба Аляксандра Мілінкевіча.


Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG