Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінаагляд Максіма Жбанкова


Што варта і ня варта глядзець на беларускім відэарынку


Чарговы расповед пра плюсы і мінусы актуальнага кінапрацэсу варта пачаць cа стужкі братоў Коэнаў. Назва фільма «Няма месца для састарэлых» выглядае досыць сымбалічна. Джоэл ды Этан, Этан ды Джоэл... - гэтыя сьвятыя блазны амэрыканскага кіно апошнім часам выглядалі даволі блякла. Тым больш цікава выглядае іх вяртаньне на знаёмыя шляхі жорсткага крымінальнага кіно. «Няма месца для састарэлых» - гэта фільм пра шалёныя грошы, мэксыканскіх мерцьвякоў і тэхаскіх хлапцоў, якім ў школе нічога не казалі пра тое, што чужога браць не варта. Нават калі ты маеш пісталет, а яны - не.

Экранізацыя раману Кормака Маккарці атрымалася празрыстай і моцнай як вясковы самагон. Моцная акторская каманда - ў тым ліку Джош Бролін, Томі Лі Джонс і Вудзі Харэлсан - ператварае банальны крымінал у хаўтуры па старых часах. Калі закон меў сэнс, а шэрыфы давалі сабе рады. Сёньня засталіся адно танцы пустых людзей пад пустым небам, дзе музыка з’яўляецца адзінае на фінальных цітрах. А сьмерць мае бітлоўскую фрызуру і адгукаецца на прозьвішча Антон Шыгур. Менавіта Хаў’ер Бардэм у ролі бязьлітаснага забойцы ёсьць цэнтральнай постацьцю стужкі. А ўсе іншыя папросту чакаюць сваёй чаргі на кулю.

Галоўнае адмоўнае ўражаньне - расейскі фільм «Ціскі». Пасьпяховы прадусар і рэжысэр Валер Тадароўскі - хросны бацька Насьці Каменскай - зьнянацку завітаў ў вялікае кіно. І зрабіў двухгадзінны сацыяльны ролік пра тое, што маладосьць - гэта добра і прыгожа. А вось нарката - суцэльная брыдота.

Банальны сюжэт, варты адзінае ўлёткі Мінздрава, расьцягнулі да памераў кінарамана. Запрасілі прывабных маладзёнаў на галоўныя ролі. Дадалі моднай музыкі. Падтрымалі моладзь парай вэтэранаў: міліцыянта ўвасабляе Аляксей Серабракоў, наркадзілера - Фёдар Бандарчук. І што? І усё. Паглядзець і забыць. Штучна. Танна. Нясмачна.


А зараз - мой асабісты выбар гэтага тыдня. Перавыданьне дэбютнай стужкі Тоні Скота «Голад». Малодшы брат творцы «Гладыятара» пачынаў ў той час, калі старэйшы Рыдлі быў ужо легендай. І тым ня менш, дэбют прыцягнуў да сабе ўвагу: гатычная атмасфэра, экстрэмальны сэкс, шыкоўная карцінка. І шыкоўная пара вампіраў: яна - Катрын Дэнёў, ён - Дэйвід Боўі.

«Голад» цікава паглядзець тым, каго вабіць сёньняшні Тоні Скот, аўтар «Даміно» і «Дэжавю». Бо Скот-дэбютант ведаў менш. Але быў здольны зьдзіўляць і зьдзіўляцца. Зараз ёсьць тэхніка. Але кудысьці зьнік азарт. Такое кіно. Такое жыцьцё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG