Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Створаны грамадзкі камітэт абароны віцебскага актывіста С.Парсюкевіча


Пра стварэньне грамадзкага камітэту незалежным журналістам паведаміў мясцовы актывіст Хрыстафор Жаляпаў, cклікаўшы з гэтай нагоды прэсавую канфэрэнцыю.


Спадар Жаляпаў нагадаў, што Сяргей Парсюкевіч напісаў заяву ў пракуратуру Маскоўскага раёну Менску пра інцыдэнт, які адбыўся ў турме на Акрэсьціна падчас ягонага арышту. За ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня Сяргей Парсюкевіч адседзеў там 15 сутак.

У заяве спадара Парсюкевіча гаворыцца, што 21 студзеня, на восьмыя суткі арышту, яго зьбіў адзін з супрацоўнікаў, абвінаваціўшы потым у нападзе самога ж арыштаванага.

Па сканчэньні тэрміну арышту, 28 студзеня, грамадзкага актывіста накіравалі на судова-мэдычную экспэртызу, якая засьведчыла сьляды цялесных пашкоджаньняў, і папярэдзілі наконт магчымай крымінальнай адказнасьці за напад на міліцыянта. У такім выпадку яму можа пагражаць да шасьці гадоў зьняволеньня.

Актывіст руху “За Свабоду!”, які цяпер ствараецца, спадар Парсюкевіч лічыць інцыдэнт са зьбіцьцём правакацыяй. Гэтую думку падзяляюць і ягоныя віцебскія аднадумцы, якія стварылі грамадзкі камітэт.

Чальцы камітэту плянуюць напісаць ліст пра падзеі з Сяргеем Парсюкевічам у Генэральную пракуратуру, зьвярнуцца па падтрымку да ўсіх віцебскіх прадпрымальнікаў і грамадзкасьці горада.
XS
SM
MD
LG