Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве адкрыўся Фэст беларускай рэпрэсаванай культуры


25 красавіка ў Кіеве распачаўся традыцыйны, пяты па ліку, фэстываль сучаснай беларускай культуры "Беларуская вясна". Доўжыцца ён будзе тры тыдні. У праграме фэсту — шматлікія мастацкія выставы, пэрформансы, майстар-клясы, відэаінсталяцыі, дыскусіі.

Арганізатары фэсту — творчая ініцыятыва "Беларускі дэсант". Гэта супольнасьць неабыякавых да Беларусі ўкраінцаў, чые сябры, сваякі, родныя жывуць у Беларусі.

Вядомы ўкраінскі пісьменьнік Аляксандар Ірванец авалодаў нават беларускай мовай, на якую перакладзена багата ягоных твораў:

"Мы вельмі блізкія. Мы сапраўдныя народы-браты. І ўкраінцам, і беларусам навязваюць у браты расейцаў, але сапраўдныя браты — гэты мы зь беларусамі. Украінцы адчуваюць, што мы вельмі блізкія, вельмі падобныя народы. І вельмі падобная гісторыя. Сапраўды, мы найбліжэйшыя народы на сьвеце".

Сёлета "Беларуская вясна" будзе фэстам рэпрэсаванай культуры, бо менавіта такой украінцы бачаць сучасную беларускую культуру. І тэматыка досыць вострая, кажа каардынатар фэстывалю Тася Жыўкова:

"Бо рабіць фэстываль выключна беларускай актуальнай культуры альбо сучаснай культуры і не казаць пра палітычную сытуацыю ў краіне было б несправядлівым замоўчваньнем вельмі сур'ёзных фактаў".

25 красавіка фэст распачаўся выставай "Асаблівы рэжым" (Особливий режим / Special Treatment). На ёй прадстаўленыя творы чатырох мастакоў — двух беларусаў, расейца і ўкраінца. Агульная тэматыка, якая яднае ўсіх чатырох творцаў, — рэпрэсіі, катаваньні.

Беларус Юрась Навіцкі маляваў непасрэдна ў вязьніцы, калі адбываў арышт 10 сутак у Жодзіне.

Вядомы расейскі карыкатурыст Андрэй Більжо прадставіў паштоўкі беларускім палітвязьням, якія ён зрабіў адмыслова для сайту http://pashtouka.org. На паштоўках літаратурныя ці казачныя пэрсанажы трапляюць у сытуацыі, у якіх могуць апынуцца ўдзельнікі акцыяў пратэсту. Да прыкладу, сьледчы ў абліччы ваўка пытаецца ў Чырвонай шапачкі, куды тая насіла піражкі 19 сьнежня.

Украінскі мастак Мікіта Кадан стварыў беларускі варыянт постэраў "Працэдурны пакой", у якіх аб'яднаў настальгічную наіўнасьць савецкіх плякатаў па ахове працы і падручнікаў па вайсковай падрыхтоўцы.




Каардынатарка фэсту Тася Жыўкова
перакананая:

"Мастакі, творцы лічаць, што пра праблемы палітычных рэпрэсіяў і катаваньняў неабходна гаварыць, таму што калі заплюшчваць вочы на гора суседзяў, то рана ці позна гора прыйдзе і ў нашу краіну, ва Ўкраіну. Таму мы лічым немагчымым гэта замоўчваць".

Украінскі пісьменьнік Аляксандар Ірванец рыхтуецца да пэрформансу "Чыстасардэчнае прызнаньне":

"Гэта будзе такое відовішча, калі мяне арыштуюць раніцай 13-га ў пятніцу. Я цэлы дзень буду ў пастарунку, у ізалятары, і ўвечары распавяду, што я адчуваў. Я ніколі ня быў у турме, але калі служыў у Савецкай Арміі, быў на гаўптвахце і ведаю, што такое адбыць тры дні ў камэры. Я жыву не ў самім Кіеве, а ў горадзе Ірпень, адтуль мяне завязуць у Кіеў, пасадзяць у камэру на цэлы дзень, і ўвечары я падзялюся з гледачамі, што я адчуваў".

У межах фэстывалю "Беларуская вясна" адбудуцца прэзэнтацыя коміксаў Марыны Напрушкінай "Пераканаўчая перамога", майстар-кляс "Мастацтва ў турме", адкрытая дыскусія пра адказнасьць за свабоду перакананьняў ды шмат іншых імпрэзаў. Выстава працягнецца да 13 траўня.

http://belarus.org.ua/
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG