Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Менскім кніжным кірмашы - прэзэнтацыі кніг Быкава <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У першы дзень працы XV Менскай Міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша адбыліся дзьве прэзэнтацыі твораў Васіля Быкава.


Шасьцітомны збор твораў на беларускай мове прэзэнтавала расейскае выдавецтва “Время”. А апавяданьне Васіля Быкава “Бедныя людзі” было прадстаўлена ў перакладзе на іўрыт.

Прэзэнтаваныя шэсьць тамоў твораў Васіля Быкава беларускія чытачы ўжо мелі магчымасьць пабачыць. А неўзабаве будуць надрукаваныя яшчэ восем кніг, якія завершаць 14-томны збор твораў па-беларуску. Пра гэта паведаміў, адкрываючы імпрэзу, дырэктар расейскага выдавецтва Барыс Пастарнак:

“Адным з важных накірункаў сваёй дзейнасьці мы лічым выданьне твораў выдатных расейскіх пісьменьнікаў ХХ стагодзьдзя, а таксама сусьветных клясыкаў сучаснасьці. Да прыкладу, Андрэя Сахарава, Андрэя Платонава, Фазіля Іскандэра і іншых. І нам заўсёды падавалася, што ў гэтым шэрагу павінна быць месца і Васілю Быкаву”.

Алесь Пашкевіч і Барыс Пастарнак

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, у сваю чаргу, адзначыў, што выданьне збору твораў сталася магчымым дзякуючы працы грамадзкага Аргкамітэту па ўшанаваньні памяці Васіля Быкава. Гэткім чынам падрыхтаваныя да друку 8 тамоў яшчэ аднаго збору твораў народнага пісьменьніка Беларусі — на расейскай мове:

“Поўны збор мастацкіх твораў пісьменьніка зьяўляецца тым помнікам, да якога будуць прыходзіць новыя і новыя пакаленьні беларускіх чытачоў”.

Прадстаўнік амбасады Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, які перакладае творы Васіля Быкава на сваю родную швэдзкую мову, паведаміў:

“Ужо выйшаў адзін раман, гэта “Кар’ер”. Я спадзяюся, што кнігі Васіля Быкава будуць яшчэ выходзіць ня толькі на швэдзкай, але на ўсіх эўрапейскіх і іншых мовах”.

Стэфан Эрыксан

Удзел у прэзэнтацыі бралі Ірына Міхайлаўна Быкава, шмат хто зь пісьменьнікаў, сяброў і паплечнікаў клясыка беларускай літаратуры. Слова бралі Валянцін Тарас, Анатоль Вярцінскі, Вольга Іпатава, Віктар Казько і многія іншыя. Паэт Генадзь Бураўкін, у прыватнасьці, адзначыў:

Генадзь Бураўкін, Ірына Міхайлаўна Быкава

“На гэтым прыемным сьвяце мне сёньня няёмка, што збор твораў Васіля Быкава па-беларуску выходзіць ня ў Менску, а ў Маскве. Мне няёмка за тых чыноўнікаў, якія не шкадуюць грошай і магутнасьцяў беларускіх паліграфкамбінатаў на выданьне пустых дэтэктываў, але не знаходзяць сродкаў на выданьне клясыка, на выданьне твораў Васіля Быкава”.

На заканчэньне імпрэзы сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і праваабаронца Вера Страмкоўская сказала:

“Тое, што мы сабраліся тут, тое, што ёсьць цікавасьць да такіх постацяў беларускай інтэлігенцыі, як Васіль Быкаў, што ёсьць цікавасьць да ягонай філязофіі, — гэта азначае, што Беларусь жыве. Жыве Беларусь”.

Таксама сёньня, у дзень адкрыцьця кніжнай экспазыцыі Ізраілю, было прэзэнтаванае апавяданьне Васіля Быкава “Бедныя людзі” ў перакладзе на іўрыт. Падчас прэзэнтацыі амбасадару Ізраіля ў Беларусі Зэеву Бэн-Ар’е было ўручана пасьведчаньне сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Анатоль Вярцінскі чытае свой верш, прысьвечаны Васілю Быкаву
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG