Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Шыдлоўскі папрасіў палітычнага прытулку ў Чэхіі. Актывіст уцёк ад пагрозы зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму.

Рашэньне для мяне сапраўды цяжкае

Аляксей Шыдлоўскі папрасіў палітычнага прытулку ў Чэхіі. 5 лютага апоўдні з апазыцыянэрам удалося пагаварыць праз тэлефон. Аляксей Шыдлоўскі якраз ехаў у аўтобусе з Прагі ў лягер уцекачоў у мястэчку Вышні Льготы непадалёк ад чэска-польскай мяжы. Вось як Аляксей пракамэнтаваў сваё рашэньне застацца ў Чэхіі:

“Рашэньне для мяне сапраўды цяжкае. Але справа ў тым, што паводле артыкулу, у парушэньні якога мяне падазраюць, прадугледжаны вялікі тэрмін. Праўда, ёсьць паводле гэтага артыкулу і тэрмін даўнасьці – 10 гадоў. Таму, мяркую, калі не атрымаецца раней, то праз гэты час вярнуся дакладна”.
Усё пачалося з-за партрэту Лукашэнкі

Карэспандэнт: “ А што гэта быў за інцыдэнт і наколькі ён тычыцца палітыкі?”

“Усё пачалося з-за партрэту Лукашэнкі. Потым міліцыянты казалі, што можна абысьціся без крымінальнай справы — калі саджаць за кожную невялікую сутычку, то Менск пусты будзе. Але калі маё прозьвішча дайшло “наверх”, відаць, атрымалі загад і завялі справу. Гэтага хлопца прымусілі напісаць заяву. Запужалі, што калі ты не напішаш, то нібыта напішу я. Мне гэта потым ён сам распавёў”.

Інцыдэнт, пра які казаў Аляксей Шыдлоўскі, адбыўся зь ім 10 сьнежня ў адной зь менскіх крамаў, дзе гандлююць відэа- і аўдыёкасэтамі. Аляксей скінуў з паліцы на падлогу партрэт Аляксандра Лукашэнкі, за гэта яго ўдарыў ахоўнік крамы. Пачалася бойка, якую спыніла міліцыя.

Спачатку бакі не заяўлялі пра ўзаемныя прэтэнзіі, але потым Аляксея выклікалі да сьледчага ў Фрунзенскі РАУС Менска. Там актывіст даведаўся, што падазраецца паводле артыкулу аб злосным хуліганстве. Раней яго двойчы асуджалі за палітычныя графіці менавіта паводле гэтага артыкулу, таму яму пагражала да 7 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму.
Вядзецца пошук падазронага Аляксея Шыдлоўскага. Ён абвешчаны ў вышук

Аляксей Шыдлоўскі ня стаў чакаць, пакуль выставяць абвінавачаньне, а зьехаў у канцы 2007 году ва Ўкраіну, адкуль перабраўся ў Чэхію.

У чэскім лягеры ўцекачоў заяўніка могуць пратрымаць ад аднаго месяца да двух гадоў, паведаміў Аляксей Шыдлоўскі.

Партрэты Аляксандра Лукашэнкі не ўпершыню фігуруюць у крымінальных справах супроць беларускіх апазыцыянэраў. У 2006 годзе падчас выбарчай кампаніі міліцыя затрымала кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Калі яго прывезьлі ў райаддзел, палітык разьбіў партрэт кіраўніка краіны. Пазьней Аляксандра Казуліна асудзілі на 5,5 гадоў за хуліганства і арганізацыю вулічных беспарадкаў.

Палітычнага прытулку за мяжой прасіў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў. Гэта былыя дэпутаты Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык, Валер Кругавы, паэт Славамір Адамовіч, журналіст Аляксандар Сіліч, банкірка Тамара Віньнікава. Найчасьцей беларусы просяць палітычнага прытулку ў ЗША, Вялікабрытаніі, Бэльгіі, Польшчы, Чэхіі. У Нямеччыне атрымалі палітычны прытулак сваякі зьніклага Юрыя Захаранкі і заўчасна памерлага Генадзя Карпенкі.

XS
SM
MD
LG