Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 7 лютага, чацьвер.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.



Лідэры апазыцыі накіравалі ў Менскі гарвыканкам заяўку аб правядзеньні мітынгу і шэсьця 25 сакавіка. Гэта – Дзень Волі, 90-я гадавіна абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Тэлефанаваньні слухачоў:

Валеры, беларус-аптыміст: “Мала часу застаецца нам да памятнай даты. У 1918 годзе была магчымасьць нам, беларусам, пайсьці іншым шляхам і быць дзяржавай, роўнай зь цяперашнімі перадавымі эўрапейскімі. І такіх жахлівых зьяваў, як холад, голад, грамадзянская бойня, рэпрэсіі і ўсё антылюдзкае, мы ніколі б ня ведалі. Прайшло 90 год. Гэтую беларускую дату, яе магчымасьць і верагоднасьць трэба нам сьвяткаваць, верыць у сябе і лепшае заўтра”.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Дарагая “Свабода”, апазыцыя, як заўжды, дзейнічае ў рамках сваіх асабістых інтарэсаў. Баршчэўскі, Мілінкевіч, Статкевіч, Лябедзька падалі ў гарвыканкам заяўку на правядзеньне шэсьця і мітынгу з нагоды 90-х угодкаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. І хто пойдзе на гэта мерапрыемства а 18 гадзіне, калі 25 сакавіка — звычайны працоўны дзень? З рэгіёнаў таксама ня ўсе змогуць прыехаць. Ці ня лепш было б перанесьці сьвяткаваньне на 23 сакавіка на 14.00 дня? З павагай”.

Выказваньне камэнтуе адзін з заяўнікаў акцыі, старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі:

“Аргкамітэт дзеля сьвяткаваньня ўгодкаў БНР прызначыў шэраг імпрэзаў і на 22, і на 23 сакавіка. Якраз у рэгіёнах ёсьць добрая магчымасьць адсьвяткаваць гэтую падзею. Што да шэсьця, то паколькі дата юбілейная, то гэта было аднагалоснае рашэньне аргкамітэту, што 90-годзьдзе БНР ня можа адзначацца ні ў які іншы дзень, акрамя 25 сакавіка”.

На Менскім міжнародным кніжным кірмашы расейскае выдавецтва “Время” прэзэнтавала збор твораў Васіля Быкава, надрукаваны на беларускай мове. Слухач задае пытаньне:

Іван Карпавіч, Менск: “Быкаў – гэта беларускі клясык, напісаў вельмі шмат, і друкуюць яго чамусьці ў Расеі, а не ў Беларусі, і, дарэчы, на беларускай мове. Чаргінец нейкі дэтэктыў напісаў, а клясыкам беларускай літаратуры становіцца і старшынёй Саюза пісьменьнікаў, і сэнатарам прызначаецца. Як гэта разумець, адкажыце мне?”

Адказвае сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, паэт Уладзімер Някляеў:

“Сапраўды, сорамна, што кнігі Быкава друкуюцца не ў Беларусі, а ў Расеі. Але ўсе ведаюць, чаму так адбываецца. Што тычыцца яшчэ аднаго пісьменьніцкага саюзу і ягонага старшыні, то ён будзе існаваць толькі да тае пары, пакуль гэты кіраўнік будзе пры ўладзе. Як толькі гэтая ўлада скончыцца, то скончыцца і гэты саюз, і ўся ягоная геніяльнасьць”.

У Косаве Івацэвіцкага раёну прайшлі ўрачыстасьці з нагоды 262 угодкаў вядомага змагара за Свабоду на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, нацыянальнага героя ЗША і Польшчы, ганаровага грамадзяніна Францыі Тадэвуша Касьцюшкі. Тэлефанаваньне слухача:

Спадар: "Прайшлі чарговыя ўгодкі з дня нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі. Наша бярозаўская дэлегацыя з васьмі чалавек прыехала ў Мерачоўшчыну і ўсклала бел-чырвона-белыя гвазьдзікі зь бел-чырвона-белымі стужкамі да каменя-помніка з барэльефам Касьцюшкі. Але ў дом-музэй нас не прапусьцілі, бо там былі прадстаўнікі замежных дыпмісіяў, чалавек 10, чыноўнікі зь мясцовай вэртыкалі ды дзяржаўныя масмэдыі. Гэта ўсё доўжылася амаль дзьве гадзіны. Але і пасьля іх ад’езду яшчэ амаль гадзіну нікога не прапускалі. Калі я нарэшце ўвайшоў у сядзібу, першае пабачанае мною, ад чаго я амаль аслупянеў, — гэта чырвона-зялёны сьцяг. Я думаў, што ў паўстанцаў Касьцюшкі сьцяг быў іншы. Настрой, канечне, быў вельмі сапсаваны".

“Паважанае Радыё Свабода, адкажыце, калі ласка, на пытаньне: ці праўда, што кошты на прадукты харчаваньня ізноў павялічваюцца? І дакуль будзе доўжыцца гэтае вар’яцтва, калі зарплаты людзям стаяць на адным месцы”? – пытаецца ў сваім СМС-лісьце слухач Віталь.

Адказвае палітык і эканаміст Яраслаў Раманчук:

“Кошты на прадукты харчаваньня будуць расьці да таго часу, пакуль будуць хутка друкавацца грошы. Па-другое, пакуль Міністэрства сельскай гаспадаркі будзе захоўваць манаполію на ўнутраны рынак. І па-трэцяе, пакуль нас, пакупнікоў, будуць працягваць бараніць ад таньнейшай і часта больш якаснай імпартнай прадукцыі”.

“Чаму кругласуткавы нумар Свабоды не набіраецца? Адказвае кватэра і няма выхаду на мабільны? Навошта абвяшчаеце людзям”? Такое пытаньне праз СМС-ліст даслаў яшчэ адзін слухач. Нагадаю, што тэлефон Свабоды ў Менску, 266-39-52, сапраўды працуе 24 гадзіны на суткі, але гэта не мабільная сувязь, а сувязь прадпрыемства “Менскія гарадзкія тэлефонныя сеткі”. Код гораду для міжгародніх тэлефанаваньняў — 8-017. Нумар “Свабоды” для СМС-паведамленьняў — 8-029-391-22-24, яго абслугоўвае кампанія мабільнай сувязі “Velcom”. Просім уважліва набіраць гэтыя нумары.

XS
SM
MD
LG