Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Агляд сеціва


Наведнікі форумаў на партале tut.by абмяркоўваюць выказваньне міністра інфармацыі Ўладзімера Русакевіча пра тое, што ў Беларусі абавязкова будзе прыняты закон аб інтэрнэце.

Карыстальнік Выхода Нет, пераказваючы словы чыноўніка, спрабуе ўдакладніць: “Усе дзяржавы займаюцца праблемай рэгуляваньня дзейнасьці інтэрнэт-СМІ. Гэта пра Кітай?”

nelson_by: “Добрую пугу вам трэба, спадар Русакевіч, і наперад...”

Тутахламон: “Сапраўды, цяпер будзем пампаваць з нэту 75% беларускай інфармацыі”.

Sargon0306: “Такое адчуваньне, што сядзяць там ня надта разумныя людзі... Таму што прыняцьце такога закону прывядзе да таго, што й так кволенькі байнэт канчаткова накрыецца медным тазам... А калі беларусы пяройдуць на зьнешнія рэсурсы, дык гэта й ёсьць вымываньне валюты з краіны”.

На сайце відэаканалу belarus-live сёньня выкладзены фрагмэнт дакумэнтальнага фільму, прысьвечанага Менску ў 1952 годзе. Апрача гэтага, сайт дае магчымасьць пабачыць ролікі з выступленьнямі гуртоў “N.R.M.”, “Стары Ольса”, “Чырвоным па белым”, “Крама”, “Безь білета”, “Ляпис Трубецкой”, этна-трыё “Троіца”, Зьмітра Вайцюшкевіча.

У суполцы “Жывога журналу” minsk_by prohvessor78 напісаў: “У Менску канчаткова зносяць кіёскі: піва і цыгарэты давядзецца купляць гуртам у гіпэрах ці на рынку. У Кастрычніцкім раёне ўжо нават плян зносу распрацаваны”.

Допіс выклікаў мноства камэнтароў.

alex_lazovsky: “Мне прасьцей шакаладку, пачак пячэньня на працу (ці бляшанку піва пасьля) набыць у ларку, чым рабіць крук да крамы і там яшчэ ў чарзе стаяць”.

shrek3: “Навошта наагул патрэбныя гэтыя кіёскі? Суцэльная антысанітарыя, якая на руку толькі недабітым індывідуальшчыкам. У крамах усё смачней і якасьней, тым больш па куды больш выгадных цэнах. Малайчына, бацька!”

2pilka: “Летам ні табе піва халоднага, ні шакалядкі няплаўленай, дый хрэн яго ведае, дзе яны тое піва бяруць, заўсёды 4-5 месячнай даўнасьці”.

head_of_babulka: “Чакаем масавых выступленьняў кіяскёраў з апазыцыяй на плошчы Незалежнасьці”.

julcik: “З аднаго боку, я рада, што ня будзе кіёскаў: мне будзе прасьцей жыць, бо нічога добрага там не прадаюць, а сын увесь час просіць набыць хоць што-небудзь. Але нешта мне падказвае, што сьвятое месца пустым не бывае і прыйдуць іншыя “эстэтычныя” кіёскі, дзе будзе прадавацца тое ж г... (я не пра піва, а пра ўсё іншае)”.

Блог Горадні s13.ru дае магчымасьць зрабіць падрабязную, з фотаздымкамі, экскурсію на вежу Фарнага касьцёлу і пабачыць, як выглядае галоўны гарадзкі гадзіньнік. Аўтар допісу Tellen_Gwad адзначае:

“Доўгі час лічылася, што ён зроблены ў XVII стагодзьдзі, але ня так даўно падчас дакладнага вывучэньня гісторыкі выявілі, што гарадзкі гадзіньнік у Горадні куды старэйшы за гадзіньнік у Празе, які раней лічылі найстарэйшым. Мэханізм гадзіньніка выраблены ў канцы XV стагодзьдзя. Гадзіньнік у Горадні павінен заняць месца ў Кнізе рэкордаў Гінэса як самы стары дзейны гадзіньнік у Эўропе”.

Сайт найцікавейшых навінаў з усяго сьвету susvet.info папярэджвае:

“Як паведаміла кампанія-вытворца антывірусных праграмаў Eset, карыстальнікі інтэрнэту ўжо пасьпелі падхапіць новую вэрсію кампутарнага чарвяка Nuwar, які маскуецца пад тэматыку сьвята сьвятога Валянціна. Летась чарвяк актыўна прыцягваў увагу навіною, што Садам Хусэйн жывы”.
XS
SM
MD
LG