Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Цыганкоў у сваім артыкуле на блогу “Дайце мне лёзунг, і я стану прэзыдэнтам” зьвяртаецца да вечнай тэмы беларускай незалежнай аналітыкі: што трэба рабіць апазыцыі дзеля перамогі? Дазволю сабе таксама выказацца на гэтую тэму.


Ва ўмовах жорсткага аўтарытарнага рэжыму, адсутнасьці ў краіне сацыяльнага і палітычнага крызысу апазыцыя ня мае шанцаў на перамогу незалежна ад правільнай ці няправільнай тактыкі. Але такі крызыс можа здарыцца ў любы момант, таму апазыцыйныя лідэры павінны быць гатовыя да рэзкай зьмены сытуацыі.

Цыганкоў ставіць дылему: ці павінна апазыцыя перахопліваць лёзунгі ў Лукашэнкі і зьвяртацца да сацыяльных пытаньняў, або ёй трэба цьвёрда трымацца сваіх каштоўнасьцяў і не гуляць у папулізм? Падаецца, што пастаноўка гэтай праблемы ў выглядзе дылемы спрэчная.

Усё залежыць ад таго, якія мэты і задачы ставіць перад сабою тая ці іншая арганізацыя альбо палітык. Ёсьць партыі, для якіх галоўнае ў палітыцы — гэта захаваньне чысьціні сьцягу, і ні на што іншае яны ў рэальнасьці не прэтэндуюць. У любой дэмакратычнай краіне існуе шмат маргінальных арганізацыяў зь лідэрамі-ідэалістамі, якія дзесяцігодзьдзямі прысутнічаюць у палітычнай прасторы і атрымліваюць ад гэтага маральнае задавальненьне. Ёсьць такія арганізацыі і ў Беларусі. (Адзін палітык пасьля чарговай электаральнай кампаніі любіў казаць: “Затое мы атрымалі маральную перамогу”.)

Зусім іншая справа, калі партыя прэтэндуе на ўладу. І вось у такой сытуацыі пытаньне, ці патрэбна палітычнай сіле імкнуцца да заваяваньня прыхільнасьці большасьці электарату, падаецца дзіўным.

Але значная частка апазыцыйных палітыкаў ад такога пытаньня проста адмахваецца. Адны даводзяць, што ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму пытаньне пра ўладу вырашае не электаральнае спаборніцтва, а вуліца, плошча, майдан. Таму галоўная задача — вывесьці на вуліцу дастатковую колькасьць сваіх прыхільнікаў і такім чынам вырашыць пытаньне ўлады. Бо рэвалюцыю заўсёды зьдзяйсьняе актыўная меншасьць. Так было ў кастрычніку 1917 году ў Расеі, так было ў Кыргызстане ў 2005 годзе.

На гэтую тэзу існуе два пярэчаньні. Па-першае, актыўная меншасьць можа вырашыць пытаньне пра ўладу на вуліцы пры слабым рэжыме. Тады дастаткова невялікай колькасьці маніфэстантаў, каб улада абвалілася. Напрыклад, у Кыргызстане 5—15 тысяч чалавек за адзін дзень зьмянілі ўладу ў краіне. Беларускі рэжым даволі моцны і будзе бараніцца да апошняга.

Па-другое, актыўная меншасьць павінна абапірацца на пасіўную падтрымку альбо нэўтралітэт большасьці. У сакавіку 2006 году Лукашэнку падтрымлівала 63% насельніцтва. У такой сытуацыі шанцаў у апазыцыі не было, нягледзячы на гераізм моладзі на Плошчы.

Таму можна зрабіць наступную выснову: пакуль апазыцыя ня будзе мець за сабой электаральную большасьць, вуліца нічога ня вырашыць.

Іншыя палітыкі стаяць на такой пазыцыі: калі каштоўнасьці электарату не супадаюць з нашымі, то трэба яго перавыхаваць. І перавыхоўваюць ужо шмат гадоў. Зь вядомымі вынікамі.

Рэцэпт палітычнай перамогі даўно не сакрэт, ён апісаны ў падручніках: супадзеньне патрэбаў грамадзтва і вобразу палітычнай сілы. Знайдзі сацыяльны інтарэс і задаволь яго. А пытаньне суадносін каштоўнасьцяў і папулізму вырашаецца з дапамогай паліттэхналёгій. Эўрапейскія каштоўнасьці лёгка спалучаюцца з папулярнымі лёзунгамі, а абарона льготаў — з рынкавымі рэформамі (напрыклад: “Спачатку — эканамічныя рэформы, і толькі потым — рэформы ў сацыяльнай сфэры, а не наадварот”). Калі ж ісьці да насельніцтва і зьбіраць подпісы пад абстрактным заклікам пра далучэньне Беларусі да Эўразьвязу, то ніякага эфэкту гэта ня дасьць.

Яшчэ адзін аспэкт гэтай праблемы. Сп. Цыганкоў кажа пра дарэмныя пошукі цудадзейнага лёзунгу, які адразу дасьць апазыцыі ўладу. Ніякая самая выдатная праграма ці лёзунг ня дасьць эфэкту, калі няма даверу да палітычнай сілы. Менавіта гэта было галоўнай прычынай паразы расейскага СПС на мінулых думскіх выбарах, а не адмова ад каштоўнасьцяў і імкненьне да папулізму.

Якія сродкі дапушчальныя дзеля перамогі? Праблема сапраўды ёсьць. Яна мае палітычнае, маральнае, тэхналягічнае вымярэньне. У кожным канкрэтным выпадку яна вырашаецца па-свойму.

Увогуле палітыка — гэты бясконцы кампраміс паміж палітыкамі, ідэалёгіямі, уладай і насельніцтвам і г.д. Там, дзе няма кампрамісу, палітыка заканчваецца.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG