Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Ваўчанін: беларускія ліквідатары – самыя неабароненыя ў сьвеце


Сёньня споўнілася 25 гадоў з моманту трагічнай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Пятая частка тэрыторыі Беларусі была заражана радыенуклідамі. Сотні тысяч чалавек былі пераселеныя з заражаных раёнаў Гомельскай і Магілёўскай абласьцей. Аварыя ў Чарнобылі была прызнаная найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофай у гісторыі чалавецтва. Госьць “Ранішняй Свабоды” – кіраўнік грамадзкай арганізацыі "Саюз Чарнобыль-Беларусь" Аляксандар Ваўчанін, які цяпер бярэ ўдзел у жалобных мерапрыемствах ва Ўкраіне.

Абламейка: Якія, на вашу думку, самыя галоўныя праблемы, зьвязаныя з наступствамі Чарнобылю, пра якія у 25-ю гадавіну трэба найперш гаварыць?

Ваўчанін: Самая галоўная праблема – гэта памяць аб тых людзях, якія пайшлі, якіх няма ўжо з намі.

Абламейка: Год таму ваша арганізацыя накіравала ліст прэзыдэнту ЗША Бараку Абаму, генэральнаму сакратару ААН Пан Гі Муну, прэзыдэнту Эўразьвязу і старшыні Эўрапарлямэнту з просьбай правесьці ў 2011 годзе міжнародную канфэрэнцыю, прысьвечаную 25-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая, на вашу думку, магла б дапамагчы Беларусі вырашыць чарнобыльскія праблемы. Прайшоў год, і міжнародная канфэрэнцыя адбылася, але ў Кіеве, і там пра дапамогу Беларусі наогул не гаварылася. Там зьбіралі грошы для Ўкраіны на новы саркафаг...

Ваўчанін: Так, Беларусь заўжды забываюць. Але, я думаю, можа забываюць таму, што нашы беларускія чыноўнікі ня хочуць гаварыць пра Чарнобыльскую катастрофу...

Абламейка: Як бы вы ацанілі сёньняшнюю палітыку беларускіх уладаў адносна ліквідатараў?

Ваўчанін: Ліквідатары ў Беларусі – гэта самыя неабароненыя ліквідатары ў сьвеце. Калі ўзяць Расею, Украіну, Азэрбайджан, Таджыкістан, Малдову – то на сёньняшні дзень у іх прайшлі жалобныя мерапрыемствы, удзельнікі ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС былі ўзнагароджаныя памятнымі мэдалямі. А ў нас у Рэспубліцы Беларусь такога няма. У нас цяпер склалася такое становішча, што беларускія ліквідатары ня маюць тых правоў і сацыяльных гарантыяў, як нашы браты зь іншых краінаў СНД і краінаў Прыбалтыкі. Гэта і выхад на пэнсію, гэта і пэнсійнае забесьпячэньне, гэта і курортнае забесьпячэньне, і лекі. Гэта вельмі сумна, што сёньня мы аб гэтым павінны гаварыць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG