Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"З нашым Аляксандрам Рыгоравічам любому цяжка дамовіцца"



Карэспандэнтка: “Як вы мяркуеце, ці паўплываюць наступныя выбары прэзыдэнта ЗША на ўзаемадачыненьні Амэрыкі і Беларусі?”

Спадарыня: “Любыя выбары адбіваюцца на любой дзяржаве й на палітыцы, вядома. Калі там прэзыдэнт будзе іншы, то пад яго будуць падладжвацца й іншыя краіны. Калі застанецца Буш, то адносіны застануцца такія самыя — можна сказаць, напятыя”.

Спадар: “Я мяркую, што зьменяцца, але я ня думаю, што ў лепшы бок. Бо з нашым Аляксандрам Рыгоравічам любому цяжка дамовіцца”.

Дзяўчына: “Я ня думаю, што гэта адыгрывае нейкую ключавую ролю — хто там галоўны. Ён жа не адзін усё вырашае. На ўзаемадачыненьні Амэрыкі й Беларусі маглі б толькі прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі паўплываць, напэўна!”

Хлопец: “Я думаю, гэта можа адбіцца на палітычным жыцьці ўсяго сьвету. Нейкія канфлікты новыя будуць, ці наадварот. А што да Беларусі, дык мы ж тут, у цэнтры Эўропы. Мы ў Амэрыку ня часта езьдзім, а яны да нас яшчэ радзей, напэўна”.

Дзяўчына: “Я лічу, што не паўплываюць. Наша Беларусь хінецца больш да Эўропы, да Расеі”.

Спадар: “Не, не паўплываюць. Каму мы патрэбныя? Беларусь не такая вялікая краіна, каб на яе зьвяртаць увагу. Я думаю, нічога ня зьменіцца”.

Спадарыня: “Я хачу сказаць, што нічога ў нашых стасунках ня зьменіцца. Яны застануцца такія самыя, як і былі. Бо на прэзыдэнта выбіраюць таго, хто павінен умець дамаўляцца. Неяк дамаўляліся зь цяперашнім, дык дамовімся й з наступным”.

Спадар: “Скажу каротка. Паміж намі каля чатырох тысяч кілямэтраў. Таму наўрад ці нешта адаб’ецца на нашых стасунках. Як былі стасункі складаныя, такімі й застануцца”.

Дзяўчына: “Будуць такія самыя, як і былі раней. Амэрыканцы нас ня дужа любяць, і слушна! Нас жа за тэрарыстычную краіну ўважаюць, мы ж адшчапенцы ўсяго грамадзтва! Таму й стаўленьне да нас адпаведнае. І трэба хутчэй абвясьціць не ў Амэрыцы, а ў Беларусі прэзыдэнцкія выбары!”

Спадар: “Пытаньне гучыць крыху дзіўна. Як “калі нешта нейкае здарыцца на Месяцы, то ці паўплывае гэта на тэмпэратуру вады ў маім кране на кухні?” Што — выбары ў Амэрыцы? Там прэзыдэнтам будзе жанчына або мужчына, дэмакрат або рэспубліканец — гэта ўсё адно не павінна памяняць адносіны цэлай дзяржавы да іншай дзяржавы. Стаўленьне да Беларусі можа зьмяніцца толькі тады, калі нешта зьменіцца ў самой Беларусі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG