Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Рар: “Кіраўнік беларускага МЗС сустрэнецца з кіраўніцтвам Нямеччыны”


Чаму на фоне паляпшэньня адносінаў з Расеяй афіцыйны Менск робіць крокі насустрач Эўропе? У якой ступені гэта абумоўлена пэрспэктывай расейскіх выбараў? У якой ступені Расея імкнецца да палітычнага паглынаньня Беларусі? На гэтыя патаньні адказвае кіраўнік аддзелу Расеі і краінаў СНД Нямецкай Рады вонкавай палітыкі Аляксандар Рар.


Дракахруст: "Чым можна патлумачыць новыя спробы Менску наладзіць дыялёг з Захадам, з Эўропай: тут варта прыгадаць нечаканую сустрэчу з нямецкім паслом, вызваленьне Зьміцера Дашкевіча і Артура Фінькевіча, якіх Захад лічыць палітзьняволенымі і на вызваленьні якіх увесь час настойваў. Чаму гэта адбываецца?
Пасьля сьнежаньскай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна здавалася, што паміж Менскам і Масквой наступіў новы "мядовы месяц", цана на газ узьнялася нязначна, быў дадзены доўгачаканы велізарны крэдыт і паабяцаны яшчэ большы. Здавалася, што праект паляпшэньня адносінаў з Эўропай страціў для Менску ўсялякую цікаваць. Але менавіта зараз Беларусь робіць крокі насустрач, на якія не ішла ўвесь мінулых год палітычных заляцаньняў. Чаму?"
У самім беларускім кіраўніцтве ёсьць два лягеры: адзін імкнецца зблізіць краіну з Расеяй, іншы хоча наладзіць адносіны з Эўразьвязам

Рар: "Я мяркую, што ўжо год таму кіраўніцтвам Беларусі, прэзыдэнтам Лукашэнкам было прынятае рашэньне дыверсіфікаваць зьнешнюю палітыку Беларусі. Беларусь паводле Лукашэнкі хоча ляцець на двух крылах - эўрапейскім і расейскім. Натуральна, што ў эўрапейскім кірунку ёсьць шмат нявырашаных пытаньняў і праблем. Эўразьвяз ня хоча збліжацца з Беларусьсю, пакуль Лукашэнка стаіць на чале аўтарытарнага рэжыму. У той жа час Лукашэнка разумее, што калі ў далейшым ён цалкам будзе залежыць ад Расеі , ад расейскай эканомікі, то гэта будзе аслабляць ягонае становішча. Таму, мне здаецца, у самім беларускім кіраўніцтве ёсьць два лягеры: адзін імкнецца зблізіць краіну з Расеяй, іншы хоча наладзіць адносіны з Эўразьвязам. Абодва лягеры падтрымліваюцца Лукашэнкам. Беларусь рушыць то ў адзін бок, то ў другі. Але нельга сказаць, што такая дыпляматыя цалкам беспасьпяховая. Эўразьвяз гатовы пры пэўных умовах размаўляць з Беларусьсю. І той факт , што беларускі міністар замежных спраў гэтымі днямі будзе ў Нямеччыне, будзе размаўляць з кіраўніцтвам гэтай краіны і празь яго - з Эўразьвязам, паказвае, што праэўрапейскі кірунак у беларускай зьнешняй палітыцы існуе і атрымлівае ўсё больш канкрэтыкі".

Дракахруст: "Спадар Рар, я хачу ўдакладніць. Сам па сабе эўрапейскі праект афіцыйнага Менску ўзьнік пасьля вельмі вострага крызысу паміж Беларусьсю і Расеяй, зьвязанага з цэнамі на газ і нафту. У сьнежні летась пасьля сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна здавалася, што Расея пайшла на сур'ёзныя саступкі Беларусі. Дык чаму менавіта зараз, калі матыў эўрапейскага праекту нібыта зьнік, Менск дэманструе гатоўнасьць яго рэалізоўваць? Можа гэта зьвязана з расейскімі прэзыдэнцкімі выбарамі? "
У Расеі пачынаецца новая фаза пацяпленьня адносна Эўразьвязу, ЗША, НАТА і Захаду наагул

Рар: "Гэта можа быць зьвязана з шмат імі момантамі. Па-першае, я ня думаю, што ўсю зьнешнюю палітыку Беларусі варта зводзіць да нафты і газу. Па-другое , у Беларусі ёсьць уласныя інтарэсы ў Эўропе. Па-трэцяе, Вы цалкам слушна прыгадалі расейскія выбары. Уважлівы назіральнік у тым жа Менску можа заўважыць, што кандыдат на пасаду прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў перастаў лаяць Захад, гаворыць адносна Захаду толькі прыемныя рэчы і наагул уся яго выбарчая кампанія, калі яе можна так назваць, сьведчыць пра тое, што ў Расеі пачынаецца новая фаза пацяпленьня адносна Эўразьвязу, ЗША, НАТА і Захаду наагул. Беларусь ня хоча апынуцца паміж гэтымі дзьвюма блёкамі. Таму разумныя палітыкі ў Беларусі пачынаюць арыентавацца на правільныя крокі на эўрапейскім кантынэнце. Я ня думаю, што Беларусь ужо дакладна вызначылася, у якім кірунку ёй ісьці. Але гэтая палітыка "двух крылаў" пасьля году экспэрымэнтаў, калі здавалася, што яна ня будзе праводзіцца, менавіта цяпер набывае рэальныя контуры".

Дракахруст: "Напярэдадні сьнежаньскай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна хадзілі ўпартыя чуткі, што на ёй будзе абвешчаны амбіцыйны інтэграцыйны праект. Гэтага не адбылося. Днямі адбылася нечаканая сустрэча ў Сочы Лукашэнкі з Пуціным, Мядзьведзевым і Зубковым. На наступны дзень калі Лукашэнка прыляцеў з Сочы, дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА распаўсюдзіла вынікі апытаньня, праведзенага прэзыдэнцкім дасьледчым цэнтрам. Паводле гэтага апытаньня, беларусы зусім ня схільныя да аб'яднаньня з усходнім суседам. Ці ня стаў гэты інфармацыйны “выкід” адказам на нейкія інтэграцыйныя прапановы Масквы? На Ваш погляд, на якім месцы ў расейскім палітычным парадку дня знаходзіцца пытаньне палітычнага аб'яднаньня з Беларусьсю, калі ён там наагул ёсьць?"
Расеі аб'яднаньне з Беларусьсю нявыгаднае, яно занадта дарагое

Рар: "Нельга сказаць, што ў Расеі ёсьць адназначная пазыцыя адносна Беларусі. Там таксама ёсьць палітыкі, якія прытрымліваюцца , можна сказаць, імпэрскага пункту гледжаньня, паводле якога Расеі трэба аб'яднацца з славянскімі краінамі Беларусьсю і Ўкраінай. Аднак я ня думаю, што гэта пераважнае меркаваньне кіраўніцтва Расеі. Сам Пуцін паспрабаваў прасунуць ідэю аб'яднаньня з Беларусьсю напачатку свайго першага прэзыдэнцкага тэрміну. Але падчас свайго другога тэрміну ён да гэтай ідэі не вяртаўся, бо дастаткова рэалістычна ацаніў, што гэта немагчыма. Ёсьць вельмі моцнае лобі ў Крамлі, якое навучылася па-капіталістычнаму лічыць грошы. І Расеі аб'яднаньне з Беларусьсю нявыгаднае, яно занадта дарагое. Таму ў Расеі ўсё ж іншыя пляны адносна Беларусі. І аб аб'яднаньні размова доўгія гады ісьці ня будзе. Але Расея ня хоча адпускаць Беларусь ні ў НАТА, ні ў Эўразьвяз. І таму будзе імкнуцца інтэграваць Беларусь у іншыя структуры, у ЭўрАзЭС, ці нават у Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва. Паглядзім, што будзе пасьля перамены ўлады ў Крамлі. Я мяркую, што адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй будуць прыкладна такімі ж, як зараз: дастаткова цёплымі, але саюзьніцкімі ў поўным сэнсе іх нельга будзе назваць".
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG