Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рух “За Свабоду”, які ачольвае Аляксандар Мілінкевіч, пачынае кампанію “За свабодныя выбары”.


Кампанія мае на мэце спрыяць таму, каб выбары ў Палату прадстаўнікоў, прызначаныя на восень, былі свабоднымі і справядлівымі. Удзельнікі кампаніі хочуць дамагчыся, каб выбары адпавядалі заканадаўству і прынятым у дэмакратычных краінах нормам.
Ніякіх рэальных пэрспэктываў няма. Гэта інфармацыйна- агітацыйны падыход

Ініцыятары кампаніі будуць зьбіраць подпісы за зьмяненьне выбарчага заканадаўства. Пасьля сабраныя подпісы перададуць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, каб тыя ўнесьлі адпаведныя зьмены ў Выбарчы кодэкс.

Тое ж самае чатыры гады таму спрабаваў зрабіць Валеры Фралоў — тагачасны дэпутат Палаты. Але ні ў яго, ні ў ягоных паплечнікаў з дэпутацкай групы “Рэспубліка” нічога з гэтага не атрымалася.

Валеры Фралоў і сёньня лічыць, што на гэтым шляху няма ніякіх пэрспэктываў:

“Ніякіх рэальных пэрспэктываў няма. Гэта інфармацыйна-агітацыйны падыход. І ня больш за тое. Нічога практычнага з гэтага не атрымаецца. Нічога. Ну як гэта можа рэальна адбыцца? Як?”
Фактычна сёньня ў нас працуе дасканалая машына фальсыфікацыі выбараў

“А як дэпутаты паставяцца да гэтых прапановаў?”

“А ніяк! Яны ставяцца так, як ім загадаюць. А перамены гэтыя Аляксандру Рыгоравічу непатрэбныя. Значыць, і ім непатрэбныя”.

Нягледзячы на гэта, Валеры Фралоў лічыць, што подпісы зьбіраць варта:

“Гэта — добрая агітацыйная кампанія, якая хоць трохі прасьвятляе мазгі”.

Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, ня лічыць працу Руху “За Свабоду” марнай, хоць дамагчыся выкананьня заяўленых мэтаў, на яго думку, пакуль немагчыма:

“Таму што патрэбна палітычная воля, каб патрабаваньні руху рэалізаваць. Але рух можа (і я думаю, што гэта будзе адной з асноўных задачаў), — прыцягнуць увагу грамадзкасьці Беларусі да структуры выбараў, да выбарчай сыстэмы, да выбарчай кухні. І мне падаецца, што раскрыцьцё гэтага мэханізму вельмі невыгодна для беларускіх уладаў. Яно паказвае, што фактычна на сёньняшні дзень у нас працуе дасканалая машына фальсыфікацыі выбараў. На ўсіх узроўнях”.

XS
SM
MD
LG