Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальны банк не валодае зьвесткамі, калі можа адбыцца дадатковая сэсія на біржы, дзе курс беларускага рубля будзе фармавацца на аснове попыту і прапановы. Ва ўпраўленьні інфармацыі Нацбанку агенцтву БелаПАН сказалі, што пра такія пляны ім нічога невядома.

Нагадаем, што пра намеры ўвесьці дадатковую сэсію паведаміў 19 красавіка першы намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Мікалай Лузгін: "На біржы на аснове попыту і прапановы будзе ўсталёўвацца курс пры свабоднай куплі і продажы валюты пры паралельным захаваньні асноўных таргоў, на якіх ажыцьцяўляецца продаж валюты на мэты крытычнага імпарту", -- растлумачыў Лузгін і нагадаў, што такая практыка была ў Беларусі ў канцы 1990-х гадоў.

Праўда, у канцы мінулага тыдня зьявілася інфармацыя, што фінансавыя ўлады так і не вызначыліся з тэрмінамі і мэтазгоднасьцю ўвядзеньня дадатковых таргоў валютай.

Незалежныя эканамісты, у сваю чаргу, адзначаюць, што ўраду з Нацбанкам варта ўсталёўваць адзіны курс на ўсіх сэгмэнтах рынку, бо множнасьць курсаў спрыяе росту карупцыі і спэкуляцый.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG