Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Кульлінковіч: «Я спадзяюся, што розум пераможа»


Гэты гурт упершыню паказаўся на публіцы роўна 20 год таму, а ўтварыўся яшчэ раней — пры канцы 80-х. Пагалосак пра каманду, якая выконвае панк-рок з іранічнымі тэкстамі, і пра вакаліста, які б’ецца ў канвульсіях на сцэне і кідаецца ў натоўп, разышоўся далёка за межы першых сталічных клюбаў, і неўзабаве «дзюбэлі» сталі вядучай рок-камандай Беларусі. Іх касэты разыходзіліся ня горш, чым альбомы шанаваных брытанскіх панкаў The Exploited, іх тэксты друкаваліся ў папулярных на той час песеньніках, што прадаваліся ў шапіках «Белсаюздруку». І, што цікава, яны часьцяком зьяўляліся на экранах дзяржаўнага тэлебачаньня зь неардынарнымі кліпамі. Іх прынялі паўсюль — у рок-тусоўцы іх паважалі за адвязанасьць і бескампраміснасьць, на эстрадзе — за адкрытасьць і шчырасьць. Першую «Рок-Карону» ім як лепшаму беларускаму гурту ўручыў Уладзімер Мулявін. Віталі іх і ў беларускамоўным асяродзьдзі, гэты гурт быў бадай што першым, хто выступіў на фэстывалі «Басовішча» з расейскамоўнымі песьнямі. Па-беларуску ўпершыню яны засьпявалі толькі праз 12 год пасьля заснаваньня, калі прэзэнтавалі сваім прыхільнікам песьню «Я памру тут»…

Будкін: Чаму беларускае слова вырвалася ў вас менавіта тады, калі гурт меў ужо дзьве «Рок-Кароны», запісаў дзясятак альбомаў і даў сотні канцэртаў?

Кульлінковіч: Першыя беларускамоўныя песьні ў нас зьявіліся ў 2001 годзе. А па-сапраўднаму cталі выконваць на сваім першым беларускамоўным альбоме «Tanki». Пачалося ж усё з таго, што нам прапанавалі паўдзельнічаць у трыб’юце Караткевічу. І тады Лявон Вольскі забясьпечыў мяне томікамі Караткевіча, і я яму ўрачыста заявіў, што кнігі не вярну, і пачаў зачытвацца. І паступова пачаў думаць па-беларуску і пісаць песьні, бо не магу пісаць на мове, на якой ня думаю. Таму я не асабліва веру ў ангельскамоўныя тэксты незразумелых камандаў.

Будкін: На ваша адчуваньне, ці дадаў гэты моўны пераход вам прыхільнікаў, альбо наадварот — адхінуў старых адданых фэнаў?

Кульлінковіч: Я думаю, што моўны пераход не пайшоў ні на мінус, ні на плюс. Абсалютна перакананы, што новых прыхільнікаў у нас не зьявілася, бо калі Neuro Dubel быў чыста расейскамоўнай камандай, нас любілі і беларускамоўныя людзі, без праблем. Натуральна, што і расейскамоўная частка нашай публікі з захапленьнем прыняла нашы беларускія творы, бо нашу мову паважаюць і тыя, хто яе не выкарыстоўвае.

Аляксандар Кулінковіч, Юры Навумаў, Віталь Абрамовіч

Будкін: Пасьля выступу гурту на апазыцыйным мітынгу ў 2004 годзе вас амаль на чатыры гады вымушана выціснулі ў падпольле. Ці адчувалі нястачу ўвагі ў сувязі з тым, што вас практычна пазбавілі магчымасьці выходзіць на сцэну, паказвацца па тэлевізары, здымаць кліпы?

Кульлінковіч: Нам было даволі цяжка. Менавіта гэтае слова — «цяжка» — тут пасуе. Наконт увагі публікі і нашага да яе стаўленьня нічога не зьмянілася, таму што мы працавалі, пісалі новыя песьні, давалі маленькія канцэрты. Абмежаваньне якраз тычылася канцэртаў на вялікіх пляцоўках. І мы даволі часта гралі за межамі Беларусі для людзей, якім наагул абыякава. Гралі, напрыклад, у Польшчы і бачылі перад сабой абсалютна незацікаўленыя твары. Яны былі выгадныя фінансава, але душы ў іх не было. Таму мы былі шчасьлівыя, калі забароны зьніклі і зноў удалося бачыць вочы менавіта беларускай публікі, для якой мы працуем і жывем.

Навумаў: Калі мы беларуская група, то мы мусім граць найперш для беларускіх слухачоў, для тых, хто нас шануе і любіць. Калі такой магчымасьці пазбаўляюць — як сярпом…

Будкін: Ці былі вы маральна гатовыя да таго, што гісторыя паўторыцца і Neuro Dubel ізноў апынецца пад негалоснай забаронай?

Кульлінковіч: Не сумняваўся ні сэкунды, што раней ці пазьней гэта ізноў адбудзецца. Я ня меў ніякіх ілюзій у час той «адлігі». Адным росчыркам пяра, адным тэлефанаваньнем усё вяртаецца на кругі свае.

Будкін: Калі стала вядома пра вяртаньне забаронных сьпісаў, мы з вамі размаўлялі, і вы сказалі, што маеце жаданьне кінуць усё. Ці гэта быў эмацыйны ўсплёск, ці вы сапраўды пра гэта думаеце ўсур’ёз?

Кульлінковіч: Гэта хвілінная слабасьць, як думкі пра самагубства, якія цягам жыцьця прыходзяць да чалавека, але робяць сабе сьмерць адзінкі. Так, было такое жаданьне ўсё кінуць ды сказаць: «Пайшло ўсё яно…». Насамрэч жыцьцё працягваецца, і трэба далей працаваць найперш для тых людзей, якія ў цябе вераць. Дзякуй Богу, такіх у нас вельмі шмат. Калі бы мы ўсё скончылі, то ў адносінах да нашай публікі гэта было бы здрадай.

Будкін: І які бачыце фармат існаваньня ў час забароны?

Кульлінковіч: Па-першае, я спадзяюся, што розум пераможа. Да ўсяго, ёсьць вялікая рэч — інтэрнэт. Пяць год таму ім карысталася нашмат менш людзей, цяпер яго мае практычна кожны. І ў сеціве можна жыць і працаваць. Там можна пачуць нашы песьні і альбомы, якія някепска перадаюць усю энэргію гурту. Канечне, вачэй публікі не пабачыш, а мы ўсё ж канцэртны калектыў.

Навумаў: А я ва ўсё кепскае толькі веру. І мяркую, што і да інтэрнэту дабяруцца чорныя рукі…

Кульлінковіч: Юра — пэсыміст, але я ўсё ж веру ў лепшае. Я — аптыміст у цывільным.

Будкін: Пры канцы размовы вам, Аляксандар і Юры, як і кожнаму госьцю «Белага сьпісу Свабоды», прапаную зайграць ужывую. Прадстаўце песьню, якую зьбіраецеся выканаць зараз у эфіры «Свабоды».

Кульлінковіч: Мы паспрабуем сыграць песьню «Марскі чалавек» на верш Лявона Вольскага. Мы ніколі яе яшчэ ня гралі ў акустыцы, зараз будзе першае выкананьне. На калідоры цяпер наш гітарыст намагаецца падабраць акорды на акустычнай гітары. Мы сыграем гэты твор, таму што яго вельмі любім, ён проста шыкоўны. Я лічу яго сваім. І Лявон у свой час сказаў, каб я гэтую песьню ўжо сьпяваў, бо яна сапраўды мая.
XS
SM
MD
LG