Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Жалезьнічэнкі піша ваеннаму пракурору


Сёньня Ала Жалезьнічэнка, маці прызванага ў войска студэнта-выдатніка Зьмітра Жалезьнічэнкі, накіравала заяву ваеннаму пракурору Гомельскага гарнізону Аляксандру Данчанку. Яна патрабуе прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці службоўцаў Гомельскага ваенкамату і камандзіраў вайсковай часткі 83469 у Жлобіне, дзе служыць яе сын Зьміцер.


Паводле маці службоўцы не выконваюць пастанову судзьдзі Савецкага раёну Гомеля Юры Жорава наконт прыпыненьня выкананьня рашэньня Гомельскай гарадзкой прызыўной камісіі.

Копію заявы маці салдата даслала й галоўнаму ваеннаму пракурору Беларусі.

Ужо сём дзён Зьміцер незаконна служыць у войску”...
Паводле пастановы судзьдзі Жорава вайсковае камандаваньне павінна адпусьціць паўторна адлічанага з унівэрсытэту імя Ф. Скарыны студэнта-выдатніка Зьмітра Жалезьнічэнку дадому. Як мінімум, на той час, пакуль не завершыцца судовае разьбіральніцтва і рашэньне суду наконт правамернасьці прызыву яго ў войска не набудзе моц.

Зьміцер накіраваў таксама апэляцыю ў суд наконт свайго паўторнага адлічэньня з унівэрсытэту. Дата разгляду справы ў судзе Цэнтральнага раёну пакуль не прызначана.

Старшыня гарадзкой суполкі рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Прававая ініцыятыва” Леанід Судаленка лічыць, што зь 1 лютага, калі судзьдзя Жораў прыняў пастанову наконт прыпыненьня дзеяньня рашэньня Гомельскай гарадзкой прызыўной камісіі, Зьмітра Жалезьнічэнку беспадстаўна ўтрымліваюць у войску:

“Жалезьнічэнка цяпер знаходзіцца ў войску незаконна, таму што пастанова судзьдзі набыла моц адразу пасьля яе вынясеньня яшчэ 1 лютага. Ужо сём дзён Зьміцер незаконна служыць у войску”, -- лічыць Л.Судаленка.
XS
SM
MD
LG