Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Суслаў будзе зацьвярджаць праграмы “Голасу Амэрыкі””


Вось як выглядаў дзень 8 лютага розных гадоў у публікацыях беларускай прэсы.


“Савецкая Беларусь” у 1928 годзе друкуе пастанову Менгарсавету “Аб парадку адчыненьня, арганізацыі і ўтрыманьня рэстаранаў, сталовых, кафэйных, буфэтаў, піўных”: “Памяшканьні для адзначаных устаноў павінны быць сьветлыя, мець добрыя сьветлыя хады, як парадны, так і чорны, ізаляваны ад жыльля і мець добрае праветрываньне як у пакоях, так і ў кухні. У гэтых памяшканьнях павінны быць пастаўлены ў патрэбнай колькасьці плявацельніцы з вадой на падстаўцы вышынёй ня менш 0,55 м.”.

“Бацькаўшчына” ў 1948 годзе паведамляе: “30-га студзеня ў Нью-Дэлі застрэлены ведамы індускі змагар і філёзаф Магатма Ганды... Забойцу Ганды 36 год, ён завецца Год. Паміраючы, Ганды заклікаў паліцыю не абыходзіцца сувора з забойцам. Забойства Ганды ўразіла Індыю, як цяжкі ўдар. Гэта больш, як нацыянальная трагедыя. Для 200 мільёнаў індусаў гэта — забойства бога... Пры ўдзеле вялікай масы людзей адбылося пахаваньне Ганды паводля ўсіх індускіх абрадаў. На мядзянай урне зь ягоным попелам напісанае слова “Рам” (бог)”.

І яшчэ раз “Бацькаўшчына”, гэтым разам за 1958 год. Газэта піша: “Урэшце пасьля доўгіх перамоваў у Вашынгтоне было падпісанае пагадненьне ЗША і СССР адносна культурных сувязяў. І тут ёсьць пікантэрыя. У камунікаце ёсьць пункт, дзе сказана: аб зьмесьце амэрыканскіх радыя перадачаў будуць загадзя паведамляцца савецкія дзейнікі, і наадварот. Выглядае, што Суслаў будзе зацьвярджаць праграмы “Голасу Амэрыкі” й іншых радыёстанцыяў. Можна сабе ўявіць, якая паўстане мітусьня...”


XS
SM
MD
LG