Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званкі на Свабоду: “Такія дэпутаты, як цяпер, нам не патрэбныя”


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”. Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


У Менску праходзіць міжнародны кніжны кірмаш “Кнігі Беларусі 2008”. Слухач Свабоды, наведаўшы яго, дзеліцца сваімі ўражаньнямі:

Ільля Копыл, Менск: “У павільёне выдавецтва “Мастацкая літаратура” ў мяне запыталі: “Што жадаеце?” “Я б хацеў набыць кнігу Ўладзімера Арлова “Адкуль наш род,” кнігі вершаў Ларысы Геніюш, Натальлі Арсеньневай”. У адказ пачуў, што выдавецтва такія кнігі не выдавала. Параілі мне набыць кнігу Чаргінца, сказалі: “Навінка”. Я сказаў, што ў мяне былі кнігі Чаргінца, але я іх выкінуў у кантэйнер для сьмецьця. Потым я падышоў да павільёна горада Віцебска. Кнігі для дзяцей. Запыталіся: “Чего желаете?” “Што-небудзь на нашай мове”. “Здесь всё на нашай мове”. Я запярэчыў: “У вас жа ўсё па-расейску”. “А вы хотите на белорусской? Сочувствуем”. Вось такая рэчаіснасьць. Дзякуй за ўвагу”.

Наступнае выказваньне — на тэму выбараў у палату Прадстаўнікоў, якія павінны адбыцца ў Беларусі сёлета.

Спадарыня: “Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына сказала наступнае: “Калі фальсыфікацыя выбараў адбудзецца на самой справе, то на вуліцы выйдуць падманутыя выбарнікі, таму што пабачаць, што іх выбар не супадае з аб’яўленымі вынікамі”. У мяне ўзьнікае шэраг пытаньняў: як мы пазнаем, што нас не падманулі, калі пры падліку галасоў назіральнікі сядзяць на адлегласьці 15 мэтраў? А паміж назіральнікамі і тымі, хто падлічвае галасы, стаяць два-тры міліцыянты. Што можна пабачыць з такой адлегласьці? Нічога.

Пры фармаваньні выбарчых камісіяў дэмакратычныя партыі таксама вылучаюць сваіх людзей. Але яны чамусьці не трапляюць у гэтыя самыя камісіі. Вы, Лідзія Міхайлаўна, на пытаньне, чаму так адбываецца, адказалі: “Выбарчыя камісіі фармуе мясцовая ўлада”. Вось адсюль і пачынаецца тая самая фальсыфікацыя. Падбіраюцца свае людзі, якія пры любым раскладзе самі “прагаласуюць” за тых кандыдатаў, на якіх паказалі зьверху. Навошта галасаваць пяць дзён у нашай кампактнай Беларусі?! Паўсюль галасуюць і выбіраюць ня толькі дэпутатаў, а і прэзыдэнтаў за дзень. Чаму ў нас на выбарчых участках скрынкі для бюлетэняў яшчэ са сталінскіх часоў, а не празрыстыя? Таксама для фальсыфікацыі?

У нашым жылым квартале вельмі шмат пэнсіянэраў. Мы зьбіраемся і “калякаем” пра жыцьцё. І вось мы прыйшлі да высновы, што такія дэпутаты, як цяперашняе скліканьне, нам не патрэбныя.На выбары, а тым больш на вуліцу, мы наагул ня пойдзем. Лідзія Міхайлаўна, за Вашу сумленнасьць Вас занесьлі ў “чорныя сьпісы” неўязных у дэмакратычныя краіны?”.

Далей слухач задае пытаньне:

Спадар: “Мы называемся прававой дзяржавай. Якая ж мы прававая дзяржава? Якія правы мы маем? Мы маем права толькі на холад, на голад і на сьмерць. Бальшавікі ёсьць бальшавікамі, як быў 37 год, так і застаўся. Яны хочуць, каб людзі былі цёмныя, недасьведчаныя і імі лёгка было кіраваць. Да якой пары гэта будзе адбывацца, скажыце, калі ласка?”

Адказвае палітоляг і юрыст Юры Чавусаў:

“Па-першае, я б устрымаўся ад таго, каб навешваць ярлыкі — хто вінаваты ў тым, што Беларусь не зьяўляецца прававой дзяржавай. Ці гэта бальшавікі, ці масоны, ці расейцы – ня трэба шукаць простых адказаў. Што тычыцца дзейнасьці заканадаўства ў Беларусі, то многія грамадзяне сутыкаюцца з тым, што ў законе пэўнае права запісанае, але скарыстацца ім немагчыма. І характарыстыка Беларусі як прававой дзяржавы — на жаль, гэта толькі фраза ў Канстытуцыі. Насамрэч Беларусь -- не прававая дзяржава. І так будзе доўжыцца да тае пары, пакуль у Беларусі ня будзе так, што закон перадусім і закон адзін для ўсіх”.

Працягваем праграму выказваньнямі слухачоў на розныя іншыя тэмы:

Анастас Семяновіч: “Шаноўнае спадарства Радыё Свабода, добры вечар! Шаноўны спадар Станіслаў Багданкевіч, вы ўчора выступалі на “Белсаце”. Я вельмі ганаруся вашым выступам і вашымі адказамі. Дзякуючы вам, захавалі Рэспубліку Беларусь. Таварыш Вячаслаў Кебіч і яго памагатыя былі гатовыя за 5 капеек прадаць Беларусь. Дзякуй вам, Станіслаў Багданкевіч, што вы не далі сваёй згоды бальшавікам: Кебічу і яго памагатым. Па адным пытаньні я з вамі ня згодны. Яно тычыцца Зянона Пазьняка і Сяргея Навумчыка. Вы супраць таго, што яны зьехалі за мяжу. Іншага шляху ў іх не было. Калі б яны засталіся ў Беларусі, то вынік быў такі ж, як у Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Красоўскага і Завадзкага. Каму ад гэтага лепш? Жыве родная Беларусь!”

Спадарыня: “Паважаная “Свабода”! Сёньня дачакалася добрага прыёму пасьля 11 і пазьней, каб яшчэ раз паслухаць вандроўку Зьмітра Бартосіка ў Беразінскае, гутарку беларускіх мужыкоў, як сказаў Зьміцер, “пра палітыку”. Ну, гэта проста супэр! Я сур’ёзна! І пра транзыт супэр з 4-гадзінным працоўным днём. Толькі беларускі характар – гэта мешаніна прыстойнасьці шляхетнай, бясконцай цярплівасьці, розуму і нейкай пакоры лёсу. І ўсё ж рана ці позна на плошчу беларусам прыйдзецца выйсьці. Усяго найлепшага ў працы. Дзякуй”.

Спадар: “Я падтрымліваю Ніну Ярмалінскую з Салігорску ў тым, што трэба перанесьці гэтае сьвята, Дзень Волі, на 23 сакавіка. Якраз будзе каталіцкі Вялікдзень. Таму што потым людзі могуць не прыехаць з далёкіх раёнаў. А я таксама жыву ня ў Менску. Побач, па суседзтву зь Нінай Ярмалінскай. Я таксама паеду на Дзень Волі, як летась. Толькі трэба маліцца Богу, каб быў такі ж дзень сьветлы, як летась на 25 сакавіка. Жыве Беларусь!”
XS
SM
MD
LG