Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Камплекты пласцінак з прамовай таварыша Сталіна"


Чарговы раз мы праглядаем старыя газэты ад 6 лютага розных гадоў мінулага.


“Наша Ніва” на гэтым тыдні 1908 году паведамляе зь вёскі Кленікі Бельскага павету: “12 студня быў тут сельскі сход аб бібліотэцы-чытальні імені Павленкова. Сход шоў так, што стыд і сорам за яго ўсім мужыком тутэйшым! І хто мог бы паверыць, што грамада сталых людзей паслухае аднаго пьяного мужыка? — А гэта і зрабілося на сходзі, каторы слухаў неякога пьянюгі, што даводзіў: “На што нам бібліотэка? — Ўсё роўна кнігі не мае; лепш куплю за пяць злотых псалтыр, дык будзе у мяне назаўсягды!”

“Звязда” ў 1938 годзе друкуе такую абвестку: “Адкрыта падпіска на камплекты грамафонных пласцінак з прамовай таварыша Сталіна на прадвыбарчым сходзе выбаршчыкаў Сталінскай акругі гор. Масквы 11 снежня 1937 года, у Вялікім тэатры, запісанай на 5 двухбаковых грамафонных пласцінках. Камплекты грампласцінак прамовы таварыша Сталіна аформлены ў прыгожых альбомах. Таксама выпускаюцца камплекты без альбомаў — у каробках... Да кожнага камплекта прыкладзена 100 грамафонных іголак”.

“Вячэрні Мінск” у 1978 годзе друкуе некралёг, падпісаны кіраўнікамі рэспублікі, дзеячамі культуры: “Творчасць Аркадзя Куляшова, выдатнага прадаўжальніка класічных традыцый Купалы, Коласа, Багдановіча, прызнанага майстра-наватара, вызначаецца глыбінёй зместу, страснасцю ў сцвярджэнні камуністычных ідэалаў, самабытнасцю мастацкага мыслення. З вышыні творчых дасягненняў паэта выразна бачыцца, наколькі быў паслядоўны і мэтанакіраваны ўвесь яго жыццёвы шлях”.


XS
SM
MD
LG