Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі на адзінаццаты год пасьля чарнобыльскай катастрофы Паўлу Давыдзенку зь мястэка Парычы Сьветлагорскага раёну ўдалося дамагчыся статусу ліквідатара ды інваліда Чарнобылю. Яшчэ больш часу мінула, пакуль ліквідатару сталі плаціць больш-менш прыстойную грашовую дапамагу. Пра тое, як ліквідатар гадамі змагаўся за свае правы і чым скончылася гэта барацьба — рэпартаж з Гомельшчыны.

У трагічным 86-м Павал Давыдзенка працаваў кіроўцам у Сьветлагорскай аўтакалёне Гомельскага аблспажыўсаюзу. Спажывецкае таварыства й выпраўляла спадара Давыдзенку ў заражаныя радыяцыяй раёны:

«Нас выпраўлялі райспажыўсаюз і Рэчыцкі аўтакамбінат на ліквідацыю. Я езьдзіў у Брагінскі раён, лічы, амаль усе вёскі вывозіў — людзей і маёмасьць, і ў Нараўлянскі. Ехалі туды — камандзіровак нам не давалі. Лічылася, што едзем у чыстую зону. Бралі мы камандзіроўкі ў сельскіх саветах, дзе яны яшчэ не былі эвакуяваны. Бралі там, прывозілі, але нашы камандзіроўкі зьнішчалі».

Давыдзенка перыядычна езьдзіў у «зону» і ў 86-м, і ў 87-м. Захавалася даведка з аўтакамбінату: за 25 дзён ў «зоне» кіроўца зарабіў 162 савецкія рублі. Даплата за працу ў «зоне павышанай радыяцыі налічана 1 руб. 52 кап.»:

«Мы ж нічога ня ведалі, што такое радыяцыя, нам нічога не тлумачылі. Ехалі туды, але нам нічога не давалі — ні халатаў, ні спяцовак. Нічога! Мы й нахапаліся гэтай радыяцыі. Вярнуўся я сюды пасьля двух гадоў паездак у „зону“, і ў мяне пачало ўсё балець — рукі, ногі, сэрца пачало хапаць. Карацей, пачало забіраць. Я трапіў у шпіталь — быў інфаркт міякарда. Далі мне групу на падставе агульнага захворваньня».

Ніякага чарнобыльскага статусу Давыдзенка ня меў:

«У мяне ж не было пасьведчаньня, я ня ведаў нават, што іх даюць. Хто быў хітрэйшы, і асабліва з начальства, даўно атрымалі й ціхенька сядзелі. А нам такім, сьмяротнікам, не было. Нават зараз ёсьць некалькі нашых чалавек, якія засталіся ні з чым».

У аўтакамбінаце ніякіх дакумэнтаў наконт працы кіроўцаў у радыяцыйнай зоне не захавалася — іх спалілі неўзабаве пасьля паездак у чарнобыльскія раёны.

Павал Давыдзенка стаў пісаць запыты ў Брагінскі, Нараўлянскі райвыканкамы, у Камчарнобыль, Белспажыўсаюз, шукаў сьведкаў сваёй працы ў «зоне», зьвяртаўся ў экспэртныя камісіі:

«Я пакуль зьбіраў паперы, праходзіў абавязковую рэабілітацыю, то думаў, што кончуся — такія прайшоў бюракратычныя перашкоды. І мне ўжо Гомель даў заключэньне, калі прайшоў экспэртную камісію, што маё захворваньне зьвязана з чарнобыльскай катастрофай».

Аднак пакуты інваліда Давыдзенкі на гэтым ня скончыліся. Ён стаў дамагацца адпаведнай чарнобыльскай пэнсіі:

«Суды прайшоў я, пачынаючы ад раённага, потым абласны, Вярхоўны, Канстытуцыйны. Езьдзіў і ў рэзыдэнцыю прэзыдэнта — і нічога абсалютна Тады сацыяльнае забесьпячэньне: „А, дык ты пішаш усюды?!“ І давай мне пэнсію рэзаць. Як пачалі рэзаць — па 40, 60, 70 тысячаў. Рэжуць і рэжуць. Потым дабавяць 5 тысячаў — і зноў урэжуць. І дарэзалі былі да пуху».


Аднак Павел Давыдзенка, дзіця вайны й чарнобыльскі ліквідатар, не здаваўся. Зьвяртаўся нават у Камітэт ААН па правах чалавека.

Мясцовыя ўлады пачалі называць 70-гадовага інваліда Чарнобылю «канфліктным чалавекам». Да яго прыязджалі прадстаўнікі сацыяльнай службы, каб засьведчыць, што ён з жонкай, таксама інвалідам, і без таго жыве добра:

«Я кажу ім, пішыце: два сабакі, два каты. Вось! Яны паглядзелі на агарод, а там вароны хадзілі. Дык яны напісалі, што ў гаспадарцы ёсьць куры. Запісалі варон замест курэй».


Летась у сьнежні камісія Сьветлагорскага райвыканкаму пастанавіла пазбавіць Павэла Давыдзенку пасьведчаньня пацярпелага ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Палічылі, што выдадзена яно памылкова, без уліку зьменаў у чарнобыльскім заканадаўстве. Праўда, інвалідзкае пасьведчаньне пакінулі.


Да плянаў беларускіх уладаў пабудаваць сваю атамную станцыю інвалід Давыдзенка ставіцца надзвычай нэгатыўна:

«Нам ужо дастаткова Чарнобылю! Нашаму правіцелю, відаць, патрэбна атамная бомба, каб пагражаць кулаком: вось яна, ёсьць! У Японіі вунь, калі ласка, што нарабілі атамныя станцыі. Хопіць ужо! Што, няма іншых крыніцаў электраэнэргіі?

Мы ўжо й без таго атручаны. На якой падставе ў чарнобыльцаў зьнялі льготы? Такога няма ні ў адной краіне — ні ў Расеі, ні ва Ўкраіне. Усюды чарнобыльцы як чарнобыльцы, а нас амаль усяго пазбавілі. Мы ж гэтага Чарнобылю наеліся столькі, што ўвесь народ цяпер хварэе».
XS
SM
MD
LG