Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынг, а ня шэсьце — як сымбаль згасаньня чарнобыльскай тэмы


Чарнобыльскі шлях - 2010

Чарнобыльскі шлях - 2010

У аўторак 26 красавіка — 25-я гадавіна чарнобыльскай катастрофы. Чым адрознае сёлетняе адзначэньне гэтай даты ўладай і апазыцыяй? Пра гэта мы зараз пагаворым з нашым аглядальнікам Віталем Цыганковым.

Абламейка: Віталь, Аляксандар Лукашэнка, як заўсёды, у гадавіну трагедыі паехаў у чарнобыльскія раёны? Што павінен сымбалізаваць гэты крок?

Цыганкоў:
Напярэдадні 25-й гадавіны чарнобыльскай катастрофы, здаецца, і ўлада і апазыцыя дзейнічаюць паводле стандартнай і традыцыйнай схемы. Аляксандар Лукашэнка, як і заўсёды апошнія гады, ажыцьцяўляе рабочую паездку па рэгіёнах, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэтая паездка павінна паказаць, што кіраўнік дзяржавы клапоціцца пра жыхароў чарнобыльскіх раёнаў, што дзяржаўныя інтарэсы стаяць у яго на першым месцы. Штогод прапаганда ды і сам Лукашэнка паўтараюць такое проціпастаўленьне — пакуль, маўляў, адны мітынгуюць на плошчах, Аляксандар Лукашэнка займаецца рэальнымі праблемамі рэальных людзей.

Пры гэтым замоўчваецца, што з кожным годам фінансаваньне чарнобыльскіх праграмаў зьмяншаецца, што на забруджаных тэрыторыях вырошчваюць сельскагаспадарчую прадукцыю. Дарэчы, у гэтым увогуле, здаецца, мала практычнага сэнсу, бо ў Беларусі хапае свабоднай неўзаранай зямлі і ў Віцебскай і ў Гарадзенскай абласьцях. Але сэнс у гэтым, здаецца, найперш прапагандысцкі — паказаць, што і на гэтых заражаных тэрыторыях можна сеяць, што радыяцыя зусім ня страшная. А, калі казаць больш стратэгічна, паказаць, што чарнобыльскай праблемы больш не існуе.

Абламейка: Віталь, у пачатку нашай размовы вы ўжо сказалі, што і ўлада і апазыцыя дзейнічаюць паводле стандартнай і традыцыйнай чрнобыльскай схемы. Як можна ацаніць падрыхтоўку апазыцыі да чарнобыльскай гадавіны?

Цыганкоў: Дзеля справядлівасьці трэба адзначыць спэцыфіку сёлетняй сытуацыі. Чарнобыльская гадавіна адзначаецца на фоне іншых важных падзеяў, якія засланілі яе — гэта пасьлявыбарныя рэпрэсіі, суды над удзельнікамі акцыі 19 сьнежня, і, вядома, выбух у менскім мэтро 11 красавіка. Натуральна, што на такім фоне падрыхтоўка да чарнобыльскай гадавіны не магла стаць галоўнай тэмай усяго грамадзтва. Апазыцыя паспрабавала неяк разнастаіць адзначэньня чарнобыльскай даты. Напрыклад, 23 красавіка берасьцейскія актывісты кампаніі «Гавары праўду!» правялі
З кожным годам Чарнобыльскі шлях губляе сваю ролю галоўнай апазыцыйнай акцыі, па меры таго, як памяншаецца значнасьць чарнобыльскай тэмы для большасьці жыхароў Беларусі.
акцыю, прымеркаваную да 25-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На рынку яны распаўсюджвалі інфармацыйныя ўлёткі аб рэальных наступствах Чарнобыльскай аварыі. Апрача таго, раздавалі памяткі пра небясьпеку радыяактыўна забруджаных прадуктаў харчаваньня, рэкамэндацыі адносна рэжыму харчаваньня і прыгатаваньня ежы, скіраваныя на зьмяншэньне дозы ўнутранага апраменьваньня.

Але ў цэлым галоўнай акцыяй апазыцыі, натуральна, быў заплянаваны «Чарнобыльскі Шлях», і тут трэба сказаць, актуальная сытуацыя аказала значны ўплыў на форму яго правядзеньня. Нагадаю, улады забаранілі шэсьце, і бадай, упершыню за доўгія гады менавіта шляху якраз і ня будзе, а будзе проста мітынг на плошчы Бангалор. Можна сказаць, што апазыцыя вырашыла не рызыкаваць у такой ўнутрыпалітычнай сытуацыі нарвацца на новыя рэпрэсіі. Зь іншага боку, варта канстатаваць, што з кожным годам Чарнобыльскі шлях губляе сваю ролю галоўнай апазыцыйнай акцыі, па меры таго, як памяншаецца значнасьць чарнобыльскай тэмы для большасьці жыхароў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG