Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: “…Народ цяпер вельмі нават крыўдзіцца”


“Ці адчулі вы асабіста праблемы ў сувязі з абмежаваньнем дзейнасьці прадпрымальнікаў?” На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомелю.


Спадар: “Рынак стаў горшы, раней ён быў багацейшы. А калі рынак горшы, то жыць пэнсіянэры будуць горш”.

Спадарыня: “Для мяне цяпер стала горш. Выгадней было на рынку купляць і прадукты, і прамысловыя вырабы — яны там проста таньнейшыя”.

Спадарыня: “У нас рынак напалову пустуе — гэта вельмі кепска. Лепей на рынку купляць, чымсьці ў крамах. Прадукты на рынку заўсёды сьвежыя, а ў крамах, бывае, залежваюцца і каўбасы, і мяса. Усё. Трэба, каб болей прадукцыі было на рынках. Лукашэнка заўсёды прамаўляе: “Як народ скажа!” А народ цяпер вельмі нават крыўдзіцца”.

Спадарыня: “Што тычыцца транспарту, то цяжка стала. “Маршрутак” трэба доўга чакаць. Позьнімся!”

Спадарыня: “Мы, пэнсіянэры, рэдка езьдзім, але што “маршруткі” сталі рэдка хадзіць — гэта вельмі кепска”.

Спадарыня: “Мы з гарадзкога пасёлку Касьцюкоўка. Хадзіла ў нас “маршрутка”. Чаму яе цяпер зьнялі, ня ведаем. Людзі на працу езьдзілі, дзяцей у садок вазілі, у школу дзеці езьдзілі. Прывыклі да гэтага, а “маршрутку” ўзялі й зьнялі. Дзеці ходзяць пешкі. Вельмі цяжка”.

Спадар: “Ва ўсім стала горш. Паўрынку пустуе, цэны падскочылі. Напрыклад, садавіну раней прадавалі на трох гандлёвых радах, цяпер — на адным. Усе падаражэла. Трэба людзей любіць!”

Спадар: “Я прыйшоў на рынак купіць пуловэр. Я браў у прадпрымальніка за пяцьдзясят тысячаў рублёў, цяпер за пяцьдзясят ня знойдзеш. Раней цэны былі прымальныя. Цяпер гэтыя “ЧУПы”-шмупы”. У індывідуальных прадпрымальнікаў нават транспартныя паслугі былі таньнейшыя, яны працавалі без падатку на дададзеную вартасьць. Цяпер транспарт стаў даражэйшы працэнтаў на сорак. Я за прадпрыемства сваё кажу. Выдаткі мы павінны аднесьці на сабекошт сваёй прадукцыі. Значыць, і наша прадукцыя стане даражэйшая”.

Спадарыня: “Нам усяго хапае на нашу пэнсію”.

Спадар: “Ня згодны з тым, што пачалі абмяжоўваць прыватны бізнэс. Людзей проста шкада”.

Спадар: “Я ва Ўкраіну езьдзіў адзеньне сабе купляць, а тут яшчэ нічога не набываў”.

Спадар: “У мяне сын застаўся бяз працы, ён ня можа цяпер уладкавацца. Ён быў звычайным рэалізатарам на рынку. Цяпер ён нікому не патрэбны. Ну й кошты вырасьлі жахліва. Калі гэта было, каб яблыкі ў нас, у Беларусі, каштавалі ажно два даляры за кіляграм?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG