Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет Міністраў зацьвердзіў новае Палажэньне аб парадку запрашэньня ў Беларусь замежнікаў для заняткаў рэлігійнай дзейнасьцю.


У адпаведнасьці з пастановай Савету Міністраў, цяпер, каб у Беларусь прыехаў, да прыкладу, сьвятар з-за мяжы служыць у касьцёле, альбо выкладчык ў духоўную навучальную ўстанову, ці любы іншаземец для ўдзелу ў дабрачынных акцыях альбо іншых масавых мерапрыемствах рэлігійнага характару, трэба атрымаць дазвол Упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў. Тлумачыць прэсавы сакратар апарату Ўпаўнаважанага Міхаіл Рыбакоў:

“Калі запрашае рэлігійная арганізацыя, яна павінна абгрунтаваць, каго, навошта, на які тэрмін запрашае. Калі не хапае сьвятароў – мы іх кандыдатуры ўзгадняем, разглядаем дакумэнты. Трэба, каб усё было дакладна, зразумела, празрыста”.
На дадзены момант каля 50% мясцовых сьвятароў працуе, астатнія 50% сьвятароў з замежжа.

Такім чынам, кожнаму замежніку, які прыяжджае ў Беларусь для ажыцьцяўленьня любой рэлігійнай дзейнасьці, неабходна падрыхтаваць цэлы пакет дакумэнтаў, што пацьвярджаюць ягоную кваліфікацыю. Сьвятару, да прыкладу, неабходна прадставіць дакумэнт аб рэлігійнай адукацыі і даведку пра стаж працы. Для выкладаньня ў духоўных навучальных установах – яшчэ і вучэбныя пляны. Замежнікі таксама павінны пацьвердзіць веданьне беларускай альбо расейскай мовы. Такім чынам, чытаць лекцыі для сэмінарыстаў альбо праводзіць набажэнствы яны павінны будуць толькі па-расейску альбо па-беларуску. Пры адсутнасьці любога з дакумэнтаў заяўка ня будзе разглядацца. Да таго ж, Упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў можа адмовіць прэтэндэнту без тлумачэньня прычынаў, што супярэчыць, да прыкладу, артыкулу 29 Закону “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыяў”.

Мясцовых сьвятароў не хапае ў пратэстанцкіх, каталіцкіх храмах. У Беларусі ёсьць дзьве каталіцкія духоўныя сэмінарыі – у Пінску і Горадні, якія ўжо падрыхтавалі больш за 160 сьвятароў, але ксяндзоў ўсё адно не хапае, кажа ксёндз Аляксандар Амяльчэня

“Канечне, існуе дэфіцыт. На дадзены момант хіба што 50% мясцовых сьвятароў працуе, астатнія 50% сьвятароў з замежжа ў нас працуе. Канечне, мы імкнемся, каб сьвятары былі мясцовымі, хаця з удзячнасьцю ставімся да тых, якія працуюць па 10 і больш гадоў для Беларусі”.

Прычым, што да падрыхтоўкі каталіцкіх сьвятароў, праграмы ў сэмінарыях усіх краінаў унівэрсальныя, зацьверджаныя Ватыканам. Такім чынам, ксяндзы, якія вучыліся, да прыкладу, у Польшы і ў Пінскай альбо Гарадзенскай сэмінарыях, атрымоўваюць аднолькавую адукацыю.

Беларускія ўлады насьцярожана ставяцца да замежных сьвятароў. Летась зь Беларусі былі дэпартаваныя пастары пратэстанцкай царквы “Ян Прадвесьнік” Антоні Бокун і Яраслаў Лукасік (абодва – грамадзяне Польшчы). Антоні Бокун «ладзіў несанкцыянаванае масавае мерапрыемства» (чытаньне Бібліі) ва ўласным доме. А Яраслаў Лукасік “займаўся рэлігійнай дзейнасьцю без узгадненьня з Камітэтам па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў”.

У сьнежні 2007 года быў дэпартаваны з Беларусі ксёндз Гжэгаж Худэк, які 14 гадоў служыў ў рэчыцкім касьцёле – ягонае інтэрвію ў польскім выданьні “Tygodnik wschodni” не спадабалася беларускім уладам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG