Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пан Гі Мун. Візыт у Чарнобыль


Пан Гі Мун у Чарнобылі

Пан Гі Мун у Чарнобылі

У артыкуле з такой назвай, апублікаваным у The New York Times, генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун (Ban Ki-Moon) распавядае пра сваю паездку ў зону чарнобыльскай катастрофы і дзеліцца сваімі меркаваньнямі пра ўрокі гэтай трагедыі.

25 гадоў таму выбух на Чарнобыльскай АЭС накінуў радыеактыўнае воблака на Эўропу, і ўвесь сьвет апынуўся ў ягоным ценю. Сёньня трагедыя на АЭС Фукусіма-Даіці працягваецца, падвышаючы страхі людзей і ўзьнімаючы цяжкія пытаньні.

Некалькі дзён таму я пабываў у Чарнобылі, убачыў нядзейны рэактар, пакрыты бэтонным саркафагам. Суседні горад Прыпяць - мёртвы і пагружаны ў цішыню, пустыя дамы развальваюцца, як маўклівы напамін аб пакінутых жыцьцях, цэлы сьвет, кінуты і страчаны для тых, хто яго любіў.

Больш за 300 тысяч чалавек былі перамешчаныя пасьля аварыі ў Чарнобылі, паводле агульных разьлікаў больш за шэсьць мільёнаў чалавек так ці інакш пацярпелі ад аварыі. Тэрыторыя, роўная палове Італіі альбо маёй краіне, Паўднёвай Карэі, была забруджаная.

Адна справа чытаць пра Чарнобыль, знаходзячыся далёка. І зусім іншае ўбачыць гэта. Для мяне гэта было моцнае ўражаньне, а карцінкі застануцца ў маёй галаве на доўгія гады. Мне працытавалі ўкраінскую прымаўку: «Не бывае чужога гора». Тое ж самае тычыцца і ядзерных катастроф. Не бывае трагедыі адной краіны.

Мы яшчэ раз даведваемся, што ў ядзерных катастроф няма абмежаваньняў. Яны зьяўляюцца прамой пагрозай чалавечаму здароўю і навакольнаму асяродзьдзю. Яны ўплываюць на любую эканамічную дзейнасьць, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі і канчаючы гандлем і міжнароднымі паслугамі.

Нам варта задумацца, настаў час для гэтага сусьветнага абмеркаваньня. Многія падкрэсьліваюць, што атамная энэргія чыстая і зьяўляецца лягічна абгрунтаваным выбарам ў часы памяншэньня прыродных запасаў. Але падзеі прымушаюць нас гаварыць на гэтую тэму: ці правільна мы падлічылі рызыкі і кошт? Ці робім мы ўсё неабходнае для гарантаваньня бясьпекі людзей?

Калі наступствы катастрафічныя, бясьпека мусіць быць першаснай праблемай. Наступствы ня маюць межаў, гэта датычыць усіх, таму пытаньне павінна абмяркоўвацца на сусьветным узроўні.

Вось чаму, наведаўшы Ўкраіну ў 25-ю гадавіну катастрофы, я прапанаваў стратэгію па паляпшэньні ядзернай бясьпекі зь пяці пунктаў:

1. Неабходна перагледзець цяперашнія стандарты бясьпекі, на нацыянальных і міжнародных узроўнях.

2. Неабходна ўзмацніць працу МАГАТЭ.

3. Неабходна надаць падвышаную ўвагу сувязі паміж наступствамі прыродных катаклізмаў і ядзернай бясьпекай. Зьмены клімату вядуць да павялічэньня колькасьці выпадкаў анамальных кліматычных зьяваў. Улічваючы заплянаванае будаўніцтва АЭС у бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі, наша ўразьлівасьць будзе павялічвацца.

4. Неабходна правесьці новыя разьлікі рэнтабэльнасьці ядзернай энэргіі, улічваючы новыя выдаткі па забесьпячэньні падрыхтоўкі да прыродных катаклізмаў і захадаў па ліквідацыі наступстваў, калі адбудзецца непапраўнае.

5. Неабходна ўзмацніць сувязь ядзернай бясьпекі і надзейнасьці. У той час, калі тэрарысты імкнуцца атрымаць ядзерныя матэрыялы, мы можам з упэўненасьцю казаць, што атамныя станцыі, якія бясьпечныя для сваіх краін, бясьпечныя для ўсяго сьвету.

Мой візыт у Чарнобыль быў ня першым маім візытам у месца, зьвязанае з ядзернай энэргіяй. . Год таму я быў у Сяміпалацінску ў Казахстане, дзе праводзіліся ядзерныя выпрабаваньні ў часы Савецкага Саюзу. Мінулым летам у Японіі я сустракаўся з хібакуся - ахвярамі атамных бамбаваньняў Хірасімы і Нагасакі. Хібакуся перакладаецца зь японскай як «людзі, якія атрымалі ўзьдзеяньне выбуху».

Я наведаў гэтыя месцы, каб падкрэсьліць важнасьць раззбраеньня. Дзесяцігодзьдзямі перамоўнікі шукалі пагадненьня з нагоды скарачэньня ядзерных узбраеньняў і нават поўнага яго зьнішчэньня. Летась мы былі сьведкамі вельмі станоўчага разьвіцьця падзей у гэтым накірунку.

Памятаючы пра Чарнобыль і Фукусіму, мы павінны пашырыць свой погляд. З гэтага часу мы павінны ставіцца да ядзернай бясьпекі гэтак жа, як мы ставімся да ядзернай зброі.

Сьвет сутыкаўся з мноствам трывожных небясьпечных сытуацый. Прыйшоў час паглядзець фактам у твар. Мы абавязаны людзям увесьці высокія стандарты гатовасьці да экстрэмальных сытуацый, ад будаўніцтва новых АЭС і новага стандарту кіраваньня імі да вываду іх з эксплюатацыі.

Пытаньні ядзернай энэргіі і бясьпекі з гэтага часу не зьяўляюцца сувэрэннымі пытаньнямі асобных краін. Яны важныя для ўсяго сьвету. Нам патрэбныя новыя міжнародныя стандарты будаўніцтва, абумоўленыя гарантыі бясьпекі, поўная празрыстасьць і абмен інфармацыяй паміж краінамі.

Хай гэта будзе спадчынай Чарнобылю. Нягледзячы на цішыню, я ўбачыў прыкметы вяртаньня жыцьця. Новы ахоўны саркафаг узводзіцца над рэактарам. Людзі пачынаюць вяртацца. Давайце разьвеем апошняе воблака Чарнобылю і запрапануем лепшую будучыню тым, хто занадта доўга пражыў у яго ценю.
XS
SM
MD
LG