Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле інфармацыі Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, зацікаўленыя дзяржаўныя ведамствы ўзгаднілі правядзеньне работ для зносу былога будынку Нацыянальнай бібліятэкі. Да пераезду ў мікрараён Усход бібліятэка знаходзілася акурат насупраць будынку Адміністрацыі прэзыдэнта. На фоне ўжо афіцыйна абвешчанага зносу шэрагу дамоў па вуліцы Карла Маркса, гатэлю “Беларусь” і рэшткаў прыватных забудоваў, экспэрты не выключаюць руйнаваньня афіцыйна зарэгістраванага “помніка архітэктуры канструктывізму” пачатку 1930-х гадоў.


Падчас нядаўняга выязнога паседжаньня Аляксандра Лукашэнкі з удзелам сталічных горадабудаўнікоў былі абвешчаныя пляны перабудовы Менску. Дзеля гэтага давядзецца ахвяраваць шэрагам будынкаў, якія не ўкладаюцца ў архітэктурную канцэпцыю “гораду будучыні”.

Меркаванае пераабсталяваньне вуліцы Карла Маркса ў пешую зону ўжо выклікала хвалю пратэстаў жыхароў дамоў, якія мусяць пераехаць на ўскраіны, бо на месцах даваеннай забудовы разьмесьцяцца фантаны ды паркінгі.

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч кажа, што першым пад знос можа трапіць былы будынак Нацыянальнай бібліятэкі – праца архітэктара Лаўрова, датаваная 1931 годам. Спачатку вяліся размовы, што сюды з Дому ўраду пераедзе прэзыдэнцкая бібліятэка:

“Ёсьць інфармацыя па маіх каналах зь “Менскпраекту”, што гэта сапраўды так. Ігар Чарняўскі [намесьнік кіраўніка дэпартамэнту аховы гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры – РС] пакуль па тэлефоне нічога не гаворыць. Але я мяркую зь ім сустрэцца ў нефармальных абставінах заўтра, і, можа, як “раскалю”. Калі не – я ў іх канцылярыі рэгіструю ўжо падрыхтаваны ліст, каб яны мне далі афіцыйны адказ”.

Гарвыканакам: "Ніякіх распараджэньняў не было"

Ні спадар Чарняўскі, ні прадстаўнікі згаданага Антонам Астаповічам “Менскпраекту” выключэньня для Радыё Свабода не зрабілі і інфармацыі пра меркаваны знос бібліятэчнага будынку абмяркоўваць ня сталі. А вось ва ўпраўленьні гістарычна-культурнай спадчыны Менскага гарвыканкаму, пад патранажам якога фармальна знаходзіцца былы будынак бібліятэкі, сьцьвярджаюць, што ніякага руйнаваньня не плянуецца:

“Рэч у тым, што будынак бібліятэкі зьяўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасьцю, ён унесены ў дзяржаўны сьпіс. Таму ніхто ніякіх распараджэньняў, дзеяньняў у гэтым кірунку не ініцыяваў. Прынамсі, так сказаў намесьнік начальніка нашага ўпраўленьня. Я ў яго толькі што гэта праверыла. То бок ніякай іншай інфармацыі ў нас няма”.

Антон Астаповіч кажа, што знаходжаньне архітэктурнага помніка ў ахоўным сьпісе насамрэч ні пра што ня сьведчыць:

“У нас яны вельмі проста могуць вывесьці аб’ект за гэтыя рамкі. Ёсьць жа прэцэдэнт з двума рэчыцкімі будынкамі, якія перад “Дажынкамі” вывелі са сьпісу і зруйнавалі. Бо вывесьці – тэхнічна вельмі проста. Навукова-мэтадычная рада прымае рашэньне, Саўмін робіць адпаведную пастанову на падставе пратаколу навукова-мэтадычнай рады. Усё! У нас гэта вельмі проста па нашым заканадаўстве адбываецца. А той жа Ігар Чарняўскі можа даць любое абгрунтаваньне”.

"Усё было папросту павалена"


Архітэктар Уладзімер Папруга працаваў галоўным дзяржаўным інспэктарам гістарычна-культурнай спадчыны Менгарвыканкаму. Парушэньні ў гэтай галіне, на яго перакананьне, набылі проста паталягічны характар:

“Уся нарматыўна-прававая база ў дачыненьні ня толькі да аб’ектаў гістарычна-культурнай спадчыны, але нават звычайныя горадабудаўнічыя нормы – гэта ўсё было папросту павалена. Таксама і як і закон “Аб архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасьці”, што практычна складае базу для дзейнасьці”.

Карэспандэнт: “То бок разглядаецца нейкая канкрэтная прапанова, калі яна ўхваляецца, то й рэалізуецца? Комплекснага падыходу няма?”

“Увесь камізм сытуацыі ў тым, што калі б урэшце з гістарычна-культурнай каштоўнасьцю пачалі абыходзіцца менавіта як з гістарычна-культурнай каштоўнасьцю, то бонусаў для ўсіх, у тым ліку й для інвэстараў, было б нашмат болей, чым пры тых падыходах, якія ў нас сёньня. Таму што сёньня так званае асваеньне гістарычна-культурнай спадчыны ідзе абсалютна хаатычна, ідзе абсалютна бессыстэмна. Няма ні тактыкі, ні стратэгіі, як я ўжо сказаў”.

7 лютага Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры накіравала адкрыты ліст старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю Зянону Ломацю. У ім згадваецца, што 31 ліпеня 2007 году ў ведамства быў накіраваны ліст, у якім аб’яднаньне паведамляла пра неадпаведнасьць міжнароднай мэтадалягічнай базе работ, якія праводзяцца на тэрыторыі гістарычнага цэнтру Менску. Вынікам стаў пачатак дыялёгу паміж грамадзкасьцю і ўладай, а асновай дыялёгу – альтэрнатыўны праект аднаўленьня цэнтру, распрацаваны Ўладзімерам Папругам. Аднак пазьнейшыя падзеі, а таксама страты частак праекту як у Менгарвыканкаме, так і ў падначаленых яму структурах, паказваюць, паводле сяброў згаданага таварыства, на "нежаданьне гарвыканкаму і Міністэрства культуры працягваць дыялёг і выконваць комплекс работ на гістарычна-культурных каштоўнасьцях у адпаведнасьці з нарматыўна-прававой базай”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG