Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандрусевіч: Сёлетняя Пасха носіць характар вялікага спачуваньня ў сувязі з тэрактам


Тадэвуш Кандрусевіч, архіўнае фота.
Тадэвуш Кандрусевіч, архіўнае фота.
Напярэдадні Вялікадня мітрапаліт менска-магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч зьвярнуўся зь віншаваньнем да хрысьціянаў:

«Глыбокапаважаныя браты і сёстры! Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Вітаю ўсіх вас гэтым хрысьціянскім прывітаньнем і віншую са сьвятам сьвятаў — Пасхай Хрыстовай.

Сёньняшняя Пасха — асаблівая, хрысьціяне ўсяго сьвету адзначаюць гэтае сьвята ў адзін дзень. Сьвята Зьмёртвыхпаўстаньня Езуса Хрыста — гэта сьвята жыцьця. Сваёй Сьмерцю і Ўваскрасеньнем Хрыстус перамог грэх злога духу і сьмерць, ён адчыніў закрытыя ад часоў Адама брамы Раю для кожнага чалавека, даў новую надзею. Надзею на тое, што са сьмерцю чалавека яго жыцьцё не завяршаецца.

На жаль, сёлетняя Пасха носіць характар вялікага спачуваньня, вялікага гора ў нашай краіне ў сувязі з тэрарыстычным актам у менскім метро. Наша сьвята было азмрочана гэтымі падзеямі. Праз праўду Ўваскрасеньня мы павінны паглядзець на менскую трагедыю, якая ўліваецца ў Галгофу, у цярпеньне Езуса Хрыста. „Сваімі цярпеньнямі я дапаўняю цярпеньне Езуса Хрыста“, — кажа святы апостал Павал. Таму, у сьвятле Эвангельля, нам хочацца даць людзям новую надзею, зьвярнуць усіх тых, хто пацярпеў, хто плача па сваіх блізкіх, на тое, што ёсць надзея, што сьмерць ахвяраў менскага метро ня пойдзе надарма. Яна павінна яшчэ больш нас злучыць, пабудзіць быць адказнымі за нашу будучыню, за наша жыцьцё, за нашу краіну.

Няхай гэтая ахвяра, якая ўліваецца ў ахвяру Езуса Хрыста, прывядзе ўсіх нас, усё наша грамадзтва да Ўваскрасеньня, каб мы сапраўды маглі будаваць цывілізацыю жыцьця, любові, узаемнай пашаны».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG