Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ўвечары ў філіі Нацыянальнага музэю гісторыі і культуры Беларусі адбылася прэзэнтацыі кнігі Вольгі Гапеевай “Няголены ранак”. На вечарыне ня толькі гучалі вершы маладой паэткі і яе сяброў, але й былі паказаныя паэтычныя інсталяцыі, якімі Вольга аздобіла некалькі не адрамантаваных яшчэ памяшканьняў былога будынку шпіталю, у якім цяпер разьмешчаная філія музэю.


Таямнічыя гукі суправаджалі сёньняшнюю прэзэнтацыю кнігі Вольгі Гапеевай “Няголены ранак”. У чатырох неадрамантаваных пакоях паэтка разьвесіла і расклала адной ёй зразумелым парадкам папяровыя стужкі, кавалкі тканіны, балёнікі, свае асабістыя рэчы і расставіла старыя прайгравальнікі, зь якіх і гучала невыразная музыка. Інсталяцыі дапаўняліся аркушыкамі зь вершамі кнігі. Кожны наведнік мог у гэтай атмасфэры стварыць свой паэтычны вобраз паводле прапанаваных словаў.

Пірсінг і зялёныя валасы

Асацыятыўную гульню маладой паэткі ўхваліла крытык Ірына Шаўлякова:

“Адносіны да паэзіі Вольгі Гапеевай у мяне прыкладна такія, як да пірсінгу ці валасоў зялёнага колеру. У сілу ўзросту і камплекцыі пупа я сабе не пракалю, але, шчыра кажучы, мяне гэта не раздражняе і нават прыводзіць у пэўнае замілаваньне. Пагартаўшы “Няголены ранак”, магу вам сказаць, што там усё будзе, як у казцы. Таму, шаноўнае спадарства, падзякую Вользе за тое, што яна ўсяляк пашырае мае ўяўленьні пра разнастайнасьць і літаратуры, і сьвету, і ў пэўным сэнсе з такімі зьявамі, як пірсінг ці зялёныя валасы, і з такой літаратурай прымірае”.

Не глямур, а жывыя пачуцьці

А культуроляг і літаратуразнаўца Юрась Барысевіч абгрунтаваў творчыя экспэрымэнты спадарыні Гапеевай:

Адносіны да паэзіі Вольгі Гапеевай у мяне прыкладна такія, як да пірсінгу ці валасоў зялёнага колеру...
Гапеева почасту правакуе чытача брыдкімі ці рызыкоўнымі словазлучэньнямі, як знакамітая яе кава са спэрмаю. Але гэта трэба, каб прабіць тую шкарлупіну, вызваліць чалавека зь вязьніцы жыцьцёвага досьведу, што раіць цурацца ўсяго новага і незразумелага. Эпатажныя, шокавыя вобразы ставяць чытача перад выбарам: расплысьціся па патэльні яечняй альбо знайсьці ў сябе за сьпіною крылы і дацягнуцца імі да неба”.

Менавіта таму, – кажа спадар Барысевіч, – паэтка не прычэсвае сваіх вершаў, а пускае ў сьвет няголенымі, каб не парушыць пачуцьцяў. Адсюль і назоў кнігі, які, па словах аўтаркі, адпавядае настрою яе неглямурных вершаў:

“Я ня думаю, што гэта для мяне пэрсанальна зьяўляецца чымсьці нэгатыўным. Гэта, наадварот, такое вось штосьці не глямурнае, не прычасанае, такое, якое ёсьць – шчырае і адкрытае. Але я думаю, што гэта тычыцца ня формы альбо дасканаласьці пісьма, гэта тычыцца ўнутранага стану”.

XS
SM
MD
LG