Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі журналіст атрымаў палітычны прытулак ва Ўкраіне


Упраўленьне іміграцыі ў Львоўскай вобласьці паведаміла, што дала палітычны прытулак расейскаму журналісту Аляксандру Косьвінцаву.


Косьвінцаў - былы рэдактар кемераўскай газэты “Расейскі рэпартэр”. Журналіст папрасіў прытулку ў суседняй краіны, кажучы, што ў Расеі ён зазнаў перасьлед і пагрозы за ягоныя крытычныя публікацыі і палітычную дзейнасьць.

Аляксандар Косьвінцаў быў галоўным рэдактарам газэты “Расейскі рэпартэр”, а таксама кіраўніком кемераўскай філіі Аб’яднанага грамадзянскага Фронту, кіраванага Гары Каспаравым. Яго артыкулы пра карупцыю ў вышэйшых эшалёнах улады вобласьці выклікалі ціск з боку ўладаў. Але асабліва моцным стаў перасьлед пасьля таго, як ён узначаліў філію апазыцыйнай палітычнай арганізацыі.

Косьвінцаў: “Я атрымаў вельмі сурьёзнае папярэджаньне ад людзей, якія працуюць у сілавых структурах, што мне трэба быць акуратным, ня езьдзіць аднаму, бо мяне адпаведныя людзі спыняць пад выглядам даішнікаў і паб'юць ці падкладуць наркотыкі”.

Журналіст кажа, што губэрнатар вобласьці Аман Тулееў асабіста курыраваў ягоны перасьлед.

Косьвінцаў: “Быў данос губэрнатара кемераўскай вобласьці, дзе ён пісаў свайму пракурору: "Мы ўважліва сочым за дзейнасьцю Косьвінцава і як рэдактара газэты "Расейскі рэпартэр", і як кіраўніка мясцовага аддзелу Аб'яднанага грамадзянскага фронту. І прымаем адпаведныя меры".Меры гэтыя ўвасабляліся ў розныя правакацыі, праслухоўваньне тэлефонаў, сачэньне, візыты міліцыянтаў і гэтак далей. Гэта было доказам таго, што цікавасьць да мяне - палітычна матываваная”.

Аляксандар Косьвінцаў папрасіў палітычнага прытулку ва Ўкраіне ў лютым летась. Тады ж генконсульства Расеі ва Львове заявіла, што наданьне Косьвінцаву статусу палітычнага ўцекача будзе супярэчыць дамове аб сяброўстве паміж Расеяй і Ўкраінай. Тым ня менш сёлета расейскі журналіст атрымаў палітычны прытулак. Пасьля прыезду ва Ўкраіну ён стаў працаваць ў газэце “Вечаровыя весьці”, патым стаў яе галоўным рэдактарам. Журналіст кажа, што ставіць перад сабой задачу паказаць украінцам, што ўяўляе з сябе пуцінскі рэжым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG