Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму падарунак стаў гуманітарнай дапамогай?


У Гомелі падатковая інспэкцыя пакарала апазыцыянэра Кастуся Жукоўскага за тое, што ён не зарэгістраваў “замежную бязвыплатную дапамогу”.


Яшчэ ў 2005 годзе на вясельле Жукоўскім украінскія сваякі падарылі 2 тысячы даляраў. А па выніках дэкляраваньня прыбыткаў за апошнія тры гады хлопец быў аштрафаваны ў эквіваленце болей чым на 800 даляраў – “за атрыманую замежную дапамогу”. Дзе праходзіць мяжа паміж падарункам і гуманітарнай дапамогай? І хто мае найбольшыя шанцы апынуцца ў прыцэле пільнай увагі кантралёраў?

Юрыст адной з адвакацкіх кантораў Менску Аркадзь Трубнік патлумачыў, што ў выпадку з Жукоўскім, які ледзь не палову вясельнага падарунка мусіў аддаць дзяржаве, вырашальным стала ўкраінскае паходжаньне грошай.

Дэпартамэнт абвяшчае міні-лібэралізацыю?

Згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, валюта можа выкарыстоўвацца пры дарэньні толькі паміж грамадзянамі краіны, а вось любыя замежныя сродкі, нават каля яны падарункі на дзень нараджэньня ці на вясельле, мусяць быць легалізаваныя праз адпаведныя дзяржаўныя структуры:

“Там увогуле ці было напісана, ад каго ён атрымаў падарунак? Бо самае галоўнае, каб атрымаў ад нерэзыдэнта. Іншымі словамі, калі ад сваякоў-беларусаў, дык ніякіх штрафаў ніхто плаціць не павінен”.

Карэспандэнт: “Іншымі словамі, істотная розьніца паміж сваякамі беларускімі і ўкраінскімі?”

“Так, канечне. У іншым выпадку можна клясыфікаваць, што гэта насамрэч замежная бязвыплатная дапамога. Магчыма, што ў дэклярацыі нешта падобнае прасьлізнула, і ў выніку атрымалася нібыта абгрунтаванае патрабаваньне падаткавікоў”.

Дзесяць апошніх гадоў усю замежную фінансавую і матэрыяльную дапамогу, якая паступае ў Беларусь, кантралюе Дэпартамэнт гуманітарнай дзейнасьці пры Кіраўніцтве справамі прэзыдэнта. Як удакладняецца ў палажэньні, падпісаным Аляксандрам Лукашэнкам, зроблена гэта ў мэтах упарадкаваньня працэдуры атрыманьня, уліку і разьмеркаваньня дапамогі, якая паступае ў Беларусь. Згодна з дакумэнтам, пад гуманітарнай дапамогай разумеецца спэцтэхніка, лекі, тавары народнага спажываньня, прадукты харчаваньня, а таксама грашовыя сродкі, якія перадаюцца бязвыплатна і не скіраваныя на атрыманьне камэрцыйнай выгады.

Жорсткія правілы ўліку замежных ахвяраваньняў істотна ўскладнілі існаваньне як звычайных людзей, якія ня могуць у пажаданым аб’ёме атрымаць дапамогу ад замежных сваякоў, так і няўрадавым арганізацыям, якія ў бальшыні сваёй папросту згарнулі сумесныя праекты на грашовыя гранты замежных калегаў. Прыкладам, атрымаўшы перавод звыш дазволенай сумы ад амэрыканскіх сваякоў, яго неабходна зарэгістраваць у Дэпартамэнце, а сродкі пералічыць на спэцыяльны дабрачынны рахунак. Выкарыстаць грошы можна толькі ў адпаведнасьці з зацьверджаным у Дэпартамэнце “мэтавым плянам”. Працэдура расьцягваецца на месяцы.

Але, як паведамілі мне ў згаданым Дэпартамэнце, днямі памер бязвыплатнай дапамогі (грашыма і таварам), атрыманай фізычнымі асобамі ад замежнікаў, павялічаны ў эквіваленце ад 500 да 1600 даляраў. Цяпер, як кажа прадстаўніца ведамства Надзея Мароз, для карыстаньня сумай, прыкладам, у 1500 даляраў, не патрабуецца рэгістрацыя ў ведамстве:

“Гэта тычыцца толькі фізычных асобаў, а памер атрыманай сумы не павінен перавышаць 100 базавых велічынь. І гэта ўжо ёсьць у нарматыўных актах. Прыкладам, калі ўсталяваная нарматыўная база “Кансультант-плюс”, то можна ўжо ўбачыць пастанову Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта ад 10 студзеня, якая набыла моц 23 студзеня”.

Праўда, у выпадку з Кастусём Жукоўскім нават трохразовае падвышэньне ліміту на рэгістрацыю замежнай дапамогі ня стала выратавальным. Да таго ж, як і раней, на гуманітарную дапамогу афармляецца паведамленьне. З той толькі розьніцай, што з мытні ці з банку папера ідзе ня ў Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, а застаецца на той жа пошце ці ў банку.

Што дазволена прыватнікам, забаронена арганізацыям

Зрэшты, калі фізычныя асобы хоць крыху могуць уздыхнуць з палёгкай, то так званы трэці сэктар па-ранейшаму абмежаваны ў фінансавых справах. Гаворыць старшыня Фонду імя Льва Сапегі Міраслаў Кобаса:

“Што да арганізацыяў, дык як было, так і засталося – па-мойму, 200 даляраў на месяц, ня больш, якія ня трэба рэгістраваць у Дэпартамэнце. Можа, неяк памяняліся гэтыя базавыя велічыні, але калі што і зьмянілася, дык зусім не нашмат”.

Карэспандэнт: “То бок, для юрыдычных асобаў сума нават меншая, чым для фізычных?”

“Так, істотна меншая. І тут нават справа ня ў тым, каб больш акрэсьленага ня бралі, а сэнс у тым, каб больш нельга было даць. Бо практычна ўсё трэба рэгістраваць. І пакуль ніякага руху наперад не адчуваецца, наадварот, рух толькі ў зваротным накірунку. Напрыклад, ад красавіка пачынае дзейнічаць палажэньне, у адпаведнасьці зь якім не распаўсюджваюцца льготы на грамадзкія арганізацыі па выплаце арэнднай платы. Калісьці зьніжка была ў 10%, неўзабаве яна здымаецца. Іншыя плянуюцца захады. Вось гэта ўдарыць, канечне, моцна па грамадзкіх арганізацыях”.

Зрэшты, як паведамілі ў Дэпартамэнце, арганізацыі маюць права не рэгістраваць сумы ўсё ж большыя, чым назваў спадар Кобаса. Паводле спадарыні Мароз – гэта 30 базавых велічынь, што ўдвая болей.

Былы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Леанід Сініцын лічыць, што татальны кантроль за перасоўваньнем не такіх ужо значных сумаў -- нішто ў параўнаньні зь ценевым абаротам у дзяржаўным сэктары. А большая празрыстасьць у фінансавых апэрацыях магла б спрыяць выхаду грашовых мяхоў з падпольля. Таму, на думку Сініцына, фіскальныя органы ня там дэманструюць сваю актыўнасьць:

“У нас усё вельмі моцна завязанае на карупцыі. І няма ніякіх рычагоў стрымліваньня карупцыі. Яна расьце і расьце, а ў апошнія гады павялічылася ў такіх аб’ёмах, што ўвогуле можна з глузду зьехаць. Як піраньня, дробная карупцыя, але яна распаўзлася па ўсёй краіне. Аднак цяперашнія мэтады барацьбы з карупцыяй ў беларускіх умовах неэфэктыўныя. Патрэбная нармалёвая рынкавая эканоміка, нармалёвыя законы. І паступова сытуацыя наладзіцца. Дый канкурэнцыя шмат у чым прыбірае карупцыю, вельмі істотна зьніжае яе паказьнікі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG