Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міколу Статкевічу не перадаюць газэты, якія яму выпісалі


Прызначаны дзень пачатку суду над былымі кандыдатамі на прэзыдэнта Ўладзімерам Някляевым і Віталём Рымашэўскім, а таксама яшчэ чатырма актывістамі. Скаргу пра зьмену меры стрыманьня Паўлу Севярыныцу перадалі на разгляд у суд. Чатырохгадовы сын Андрэя Саньнікава Данік просіць у лісьце да таты «хутчэй вярнуцца дамоў».

Былых кандыдатаў на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама намесьніцу старшыні «Маладога фронту» Насту Палажанку, сябраў перадвыбарчага штабу Някляева Сяргея Вазьняка, Андрэя Дзьмітрыева і Аляксандра Фядуту пачнуць судзіць 5 траўня ў судзе Фрунзенскага раёну Менску.

Іх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным ўдзеле ў гэтых дзеяньнях. Гаворка пра акцыю пратэсту 19 сьнежня ў Менску. Абвінавачаным пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.

Наста Палажанка адзначыла «Свабодзе», што даведалася пра прызначэньне працэсу з СМІ, і афіцыйнае паведамленьне ёй дагэтуль не прыйшло:

«Я меркавала, што суд будзе ў бліжэйшы час, нават не зьдзівілася б, каб яго прызначылі раней. Безумоўна, мне шкада, што лепяць працэсы ў адны дні і гэта пазбаўляе магчымасьці шмат каго пабачыць і падтрымаць. Але, я вось выкліканая сьведкай на суд над Кіркевічам — гэта для мяне шанец паглядзець на Алеся, падтрымаць яго, як і тых людзей, якіх будуць судзіць разам зь ім».

Гаворка пра працэс, які пачнецца 27 красавіка ў Кастрычніцкім судзе Менску. Разам з актывістам «Маладога фронту» Алесем Кіркевічам будуць судзіць Паўла Вінаградава, Андрэя Пратасеню, Дзьмітрыя Драздова, Уладзімера Хамічэнку.

Уладзімер Халіп даслаў у рэдакцыю сайту «Хартыя-97» ліст свайго ўнука Даніка, які ён прадыктаваў для свайго бацькі Андрэя Саньнікава. «15 мая Даніку спаўняецца чатыры гадкі. Першым на гэта зьвярнуў увагу чалавек з Драздоў. Рыхтуе малому спэцыяльны падарунак — суды над бацькамі Даніка. І таму, напэўна, варта было б узгадаць гэты сьціплы тэкст з краіны, якой «зайздросьціць увесь сьвет», — піша Ўладзімер Халіп.

Вось ліст Даніка Саньнікава:

«О, мой любы тата! Я так люблю цябе! Хачу, каб ты не марудзіў з тваёй працай. Калі ласка, тата, прыяжджай да нас.

Я хачу, каб ты прывёз мне што-небудзь смачнае і машынку. З добрым сэрцам, тата. Мы з маёй мамай хочам, каб ты хутчэй прыехаў. Тата, калі ты ня зможаш прыехаць, калі ласка, папрасі тых, хто дасылае сувязь, вярнуць нам сувязь. Тата, мы хочам, каб ты наогул да нас прыехаў.

Зь любоўю, Даня.


У мамы прастуда і ёй нельга выходзіць. Таму мы выходзім толькі зь цёткай Таняй, бабуляй і дзедам».
Болей за тры месяцы маці Даніка журналістка Ірына Халіп знаходзіцца пад хатнім арыштам. Яе будуць судзіць у Заводзкім судзе, але працэс яшчэ не прызначаны. Андрэя Саньнікава пачнуць судзіць у Партызанскім судзе 27 красавіка.

Жонка іншага кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча Марына Адамовіч атрымала ад яго ліст пасьля трох тыдняў маўчаньня. Зь ліста стала зразумела, што лісты Марыны Мікалай атрымліваў. Але толькі лісты.

«Адзіная непрыемная навіна, якая была ў гэтым лісьце, тое, што за гэты месяц, па стане на 19 красавіка, ён не атрымаў ніводнай з выпісаных яму газэт. Ніводнага разу, хаця выпісана яму было багата, самых розных газэт і самымі рознымі людзьмі, ня толькі мною».

Працэс над Мікалаем Статкевічам адбудзецца ў Ленінскім судзе, але дзень яшчэ не прызначаны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG