Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”. Эфір 29 студзеня


Пра трагічныя здарэньні, што адбыліся летам ды восеньню мінулага года ў вёсцы Маціёва, на Талачыншчыне, сёньня ня ведаюць ды не тлумачаць іх па-свойму хіба што немаўляты. Кіроўцы — сам бачыў — змрачнеюць, калі праяжджаюць побач з крыжамі паабапал дарогі ды помніка з кветкамі на месцы, дзе ўсё адбылося. А вось як апісаў мне свае ўражаньні ад вандровак у Маціёва мой калега — незалежны талачынскі журналіст Сяржук Несьцярук.

Несьцярук: “Вёска пры дарозе, і ў мяне чамусьці адразу паўсталі асацыяцыі са “Знакам бяды” Васіля Быкава. Там засьценак знаходзіўся ў месцы, дзе ўсе ідуць і ўсе яго чапляюць. І ля гэтай вёскі брацкая магіла, там шмат людзей у вайну пастралялі. Няшчаснае, гібельнае месца — вось і шэраг забойстваў, што адбыліся нядаўна, і апошняе, самае жахлівае, калі загінулі пяць чалавек, а, мабыць, кагосьці і забілі. Цяпер там чуткі ходзяць, назіраюцца містычныя зьявы. Гэты фотаздымак гуляе па ўсіх мабільных тэлефонах на Талачыншчыне. Нейкі хлопец стаіць на фоне дрэў, над ім жахлівая галава і ззаду прывід чалавека. Не ўдалося высьветліць, хто рабіў фотаздымак. Не спэцыяліст у фоташопе, але, здаецца, нешта падмаляванае, падмантаванае”.

Містычныя аповеды пра безгаловае цела зьявіліся пасьля няшчаснага здарэньня. У той дзень, як паказала сьледзтва, 25-гадовы трактарыст Дзьмітры Салаўёў ехаў у машыне яшчэ з трыма пасажырамі п’яны і зьбіў дзьвюх маладых дзяўчат і хлопца. І трое пешаходаў, і сам Салаўёў загінулі. Тым ня менш родныя лічаць, што ўсё адбывалася інакш, і справа была не да канца дасьледаваная. Даведаўшыся пра прыезд карэспандэнта “Свабоды”, бабуля Дзьмітрыя, Зоя Барысаўна, знайшла мяне сама.


Бабуля: “Няправільнае сьледзтва! Куля патрапіла альбо празь яго магла пераехаць машына, што ўсё пераламана. Альбо яго забілі на працы і прывезьлі хаваць у лес, альбо там забілі. Бо гэтыя ўтрох у машыне жывыя. Чаму яны машыну сталі біць, калі была не пабітая?! Я ў дзіцячым садку яго гадавала. А цяпер каго пахавала, ня ведаю — ні галавы, ні ног у яго не было…”

Вэрсія сваякоў — міліцыя пакрывае нейкага таямнічага “чацьвертага”, які быў у машыне. Аднак сьледзтва прызнала вінаватым кіроўцу, і справу ўжо здалі ў архіў. Што ж да бацькоў Куляшовых, якія таксама прыйшлі падзяліцца сваім невымерным горам, усё, як яны лічаць, навідавоку. Цьвердзіць Таісія Ўладзіміраўна, маці 20-гадовага Жэні Куляшова — ахвяры яшчэ аднаго здарэньня. Хлопец на той час вярнуўся з войска…

Куляшова: “Ён з хлопцам з суседняга дома пайшоў на дыскатэку. Патэлефанавала а палове дзесятай — чую, выпіў. І рэзка перарвалася размова — нібыта хтосьці падышоў і аглушыў. А палове чацьвёртай прачнулася — Жэні няма і слухаўку ніхто не здымае. Суседа Ігара распытала — там была вялікая бойка. Стала хадзіць па кватэрах і адчувала — усе алібі сябе рабілі. Званю ў міліцыю. Адзін раз прыехалі, апыталі, і на гэтым усё. Тры месяцы ў радыюсе 20 км шукалі. Яго знайшлі на фэрме. Той гной ляжаў 10 год. Яго туды завезьлі і закапалі. Пераносьсе расьсечанае і фінгалы, рэчы парваныя. Запісалі — “пераахаладжэньне”...”

Чаму адна за адной тут здараюцца трагедыі? Для “Свабоды” сытуацыю камэнтуе спадар Белы. Ён 6 год працаваў намесьнікам начальніка талачынскай міліцыі. Дарэчы, сябра ПКБ.

Белы: “Хоць гэтае паселішча каля горада, траса ля яго, якая была асноўнай, стала другаснай. Супрацоўнікі міліцыі, ДАІ раней былі тут часьцей. З абодвух бакоў альтанкі — прыстанішча, дзе сядзяць, п’юць. Якімі яны разьяжджаюцца ды разыходзяцца. А зьбітыя хлопцы пілі на адной зь іх. І зрабіўся клубок злачыннасьці. Супрацоўнікі міліцыі павінны зрабіць аналіз...”

Што ж, час ушчыльную павандраваць па Маціёву, паслухаць, чым жывуць больш за паўтары сотні насельнікаў. Адзіная тут крама — звычайна найбольш ажыўленае месца — пустая. Гутару з загадчыцай — спадарыняй Ларысай Рыдко.

Ларыса: “Пакупнікоў у дзень 120—130. Таваразварот 800—900 тысяч. Хлеба прывезьлі — бачыце, ляжыць. Віно, канечне, асабліва бяруць...”

Супрацоўніца Талачынскага вінзаводу, што завітала да сяброўкі, паінфармавала — штодзень у раёне, дзе пражываюць 30 тысяч чалавек, прадаюць больш за 20 тысяч бутэлек так званага “чарніла”. Мне ж раяць завітаць на пошту, загадчыца якой — дэпутат сельсавета. Ларысу Леанідаўну Апіок абралі тры гады таму. З гонарам яна паказвае нядаўна “выбіты” ў начальства кампутар. І тут жа тэлефануе “наверх” па дазвол на размову.

Апіок: “Трэба кіраўніцтва паставіць у вядомасьць — пачакайце!”

Далейшыя адказы суразмоўніцы былі ўзаемавыключальныя.

Карэспандэнт: “Звароты да вас бываюць?”

Апіок: “З вадой праблема — калёнка працякае. Дарога дрэнная. Іншых пытаньняў не ўзьнікае. У нас маладое пакаленьне застаецца...”

Карэспандэнт: “А чаму столькі кінутых хат?”

Апіок: “Людзі паміраюць, а дзеці з гораду ня хочуць ехаць...”

Карэспандэнт: “Хто інтарэсы вашай вёскі прадстаўляе ў райсавеце?”

Апіок: “Ой, вы мяне напужалі...”

Пытаюся пры канцы: на якую ж інфармацыю вы прасілі дазвол?! У адказ — зьдзіўленае маўчаньне.

Побач, за сотню мэтраў, — бібліятэка, дзе гаспадарыць Тацьцяна Васільеўна Башкірава, жонка мясцовага старэйшыны. Яна адзіная ведае немудрагелістую легенду пра паходжаньне назвы паселішча.

Башкірава: “Пасялілася маці з сынам, і дачка ў яе Ева была. Ну і засталося — Маці зь Евай. Раней засьценкі былі, зьядналіся...”

Спадарыня Башкірава, па завядзёнцы, спрабуе зрабіць справаздачу “таварышу з цэнтра”.

Башкірава: “У бібліятэцы наведнікаў 270, у дзень па 5 чалавек прыходзіць. У мяне платныя паслугі 160 тысяч — зрабіла 180...”

Карэспандэнт: “А ці можна ў вёсцы, якая лічыцца слабой, ня піць і чым займацца?”

Башкірава: “Чаму ня жыць? Заробкі даюць — даяркі, відаць, тысяч 500 атрымліваюць. Чаму людзі запіваюць? Гэты ген перадаецца — дзеці глядзяць на бацькоў...”

Яршова: “А на ўлік ставяць, калі патрапляюць у бальніцу ці міліцыю...”

Гэта далучылася фэльчарка, спадарыня Яршова, якую Башкірава запрасіла на сустрэчу. Людміла Ўладзіміраўна своеасабліва не пагаджаецца з азначэньнем “паміраючая вёска”.

Яршова: “У гэтым годзе чалавек 10 памерла. Я б не сказала, што зусім вымірае...”

Яшчэ адна госьця — старажылка, 79-гадовая Кацярына Хведараўна Мікулініч. Нарадзілася ў Маціёве, 33 гады працавала ў сельсавеце. Дарэчы, цяпер вёска ўваходзіць у склад СВК “Талачынская навінка”, і сельсавету ў ёй няма. Спадарыня Мікулініч атрымлівае добрую, як на тутэйшыя меркі, пэнсію. Яе параўнаньні — з пасьляваенным мінулым.

Мікулініч: “Зерневыя чысьціш, а тады ідзеш, зерне ў кулачок заціскаеш і блінец сьпячэш. Ня бачылі кавалка хлеба!”

Карэспандэнт: “Што такое Савецкая ўлада — разумелі?”

Мікулініч: “Я заўжды ведала, што яе трэба шанаваць. Ніхто супраць не гаварыў, бо жылі, як выходзіла...”

І гэта было адзінае палітычнае выказваньне ад мясцовых за ўсю вандроўку. Аднак суразмоўніца раптам зьмяніла інтанацыю.

Мікулініч: “У нас далей рухаецца вёска. Ёсьць некалькі алькаголікаў, дык адзінкі...”

Карэспандэнт: “У вашым узросьце сорамна хлусіць...”

Мікулініч: “Ну, усяк бывае. Няма ім грошай — красьці трэба ісьці...”

Тым часам рушу да адзінай тут фэрмы на 100 зь нечым кароў. Перад адыходам чую, як спадарыня Башкірава накручвае тэлефон, каб папярэдзіць загадчыцу. Але той на месцы не аказваецца. Відаць, яно і на лепшае — людзі гавораць адкрыта. Пагатоў нядаўна выплацілі нейкія грошы.

Спадар: “Канечне, жыць весела!..”

Знаёмлюся з 40-гадовым даглядчыкам жывёлы Сяргеем Кучмінскім.

Кучмінскі: “Квіткі разьліковыя не выдаюць, бо могуць 40% ці 60% даць. Могуць масла, сыру ўплішчыць. А потым, пасярод месяца, рэшту грашыма. Дзесьці выходзіць 300 з капейкамі...”

Карэспандэнт: “А сказалі, 500 тысяч зарабляеце...”

Кучмінскі: (сьмяецца ) “Не сьмяшыце мяне. Нікога не хвалюе — дождж, сьнег, маразы ці слота — нікуды з поля не сыходзіш. У нас даглядчыкі праз пару гадоў на пэнсіі паўміралі ўсе. Гумка дае на ногі. У хляве горача, там марозна — пераменка ідзе...”

24-гадовая даярка Юля Салаўёва месяц як выйшла з дэкрэтнага адпачынку.

Юля: “Атрымлівала 168 рублёў. 300—350 выходзіць...”

Юля ўзрываецца, калі гамана заходзіць пра вясковую кіраўнічую эліту ды праславутыя паўмільённыя заробкі.

Юля: “Хай яны самі а палове чацьвёртай устануць, як мы падымаемся. І дзень на нагах у брудзе!”


Карэспандэнт: “Дык моладзь засталася ў Маціёве?”

Юля: “Няма ніякай! Паўцякала. Маціёва — паміраючая вёска. У гэтым годзе шмат памерла. Во дзяцей пазабівалі...”

Усё-ткі ў мінулым годзе было на Юлінай вуліцы сьвята: купілі дом.

Юля: “500 тысяч нашымі аддалі за хату. Бабка на вёсцы прадавала. Падлогу і ўсё самі рабілі...”

65-гадовую пэнсіянэрку спадарыню Марыю я сустрэў, калі тая вярталася з працы. Кажа, што вымушаная працаваць вартаўніцай за 200 тысяч у месяц.

Спадарыня: “Трэба з 8 да 12 памыць падлогу, лядоўню. Каровы з прагулкі — пачысьціць і памыць перад прыходам даярак...”

Ізноў меркаваньне журналіста Сержука Несьцерука.

Несьцярук: “У гэтай вёсцы эліта ў параўнаньні зь іншымі нешта мае — пасаду, зарплату. І зацікаўленая ў тым, каб і надалей займаць стабільнае становішча. І нібыта ня бачыць сапраўднага становішча людзей, якімі кіруе, альбо ня хоча бачыць. Вось кажуць, што людзі зарабляюць па паўмільёна — тое, што трэба казаць. А вось што тычыцца гэтай масы, іх уласнае становішча не цікавіць: адзіны інтарэс, мэта — выпіць. І вось так памірае Маціёва...”

Тым часам на ўскраіне Маціёва, непадалёк ад шашы, вырас гарадок з катэджаў, якія збудавалі для сябе заможныя талачынцы. Мясцовыя кажуць, што ён паўстаў менавіта ў гэтым месцы невыпадкова. Цераз дарогу — колішні лягер адпачынку “Ніва”. Кажа 70-гадовая спадарыня Зінаіда Сьцяпанава.

Сьцяпанава: “У спартлягеры “Ніва” ўсё начальства талачынскае балі спраўляе, адзін аднаго пакрываюць. Казалі, і коней нелегальна прадаюць. Адкуль бы такое багацьце — дзецям імпартныя машыны купляць?!”

Але хутчэй за ўсё, дзякуючы катэджнаму гарадку і будзе выжываць Маціёва — лецішчы трэба вартаваць, абслугоўваць. Я заходжу ў прыземленую, перакошаную хаціну непадалёк. Побач зь ёй забітае дошкамі, з абваленым дахам, гумно. Быў нават зьдзіўлены, калі ўсярэдзіне хаты ўбачыў: працуе тэлевізар, стаіць даволі прыстойная шафа. 47-гадовы гаспадар Зьміцер Салаўёў напачатку са скрухай ківае галавой.

Салаўёў: “Дзьве сьвіньні было, дзьве каровы. Індакачка ёсьць. Гумно разбурылася, а зрабіць — капейку трэба. А заробак 254 рублі...”

Пытаюся, што прынясе 2008 год?

Салаўёў: “На выжываньні вёска. Але катэджы пабудавалі, моладзь хаты купляе. Не памрэ, павінна выжыць Маціёва...”
XS
SM
MD
LG