Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ідзе наперад, Беларусь застаецца ў хвасьце


Генэральная рада Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі (УГА) зацьвердзіла пратакол аб прыёме Ўкраіны ў свае шэрагі. Як гэта можа адбіцца на гандлёва-эканамічных дачыненьнях Беларусі і Ўкраіны?


Афіцыйная статыстыка сьведчыць: летась Украіна стала трэцім паводле аб’ёму таваразвароту гандлёвым партнэрам Беларусі пасьля Расеі і Нідэрляндаў. Узаемны гандаль дасягнуў двух з паловай мільярдаў амэрыканскіх даляраў.

У афіцыйным камэнтары МЗС Беларусі з нагоды далучэньня Украіны да ЎГА адзначаецца, што Беларусь вітае гэту падзею:

“Мы перакананыя, што ўступленьне аднаго з важнейшых гандлёвых партнэраў Рэспублікі Беларусь ва ЎГА стварае ўмовы для яшчэ больш дынамічнага разьвіцьця ўзаемавыгаднага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук тлумачыць: далучэньне Ўкраіны да ЎГА азначае, што суседзі адкрываюць свае рынкі ды становяцца больш канкурэнтаздольнымі:

“Гэта вельмі мудры, пэрспэктыўны крок Украіны наперад. А мы зноў застаемся ў тыле. І найбольшая пагроза для нас будзе тады, калі і Расея сьледам за Ўкраінай далучыцца да ЎГА. Тады ўсе рэгіянальныя саюзы і асацыяцыі, кшталту ЭўрАЗЭСу ці Адзінай эканамічнай прасторы, будуць фактычна выкінутыя на сьметнік. І мы вымушаныя будзем замест таго, каб узначальваць працэсы эканамічнай інтэграцыі, плесьціся ў хвасьце”.

Экспэрт Раманчук лічыць: са зьменай статусу Ўкраіны яе гандлёвы абарот зь Беларусьсю адразу рэзка не паменшыцца. А вось у пэрспэктыве Беларусь — якая, адрозна ад паўднёвай суседкі, не лібэралізуе свой рынак — прайграе:

“У стратэгічным пляне, у пэрспэктыве на 5—10 гадоў Украіна, безумоўна, выйграе, бо яна становіцца больш канкурэнтаздольнай на ўсіх кірунках. І ў гэтым галоўная небясьпека для Беларусі, таму што беларускія ўлады могуць зьвярнуць увагу толькі на кароткатэрміновыя наступствы гэтага далучэньня”.

Вераніка Маўчан, дырэктар па навуковай працы Інстытуту эканамічных дасьледаваньняў і палітычных кансультацыяў у Кіеве, лічыць, што значнага нэгатыўнага ўплыву на ўкраінска-беларускія дачыненьні ня будзе:

“Уступленьне ва ЎГА не прадугледжвае нейкага закрыцьця рынкаў, якое адбываецца, калі краіны ўваходзяць у Эўразьвяз. Так, прыкладам, адбылося з трыма краінамі Балтыі, зь якімі Ўкраіна страціла дамовы аб свабодным гандлі. Але ўступленьне ва ЎГА не касуе дзейных дамоваў аб свабодным гандлі”.

Спадарыня Маўчан лічыць, што Ўкраіна падтрымае жаданьне Беларусі далучыцца да ЎГА:

”Узяць, прыкладам, рашэньне гандлёвых спрэчак. Калі абедзьве краіны ва ЎГА, мы можам карыстацца іхным мэханізмам. Калі ж адна краіна ўваходзіць ва ЎГА, а другая — не, карыстацца такім мэханізмам немагчыма”.

XS
SM
MD
LG