Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Ўладзімер Някляеў патрабуе спыніць яго крымінальны перасьлед і закрыць крымінальную справу аб падзеях 19 сьнежня ў цэлым.

Пра гэта гаворыцца ў яго звароце, накіраваным у Менскі гарадзкі суд, паведамляе сайт кампаніі "Гавары праўду".

Някляеў піша, што абвінавачаньне, выстаўленае яму "за падрыхтоўку групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак", пагражае пазбаўленьнем волі на тэрмін да 3 гадоў. У параўнаньні з абвінавачаньнем па першай і другой частках 293-га артыкула, якое выстаўлялася яму раней, яно значна мякчэйшае.

"Максымальны тэрмін зьняволеньня зьменшаны ў пяць разоў — і можна было б сказаць "дзякуй за ласку", калі б у "Пастанове аб перадачы крымінальнай справы пракурору для накіраваньня ў суд" не сьцьвярджалася, што ня толькі ў "групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак", а ўвогуле ў выбарах прэзыдэнта Беларусі браў я ўдзел "з мэтай... увядзеньня з боку краін Эўразьвязу, ЗША і Расеі эканамічных і палітычных санкцый".

Такога абвінавачаньня ні пры якіх умовах, ні за якія "паслабленьні", "памякчэньні" ў прысудзе я не магу прызнаць і не прызнаю. Тут пераблытаныя прычыны з вынікам. Названыя санкцыі (калі ўвогуле можна назваць іх санкцыямі) уведзеныя зусім не з прычыны масавых беспарадкаў, якіх не было. Яны ўведзеныя з прычыны масавага зьбіцьця мірных грамадзянаў падразьдзяленьнямі сілавых структур, а таксама з прычыны масавых арыштаў, да чаго я ня маю ніякага дачыненьня. Ня я загадваў зьбіваць людзей і ня я загадваў іх арыштоўваць", — піша Някляеў.

Экс-кандыдат зьвяртае ўвагу на той факт, што дагэтуль не расьсьледавана справа пра спробу замаху на яго жыцьцё, зьдзейсьненую 19 сьнежня 2010 году ў 19 гадзін 20 хвілін, калі ён меў статус кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь і гарантаваную законам недатыкальнасьць.

"Вінаватыя ў замаху ня выяўленыя, не пакараныя — і нішто не замінае ім паўтарыць спробу. Тым самым парушаныя асноўныя, дадзеныя мне Канстытуцыяй, гарантыі дзяржавы на абарону майго жыцьця, што змушае мяне выказацца па сутнасьці абвінавачаньня".

Някляеў запатрабаваў ад суду "спыніць канвэер перасьледаў".

"Прашу суд прызнаць заведзеную ў адносінах да мяне крымінальную справу палітычна матываванай і спыніць яе з-за адсутнасьці ў маіх дзеяньнях, як і ў дзеяньнях іншых кандыдатаў у прэзыдэнты і ўсіх удзельнікаў Плошчы, складу злачынства", — гаворыцца ў звароце Някляева.

Цяпер Някляеў пад хатнім арыштам. Суд па ягонай справе пачнецца 5 траўня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG