Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Аўраменка: “Хабарніцтва ў мэдыцыне – рэха сацыяльнай сыстэмы”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – магілёўскі лекар Васіль Аўраменка. Цягам тыдня ў ранішнім эфіры мы гаворым зь ім пра розныя бакі стасункаў хворых зь дзяржаўнай сыстэмай аховы здароўя.

Вызначэньне “хабар” у мэдычнай практыцы выклікае пэўныя цяжкасьці. Таму што ёсьць яшчэ проста ўдзячнасьць хворага – у выглядзе букету кветак ці пляшкі каньяку”

Гэтым разам абмяркоўваем са спадаром Аўраменкам праблему хабарніцтва ў беларускіх лякарнях.

Аўрменка: “Само вызначэньне “хабар” у мэдычнай практыцы выклікае пэўныя цяжкасьці. Таму што ёсьць яшчэ проста ўдзячнасьць хворага – у выглядзе букету кветак ці пляшкі каньяку”.

Уліцёнак: “Ну а пракамэнтуйце сытуацыі, калі лекары, мэдыкі самі дамагаліся “ўзнагароды” за той самы квіток па непрацаздольнасьці…”

Аўраменка: “Гэта адназначна – хабар”.

Уліцёнак: “А наколькі тое распаўсюджана?”

Аўраменка: “Ня так шырока, як паведамляецца ў прэсе”.

Уліцёнак: “У чым прычына крыміналу з боку лекараў?”

Аўраменка: “У жаданьні асобных мэдыкаў зарабіць дадаткова да таго, што ён мае. Зь іншага боку, і грамадзтва наша далёкае ад ідэалу. А мы – яго частка… У выніку прапанова нараджае попыт”.

Уліцёнак: “Якія яшчэ прычыны хабару ў мэдыцыне?”

Аўраменка: “Грамадзтва разумее, ці хутчэй адчувае, што аплата працы мэдыкаў не зусім адэкватная іхняй сацыяльнай значнасьці й кваліфікацыі. А таму стыхійна як бы спрабуе кампэнсаваць вось гэты недахоп”.

Уліцёнак: “А ці эфэктыўна змагаецца дзяржава з хабарніцтвам?”
У вялікай ступені тут віна самой сыстэмы. Якая фактычна стымулюе нездаровыя ўзаемаадносіны паміж пацыентамі і дактарамі

Аўраменка: “Малаэфэктыўна. Калі паглядзець на самыя скандальныя справы, то яны часьцей здараюцца ў высокатэхналягічных, найбольш складаных сфэрах мэдыцыны. Але ж ці вінаватыя тыя самыя кардыяхірургі, якіх зараз судзяць у Менску? Думаю, у вялікай ступені тут віна самой сыстэмы. Якая фактычна стымулюе нездаровыя ўзаемаадносіны паміж пацыентамі і дактарамі. Прычына ўсё ж хаваецца ў адэкватнасьці аплаты за працу”.

Уліцёнак: “Ці ўхваляеце вы экспэрымэнты па выяўленьню хабарніцтва?”

Аўраменка: “Фактычна гэта правакацыя, калі лекару падсылаюць чалавека з чакалядкай ці грашыма, на якіх нябачным атрамантам напісана”Хабар”. Насамрэч тут ніякая ні барацьба, ніякая ні прафіляктыка. Проста хвароба заганяецца ўнутр”.

Уліцёнак: “Дык ці ёсьць урэшце рэштаў выйсьце?”

Аўраменка: “Ня могуць быць багатыя нашыя лекары, калі бедныя пацыенты. І рост даходаў беларускіх мэдыкаў павінен ісьці паралельна росту дабрабыту ўсяго насельніцтва. Ну, можа з большай дыфэрэнцыяцыяй у залежнасьці ад кваліфікацыі і складанасьці працы, якую выконвае той або іншы спэцыяліст”.


XS
SM
MD
LG