Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міністар Куляшоў: Cуд будзе адкрытым


Анатоль Куляшоў, архіўнае фота.

Анатоль Куляшоў, архіўнае фота.

«Ужо не засталося ніводнага чалавека, які сумняваецца ў тым, што знойдзены менавіта тыя асобы, якія маюць дачыненьне да выбуху на станцыі мэтро «Кастрычніцкая», — заявіў падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі міністар унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў.

«Яны вырабілі выбуховае прыстасаваньне. Цяпер ідзе ацэнка тых доказаў, якія выяўлены ў працэсе расьсьледаваньня крымінальнай справы. Прэзыдэнтам краіны пастаўлена задача ў найкарацейшыя тэрміны забясьпечыць якаснае, поўнае, аб’ектыўнае расьсьледаваньне крымінальнай справы для таго, каб мець канчатковую ацэнку ўжо ў судзе. У мяне як у міністра ўнутраных спраў сумневаў у тым, што гэта менавіта тыя асобы, няма. Я думаю, што нават пасьля суду знойдуцца людзі, якія будуць сумнявацца ў тым, што мы прыцягнулі да адказнасьці менавіта тых людзей».

Куляшоў назваў «інсынуацыямі» паведамленьні ў мэдыях пра тое, што затрыманыя не маглі самі зрабіць выбуховае прыстасаваньне і так дакладна арганізаваць выбух у мэтро і што за імі, маўляў, стаяць нейкія спэцслужбы.

«Кропку ў гэтай справе паставіць суд. Калі суд адбудзецца і вынесе сваё рашэньне, я думаю, што гэты малады чалавек (які задаваў пытаньне) таксама перастане сумнявацца, тым больш, я думаю, што суд будзе адкрытым і можна будзе на свае вочы ўсё назіраць і ацэньваць, нават ня будучы спэцыялістам, а потым ужо прыходзіць да сваёй высновы — так гэта ці ня так».

На пытаньне, ці спыняць абавязковую дактыляскапію пасьля таго, як былі знойдзеныя падазраваныя ў выбухах, міністар Куляшоў адказаў: «Не, такая неабходнасьць не адпала. Закон будзе выконвацца і далей». Таксама ён сказаў, што на сёньняшні дзень «мы ахапілі фактычна 90 працэнтаў тых, хто падлягае дактыляскапіі». А да 1 траўня «мы павінны зрабіць справаздачу прэзыдэнту».

ніякіх затрыманьняў няма


На пытаньне, чаму ў краіне, нягледзячы на тое, што тэрарысты злоўленыя, працягваюцца арышты і затрыманьні, міністар Куляшоў адказаў:

«Я ня ведаю, пра што тут ідзе гаворка. Ніякіх арыштаў, ніякіх затрыманьняў няма. Тыя, каго затрымалі, сапраўды знаходзяцца ў сьледчым ізалятары. Ні больш ні менш».

Адносна таго, ці панясе хто пакараньні за тое, што не прыняў меры, каб прадухіліць тэракт у мэтро, спадар Куляшоў сказаў:

«Так, магчыма, гэта і міліцыя мэтрапалітэну. Мы ў МУС правялі ўжо тры службовыя праверкі, і ўсе матэрыялы накіраваныя кіраўніку сьледчай групы, якая займаецца расьсьледаваньнем гэтай справы — старшаму саветніку юстыцыі Івану Шведу. Там будзе дадзена прававая ацэнка».


Бацька і старэйшы брат падазраванага ў выкананьні тэракту затрыманыя


На пытаньне, колькі цяпер падазраваных па справе аб выбуху, ці праўда, што затрыманы бацька і старэйшы брат выканаўцы тэракту, міністар Куляшоў адказаў:

«Так, яны знаходзяцца ў нас — і бацька, і старэйшы брат. Але рашэньне па абраньні далейшай меры стрыманьня будзе прымаць сьледчы, кіраўнік сьледчай групы — альбо ўзяць падпіску аб нявыезьдзе, альбо пакінуць зьняволеньне пад вартай. Пакуль яны ў нас».

Калі ж будзе прад’яўлена абвінавачаньне?


Міністар Куляшоў пакуль не назваў канкрэтных тэрмінаў:

«Я не назаву зараз канкрэтна тэрміны, паколькі справа яшчэ расьсьледуецца, сьпяшацца ня трэба. Лепш даўжэй, у маім разуменьні, у гэтай сувязі, але якасна, поўна і ўсебакова».

«Калі мы не ўкладаемся ў два месяцы, мы можам падоўжыць тэрмін расьсьледаваньня да таго моманту, калі мы будзем цьвёрда перакананыя ў тым, што ўсе супярэчнасьці па крымінальнай справе ў ходзе расьсьледаваньня ліквідаваныя, гэта значыць, праведзена аб’ектыўнае, усебаковае і поўнае расьсьледаваньне крымінальнай справы».

Адносна таго, як выбух у мэтро паўплываў на настроі грамадзян і давер да ўлады, Куляшоў сказаў, што ня думае, што «давер грамадзянаў адносна дзейнай улады ўпаў або зьнізіўся».

Рыхтаваліся яшчэ ТРЫ тэракты


Міністар Куляшоў таксама пацьвердзіў інфармацыю, што рыхтаваліся яшчэ тры тэракты. Аднак ён адмовіўся распавесьці падрабязнасьці, «бо ідзе сьледзтва». Прозьвішчы падазраваных па справе аб выбуху ён не назваў, але заявіў, што «ўлікаў дастаткова, а матывы будуць высьветленыя ў працэсе расьсьледаваньня крымінальнай справы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG