Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рэжым Лукашэнкі не такі жалезабэтонны, як многім здавалася...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 06 студзеня 2008 году


Колькасьць палітзьняволеных у Беларусі зьмяншаецца. Празь некалькі тыдняў пасьля вызваленьня моладзевага актывіста Зьмітра Дашкевіча сьцены турмы пакінуў лідэр “Маладога Фронту” Артур Фінькевіч. Нядаўна таксама датэрмінова выйшлі на волю прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў. Ці ўстойлівая гэта тэндэнцыя? Ці не пачатак гэта лібэралізацыі палітычнага рэжыму Беларусі? Меркаваньне нашай слухачкі Ксеніі Барысік зь Менску:

Усё ж рэжым Лукашэнкі не такі жалезабэтонны, як многім здавалася, — піша Ксенія ў сваім электронным лісьце на Свабоду. — Ціск Захаду прыносіць відавочныя вынікі. Пры гэтым перамовы з рэжымам асабліва не афішуюцца, хоць яны, мяркуючы па выказваньнях некаторых заходніх амбасадараў, актыўна вядуцца.

Наша апазыцыя слабая, улада зь ёй ня лічыцца. А вось наладзіць нармальныя стасункі з Эўропай і Амэрыкай Лукашэнка вельмі хоча. Ён ужо каторы год пазбаўлены магчымасьці лётаць на Захад. Можа, якраз сёньня і пачынаецца круты паварот у беларускай палітыцы, які прывядзе да такіх чаканых зьменаў”,


— гэтак лічыць Ксенія Барысік зь Менску.

Сапраўды, Ксенія, на працягу апошніх некалькіх тыдняў адразу чацьвёра палітвязьняў датэрмінова выйшлі на волю. Але ў той ж час у турэмную камэру трапіў моладзевы актывіст Андрэй Кім: яго абвінавацілі ў супраціве міліцыі і распачалі супраць яго крымінальную справу. Дзясяткі ўдзельнікаў акцыяў пратэстаў прадпрымальнікаў адбылі адміністратыўныя арышты ў турме на Акрэсьціна. У няволі застаюцца былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Аляксандар Казулін і апазыцыйны палітык Андрэй Клімаў. Пакуль яны ня вызваленыя, наўрад ці можна казаць пра круты паварот у беларускай палітыцы.

Пра перасьлед моладзевых актывістаў разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” і Валянціна Сакалоўская зь вёскі Бакшты Івейскага раёну.

Замест таго каб ствараць добрыя ўмовы для жыцьця, уважліва ставіцца да людзей, улада ваюе са сваёй моладзьдзю, сваімі дзецьмі. Ганьба! Паліцэйскае самаўпраўства дасягнула неймавернага размаху. Маладым людзям калечаць лёсы, зьдзекуюцца. Усё гэта — дзеля чыіхсьці палітычных амбіцыяў. Але зло — як бумэранг: яно вяртаецца да таго, ад каго сыходзіць.

Трэба навучыцца супрацьстаяць міліцэйскаму ды чыноўніцкаму самаўпраўству. На жаль, цёмныя і малаадукаваныя людзі не разумеюць, што такое грамадзянскія правы і свабоды, як іх трэба абараняць. Актыўных і разумных людзей многія не падтрымліваюць, а наадварот — замінаюць ім, высьмейваюць. Бачу вакол сябе нямала такіх абмежаваных людзей. Іх цікавіць толькі іхная пэнсія. Вось прыносяць яму кожны месяц па 300 тысяч рублёў, ён іх, лежачы на печы, атрымае — і астатняе яго не хвалюе, хоць трава не расьці. Што можна чакаць ад такога чалавека?”


— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Валянціна Сакаловіч зь вёскі Бакшты Івейскага раёну.

У тых краінах, дзе людзі ня маюць магчымасьці гаварыць тое, што думаюць, і выбіраць уладу на сумленных і справядлівых выбарах, і заробкі ды пэнсіі такія, што цяжка пражыць. Напэўна, з часам гэтую відавочную залежнасьць усьвядомяць і асэнсуюць і вашыя, спадарыня Сакаловіч, знаёмыя пэнсіянэры.

Вячаслаў Сухарэбскі зь вёскі Русіны Баранавіцкага раёну заклапочаны тым, што ў энэргетыцы Беларусі ўлады робяць стаўку на газ, нафту, вугаль, а цяпер яшчэ і на ядзернае паліва, і не аддаюць належнай увагі альтэрнатыўным крыніцам энэргіі. У сваім лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“Пры такім бяздумным і варварскім выкарыстаньні неўзнаўляльных крыніц энэргіі нас можа напаткаць катастрофа. Што — пасьля нас хоць патоп? А дзе ж адказнасьць перад наступнымі пакаленьнямі?

Чаму б не накіроўваць рэсурсы на пабудову невялікіх і вялікіх гідраэлектрастанцый (якіх можна ўзьвесьці мноства); на ветрасілавыя ўстаноўкі (няхай яны акупяцца праз 10—15 гадоў ці нават болей — і то будзе вялікая карысьць). А сонечныя батарэі? А геатэрмальная энэргія? А адкіды жыцьцядзейнасьці чалавека і жывёлагадоўлі для вытворчасьці біягазу? А драўніна, мільёны тон якой гніюць у лесе? А зношанае і неэфэктыўнае абсталяваньне састарэлых электрастанцый? А марнатраўства ў камунальнай гаспадарцы?

Калі б простыя людзі ведалі ўсё гэта, то ніколі ня слухалі б бессаромных прапагандыстаў лукашэнкаўскага рэжыму, што ўсхваляюць беларускую мадэль эканомікі, якая ў сапраўднасьці грунтуецца на прыгоннай кантрактна-калгаснай сыстэме гаспадараньня.

А што да ідэі рэфэрэндуму наконт пабудовы АЭС, то ва ўмовах Беларусі яна бескарысная. Усім вядома, як адбываюцца рэфэрэндумы пры аўтарытарных рэжымах”,—


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Вячаслаў Сухарэбскі зь вёскі Русіны Баранавіцкага раёну.

Адметна тое, што ад прадстаўнікоў улады апошнім часам нярэдка можна пачуць тыя ж заклікі, спадар Сухарэбскі — і пра драўніну, якая гніе па лясох, і пра энэргію ветру і сонца, і пра біяпаліва… У многіх выпадках рэгіёнам ужо і пляны даводзяць — колькі энэргіі яны павінны атрымліваць з альтэрнатыўных крыніцаў… Але справа рухаецца марудна.

І прычына зусім ня ў тым, што чыноўнікі або выканаўцы не ўсьведамляюць значнасьці праблемы або сваёй адказнасьці перад будучымі пакаленьнямі. Ва ўмовах сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці гэта проста эканамічна нявыгадна. І пакуль дзяржава не распрацуе дакладныя мэханізмы, эканамічныя стымулы, якія дазволяць зрабіць гэтую справу эфэктыўнай і прыбытковай, — ніякія заклікі і ўшчуваньні не дапамогуць.

На тэму энэргетыкі разважае ў сваім лісьце і наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў. Ён падае наступныя афіцыйныя лічбы ўпраўленьня камунальнай гаспадаркі Менскай вобласьці. Напрыканцы мінулага году адна гігакалёрыя цяпла, выпрацаваная на дрывяных кацельнях, каштавала 145 тысяч рублёў, на газавых — 86 тысяч (амаль удвая таньней). На Меншчыне на дровы, трэскі і пілавіньне перавялі 237 кацельняў. Але мэханізаванай падачай паліва абсталяваны толькі 12 зь іх. На астатніх усё трэба рабіць рукамі — як і стагодзьдзі таму… Кастусь Сырэль з гэтай нагоды піша:

“Кацельні пачалі ў аўральным парадку пераводзіць на дровы ўжо чатыры гады таму. І што, толькі цяпер стала вядома, што гэта — суцэльныя страты, што гэта нявыгадна і дорага? Ніхто ня ведаў, што кацельня, якая працуе на бярвеньні, — вяртаньне ў каменны век? Няўжо няма ў нас навукоўцаў у гэтай галіне? Ды нашто навукоўцы — студэнт-завочнік па спэцыяльнасьці “цеплатэхніка” можа зрабіць патрэбныя разьлікі.

І што, цяпер мы павінны даверыць будаваць АЭС сёньняшняй уладзе, якая элемэнтарна ня здольная пралічыць ні тэхнічна, ні эканамічна кацельню на дровах? Ды гэтая ўлада ня можа нават трубы цеплатрасы ізаляваць, а ня тое што АЭС узьвесьці. Як выпадзе сьняжок, прайдзіцеся па сваім райцэнтры. Ня трэба ніякага мэталашукальніка, каб знайсьці, дзе праходзіць цеплатраса — там сьнегу ня будзе, ён растаў. Шырокая такая паласа, мэтры чатыры. Там вясной дзьмухаўцы зацьвітаюць ледзь не на месяц раней. Вось вам тыя гігакалёрыі, зь якіх можна выпрацаваць электраэнэргію. Пад нагамі валяюцца, толькі нахіліцца ды падняць. Эканамічны эфэкт вельмі хутка можна атрымаць. Страты на ацяпленьне ў нас у 4 разы большыя, чым у цывілізаваных краінах, на вытворчасьць адзінкі прадукцыі — у 4—6 разоў. А Аляксандар Рыгоравіч АЭС задумаў, якая, можа, пачне даваць нейкі плён гадоў праз восем. А можа, і не пачне. І ўсе гэтыя гады краіна павінна недаядаць, з апошніх сіл напінацца і рваць жылы, каб у выніку атрымаць чарговую цацку для прэзыдэнта і пэрспэктыву новага Чарнобылю?”


У сваім лісьце Кастусь Сырэль з Вушачаў выказваецца таксама наконт намеру ўладаў даручыць будаўніцтва атамнай станцыі расейскім спэцыялістам. Ён піша:

“У чым я цалкам згодны зь Зянонам Пазьняком, дык гэта ў тым, што ні ў якім разе нельга давяраць будаўніцтва АЭС Расеі. І таму, што тады трапім у яшчэ большую залежнасьць, і з-за верагоднай невысокай якасьці будаўніцтва. Мы ўжо ведаем іхні рэактар РБМК-1000: з 1986 году сёрбаем поўнай лыжкай тое, што на ім прыгатавана, наеліся ўдосталь. Хопіць з нас.

Калі ж Расея пачне будаваць АЭС у Беларусі, я буду дзень і ноч маліць Бога, каб мой сын і мае ўнукі ніколі не вярнуліся з Каліфорніі на Радзіму, у Беларусь, на сталае жыхарства”,


— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Кастусь Сырэль з Вушачаў.

Пры ўсёй слушнасьці вашых, Кастусь, развагаў, усё ж варта мець на ўвазе, што ў сучасным сьвеце ў энэргетычнай палітыцы ўлічваюць ня толькі эканамічныя разьлікі. Якімі цяжкімі могуць быць наступствы залежнасьці ад адной крыніцы паставак паліва, ад манапаліста, на постсавецкай прасторы добра ведаюць. Таму і імкнуцца да дывэрсыфікацыі — і пастаўшчыкоў, і спосабаў атрыманьня энэргіі. Гатовасьць да крызыснай сытуацыі, калі газ шматкроць падаражэе або манапаліст зь якіх-небудзь прычынаў увогуле перакрые газавы вэнтыль — гэта істотная гарантыя і эканамічнай, і палітычнай незалежнасьці.

Напэўна, дамагчыся таго, каб кацельні на дровах былі такімі ж рэнтабэльнымі, як на газе, на сёньняшні дзень складана. Хоць, напрыклад, у скандынаўскіх і балтыйскіх краінах вытворчасьць энэргіі з адкідаў дрэваапрацоўкі — дастаткова прывабны бізнэс.

На заканчэньне — фрагмэнт зь ліста Міхаіла Басевіча зь Пінску — на тэму становішча беларускай мовы. Слухач піша:

“Прыемна, што “Свабода” — беларускамоўнае радыё (адрозна ад многіх іншых станцый). Значэньне мовы адчуў на сабе. Летась у кастрычніку давялося пабыць на двухтыднёвых курсах падвышэньня кваліфікацыі ў Менску (я ўрач). Дык вось, аднойчы, едучы ў аўтобусе, пачуў, як ззаду сярод расейскамоўнага мора нехта прамаўляў па-беларуску. Я павярнуўся: маладая дзяўчына (відавочна, студэнтка), прыціснуўшы да вуха мабільнік, шпарыла на роднай мове. Гэта было так мілагучна, так прыемна. Я нават неяк падцягнуўся, расправіў плечы. На душы стала неяк узвышана. “І мы нацыя, і мы — людзі!”, — зьявілася такая думка”,

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Міхаіл Басевіч зь Пінску.

Дзякуй, спадар Басевіч, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by


XS
SM
MD
LG