Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У бліжэйшыя дні сустрэча прэзыдэнтаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны графікам Аляксандра Лукашэнкі не прадугледжаная. Пра гэта паведаміў БелаПАНу кіраўнік прэсавай службы беларускага прэзыдэнта Павал Лёгкі.

"Нічога не плянуецца. Заўтра, 26 красавіка, кіраўнік дзяржавы будзе працаваць у Гомельскай вобласьці, як гэта кожны год традыцыйна ў нас адбываецца", -- сказаў Лёгкі.

Раней інфармацыйныя агенцтвы паведамлялі, што 26 красавіка прэзыдэнты Беларусі, Расеі і Ўкраіны Аляксандар Лукашэнка, Дзьмітры Мядзьведзеў і Віктар Януковіч у 25-ю гадавіну Чарнобыльскай катастрофы сустрэнуцца ў Чарнобылі.

Сёньня прэзыдэнт Расеі пацьвердзіў гэтым намер. "Заўтра я паеду ў Чарнобыль, там будзе сустрэча з маімі калегамі, а таксама з тымі, хто браў удзел у ліквідацыі аварыі", -- заявіў Мядзведзеў на цырымоніі ўручэньня дзяржаўных узнагарод удзельнікам ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС.

Варта нагадаць, што Аляксандар Лукашэнка быў запрошаны на міжнародную канфэрэнцыю краін-донараў, якая прайшла 19 красавіка ў Кіеве з удзелам старшыні Эўракамісіі Жазэ Мануэла Барозу. Аднак Барозу свой прыезд у Кіеў абумовіў адсутнасьцю там Аляксандра Лукашэнкі. Беларускую дэлегацыю на імпрэзе ў Кіеве з нагоды 25-годзьдзя катастрофы на ЧАЭС узначаліў міністар надзвычайных сытуацыяў Уладзімер Вашчанка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG