Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк: няма неабходнасьці ў альтэрнатыўных біржавых таргах


Нацыянальны банк Беларусі адмовіўся ад ідэі праводзіць дадатковыя валютныя таргі на біржы.

"Нацыянальны банк паведамляе, што цяпер няма неабходнасьці ўвядзеньня дадатковай сэсіі на таргах ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа", — паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на Нацбанк.

"Адкрыцьцё альтэрнатыўных, у адносінах да асноўнай сэсіі, таргоў патрабуе выкананьня значнай падрыхтоўчай працы тэхнічнага характару, а таксама стварэньня ўсіх умоў, неабходных для ўстойлівага і эфэктыўнага функцыянаваньня дадатковай сэсіі", — тлумачаць у Нацбанку.

Варта нагадаць, што на пачатку мінулага тыдня першы намесьнік старшыні Нацбанку М. Лузгін і віцэ-прэм'ер С. Румас афіцыйна заяўлялі пра тое, што дадатковая сэсія валютнай біржы, на якой курс будзе вызначацца свабодна, пачне сваю працу на бягучым тыдні. Румас у інтэрвію агенцтву Reuters казаў нават больш дакладна -- што дадатковая валютная сэсія на Беларускай валютна-фондавай біржы пачне працу ў аўторак-сераду, а курс даляра на ёй прагназуецца ў дыяпазоне 3.800-4.100 BYR / USD.

Але, як адзначае выданьне «Беларусы і рынак», рэальныя зьдзелкі ў сярэдзіне мінулага тыдня адбываліся ўжо па курсе вышэйшым за 5 тыс. BYR / USD.

Аднак, паводле выданьня, у пятніцу пазабіржавы рынак цалкам спыніўся. Банкіры спаслаліся на чарговую "вусную рэкамэндацыю" Нацбанку ад 21 красавіка: максымальны ўзровень курсу даляра на пазабіржавым рынку не павінен перавышаць 4,5 тыс. BYR / USD.
XS
SM
MD
LG