Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Пратэстанцкія цэрквы распаўсюджаныя ў дэмакратычных краінах"


Госьць “Начной свабоды” – юрыст пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін.


Юрась Бушлякоў: “Напярэдадні пастару царквы “Навае жыцьцё” Вячаславу Ганчарэнку ўручылі ўжо другое распараджэньне пракурора, якое абавязвае забясьпечыць доступ у будынак храму прадстаўнікам энэрганагляду. З лістапада 2007 году вернікі "Новага жыцьця" не пускаюць у свой храм чыноўнікаў. Сяргей, чаму вернікі не пагаджаюцца ўсё ж пусьціць чыноўнікаў у храм? Можа, гэта хаця б у нейкай ступнені распружыла сытуацыю вакол вашай царвы?”

Сяргей Луканін: “Так, гэта магло б на нейкі час распружыць сытуацыю, але ж мы жадаем прынцыповага вырашэньня нашага пытаньня, пытаньня з нашым будынкам. І тое, што мы зараз не дапускаем прадстаўнікоў улады ў наш будынак, гэта ёсьць нашай акцыяй пратэсту супраць безаконьня ўладаў у адносінах да нашай царквы.

Бо яшчэ ад 2005 году Менгарвыканкам жадае забраць у нас будынак. І больш за год суд не разглядае справу, якую мы падалі ў 2005 годзе. І ўсе перамовы, якія павінны весьціся паміж Менгарвыканкамам і нашай царквой, не вядуцца. Да нас прыяжджаюць прадстаўнікі ўлады толькі, каб пакараць штрафамі. У гэтай сытуацыі вернікі нашай царквы на сходзе вырашылі не дапускаць прадстаўнікоў ўлады ў нашу царкву, і мы не пускаем іх ужо больш за год”.

Бушлякоў: “Вернікі гатовыя адмовіцца ад пратэсту толькі ў тым выпадку, калі з боку Менгарвыканкаму будзе крок насустрач? ”

Луканін: “Ня толькі крок насустрач, але калі будзе адмененая незаконная пастанова Менгарвыканкаму аб прымусовым выкупу нашага будынку. На разьліковы рахунак нашай царквы яны паклалі каля 17 тысячаў даляраў, і гэта ўсё, што яны нам далі за наш будынак плошчай 1700 квадратных мэтраў. Гэта проста неадпаведная цана. Увогуле мы не прадаем гэты будынак, мы яго пабудавалі для сабе, і будзем тут пакланяцца нашаму Госпаду”.

Даведка Свабоды:

Даволі доўгі час вернікі “Новага жыцьця” адстойвавюць сваё права на выкарыстаньне ў якасьці культавай пабудовы будынку былога кароўніка. Вернікі купілі гэты будынак у 2002 годзе і адрамантавалі за свае грошы. Праблемы пачаліся з 2004 году. Адстойваючы права на свой будынак, вернікі "Новага жыцьця" праводзілі ўвосень 2006 году галадоўку пратэсту. Прынамсі на пэўны час улады адступілі ад свайго намеру не дазволіць вернікам выкарыстаць гэты будынак у якасьці культавай пабудовы.

Бушлякоў: “Сяргей, які юрыдычнгы статус цяпер у гэтага будынку?”

Луканін: “Цяпер існуе рашэньне Менгарвыканкаму, які забірае нашу зямлю. Быццам забралі таксама і наш будынак, але ж права ўласнасьці застаецца за царквой. Было шмат судовых рашэньняў, але ўсе яны цяпер адмененыя. Сытуцыя нібыта падвешаная ў паветры. Таму што ўлады ня робяць кроку ні ўперад, ні назад. Цяпер існуе адзінаборства з Менгарвыканкамам -- хто каго. Але ж мы верым не ў свае сілы, а верым у тое, што Госпад нам дапаможа ў гэтай барацьбе. Мы молімся.

Будуць заведзеныя крымінальныя справы супраць гэтых чыноўнікаў, усплывуць усе грахі, што яны нарабілі за апошнія гады, іх пачнуць звальняць са сваіх пасадаў...
На гэтым тыдні мы абвесьцілі пост і малітву. Мы ўпэўненыя, што Бог пачне разьбірацца з нашымі ворагамі. Мы дакладна ня ведаем, хто супрацьстаіць нашай царкве, ці ведаем ня ўсіх.Зараз Госпад пачне сваю працу. Будуць заведзеныя крымінальныя справы супраць гэтых чыноўнікаў, усплывуць усе грахі, што яны нарабілі за апошнія гады, іх пачнуць звальняць са сваіх пасадаў, і гэта самае малае, што будзе рабіць Госпад. Мы ў гэтым перакананыя.

Я згодны з думкай, што пратэстанцкія цэрквы распаўсюджаныя ў краінах, дзе ёсьць дэмакратыя. І менавіта з гэтай прычыны яны ў Беларусі не прыжываюцца. Бо немагчыма гаварыць аб дэмакратыі ў Беларусі, на жаль”.

Бушлякоў: “Як бы Вы патлумачылі чалавеку, які слаба разьбіраецца ў рэлігійных пытаньнях, што такое ваша царква "Новае жыцьцё"?

Луканін: “Гэта царква, якіх шмат ва усім сьвеце. Такія ж цэрквы ёсьць і ў Нямеччыне, і ў ЗША, і на поўначы Эўропы. Гэта пратэстанцкія цэрквы. Адрозьненьне ад праваслаўя і каталіцызму ў наступным. Паводле латыні пратэсто – складаецца з про -- за тэсто -- слова. Пратэстанты гавораць, што ёсьць толькі слова, толькі Біблія. Гэта то, ў што мы верым. Але ў іншых рэлігіях больш нейкіх традыцый, больш іншых кнігаў, на якія яны абапіраюцца. Пратэстанты больш імкнуцца да слова Божага, да Бібліі, і менш да традыцый, якія вакол рэлігіі зьяўляюцца. А так у нас усё тое ж самае. Той жа трыадзіны Бог, мы таксама верым у Ісуса як свайго збаўцу, як праваслаўныя і каталікі”.

Бушлякоў: “Сяргей, а Вы прыйшлі да Бога, дзякуючы царкве “Новае жыцьцё”?

Луканін:
“Я б так не сказаў. Дзякуючы Богу, я прыйшоў да Бога. Маё жыцьцё да Бога было вельмі разнастайным. Я быў дырэктарам юрыдычнай фірмы каля 13 гадоў. Мая фірма добра зарабляла , але грошы, як напісана ў Бібліі, гэта вялікая спакуса. І я яе не вытрымаў, пачаў разгульнае жыцьцё. Але Бог даў мудрасьці маёй жонцы, калі яна ўсё гэта бачыла, яна не рабіла нейкія скандалы дома, а пачала маліцца. Потым яна мне распавяла, што да таго, як я прыйшоў да Бога, малілася кожны дзень -- адну гадзіну раніцы і адну гадзіну ўвечары амаль штогод. І яе малітва была вельмі простай: “Бог, вярні мне майго мужа. Хай мой муж стане на твой шлях”.

Я рухнуў на калегі, і ў той самы момант я ўжо верыў, што Бог існуе
І праз год адбылося тое, што адбылося. Я быў у лесе і раптам Бог паказаў мне ўсе мае грахі, якія я зрабіў за ўсё жыцьцё. А раней я думаў, што я нармальны чалавек. Я рабіў тое, што рабілі ўсе вакол. Але Бог паказаў мне ўсе грахі, які я зрабіў, і гэта вялікім цяжарам лягло на мае плечы. Я рухнуў на калегі, і ў той самы момант я ўжо верыў, што Бог існуе. Мая малітва была вельмі карткай: “Бог, ратуй мяне”. Гэта было ад самага сэрца. Я падумаў, можа шмат грахоў у мяне, можа, і не прабачыць мяне Госпад.

Я сказаў: “Калі, Госпад, ты ня можаш мяне прабачыць, тады забі мяне адразу на гэтым месцы. Я не хачу болей хадзіць па тваёй сьвятой зямлі і распаўсюджваць грэх”. Але Бог мяне выратаваў. Бог мне даў новае жыцьцё.

А чаму я прыйшоў ў нашу царкву? Год да гэтага я быў юрыстам у гэтай царкве. Мяне наймалі, каб я вёў нейкія справы. І я ўжо ведаў, дзе я магу атрымаць Бога, і я пайшоў туды, куды я ведаў, што павінен быў ісьці. І вось я тут”.

  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG