Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ не пагаджаецца з расейскімі ўмовамі назіраньня


Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ не прымае новыя ўмовы назіраньня за выбарамі прэзыдэнта Расеі , вылучаныя Масквой.


Ня выключана, што бюро наагул адмовіцца ад назіраньня за выбарамі 2 сакавіка, як гэта ўжо адбылося летась падчас думскіх выбараў.

Прадстаўнік бюро Кэртас Бадэн тлумачыць, што новыя прапановы расейскага Цэнтарвыбаркаму не даюць магчымасьці правесьці паўнацэннае назіраньне за выбарамі.

Баддэн: “Паводле першапачатковай прапановы Расеі мы маглі прыслаць 70 назіральнікаў 28 лютага, за тры дні да выбараў. Зараз прапанавана 75 назіральнікаў з 20 лютага. Расейскі друк падае гэта як велізарную саступку Расеі і адзначае, што нібыта АБСЭ ня хоча ісьці на кампраміс. На такія меркаваньні можна выказаць шмат пярэчаньняў, і першае зь іх – тое, што прапановы Расеі – істотнае адхіленьне ад стандартнай практыкі”.

“Масква фактычна хоча абмежаваць назіраньне днём галасаваньня”

5 спэцыялістаў бюро ўжо накіраваліся ў Маскву, каб выканаць тэхнічную працу, знайсьці памяшканьні, перакладчыкаў, кіроўцаў. Але арганізацыя АБСЭ па назіраньні за выбарамі настойвае, каб Расея пагадзілася прыняць першую групу назіральнікаў у 50 чалавек ўжо 15 лютага.

Прадстаўнікі бюро заяўляюць, што Масква фактычна хоча абмежаваць назіраньне днём галасаваньня, АБСЭ мяркуе, што назіраньне павінна ахопліваць увесь выбарчы працэс і абвінавачвае Расею ў парушэньні яе міжнародных абавязацельстваў, прынятых у межах АБСЭ.

Бюро можа адмовіцца ад назіраньня

У сваю чаргу, расейскі бок абвінавачвае АБСЭ ў сабатажы назіраньня і нежаданьні пайсьці на кампраміс. Пра гэта заявілі ўчора прэсавы сакратар МЗС Расеі Сяргей Рабкоў і першы намесьнік міністра замежных спраў Расеі Андрэй Дзянісаў.

Кандыдат на прэзыдэнта, лідэр кампартыі Расеі Генадзь Зюганаў заклікаў АБСЭ даслаць сваіх назіральнікаў на любых умовах, каб бачыць, як праходзяць выбары.

У сваю чаргу прадстаўнік бюро АБСЭ Кэртас Бадэн падкрэсьлівае, што прынцыпы маюць значэньне. Ён ня выключае, што калі стане зразумела, што назіраньне ня будзе спрыяць эфэктыўнаму кантролю, то бюро адмовіцца праводзіць яго.

Варта дадаць, што на мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што на выбары ў Беларусі замежныя арганізацыі, якія займаюцца назіраньнем, змогуць паслаць столькі назіральнікаў, колькі пажадаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG