Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска ў Грузіі: «Расейская мова ў сьпісе прыярытэтаў тут на 5-м месцы»


Былая баранавіцкая настаўніца Алена Рак два гады працуе ў Грузіі, у офісе вядомай маркетынгавай сеткі «Паблісыз». Ці варта беларусам разглядаць Грузію як пляцоўку для працаўладкаваньня? У Тбілісі з Аленай сустрэўся Ігар Карней.

— Я вучылася ў Баранавіцкім пэдагагічным каледжы, настаўніца беларускай мовы і літаратуры і ангельскай мовы…

— Ці ўдалося хоць крыху папрацаваць па спэцыяльнасьці?

— Так. Я скончыла каледж з чырвоным дыплёмам і была разьмеркаваная ў вёску, дзе два гады выкладала ангельскую мову, была кляснай кіраўніцай у дзетак. Так што пэдагагічны досьвед у мяне ёсьць. А ў вясковых школах прадметы выкладаюцца па-беларуску, таму таксама быў добры вопыт. А потым перайшла ў іншую сфэру, у рэклямны бізнэс.

— Калі вы даведаліся, што выпраўляецеся сюды ў досыць працяглую камандзіроўку, якой была рэакцыя: шок ці, наадварот, рамантычная ўзьнёсласьць?

— Я атрымала ліст адсюль ад дырэктаркі, і калі яго ўбачыла, канечне, гэта быў шок. Чаму я, чаму ў Грузію і г.д. Але паколькі ўжо нямала чалавек з нашай кампаніі ўжо тут былі, і я ведала, якая тут сытуацыя, якія абставіны, для мяне было нескладана пагадзіцца і паехаць. Было некалькі прычынаў: па-першае, гэта дае магчымасьць разьвівацца, расьці. Па-другое, гэта ангельская мова, якую можна было тут выкарыстоўваць. І, па-трэцяе, усе неяк зьяжджалі ў Эўропу, а тут — Грузія, куды ня ехаў ніхто. І гэта было цікава і якраз рамантычна.

— Спадзяваньні ўрэшце апраўдаліся?

— Апраўдаліся. Я паглядзела на іншы мэнталітэт, на тое, як жывуць людзі ў дзяржаве, якая зусім іншая, не такая, як Беларусь. Як, прыкладам, нешта памяняць у нашай краіне, альбо наадварот, што можна прыняць альбо прыняць не выпадае. Зразумела, што мне не хацелася б усё жыцьцё правесьці ў іншай краіне, акрамя Беларусі, але як такога кшталту вопыт ён для мяне вельмі карысны.

— Наколькі рэальна ў Грузіі зарабіць замежніку? Не сакрэт, што мясцовыя скардзяцца на свае досыць сьціплыя заробкі. А вось чалавек, скажам, зь Беларусі, прыехаў у Грузію пажыць і зарабіць. Можа такое быць? Ваш прыклад можа не такі тыповы, бо вы ўсё ж збольшага сюды трапілі па «разьмеркаваньні»…

— Прафэсіянал зарабіць можа. Трэба сябе толькі зарэкамэндаваць і можна прынамсі паспрабаваць. Мне больш блізкая сфэра маркетынгу і я бачу прыклады, калі людзі зь іншых дзяржаў — з Украіны, напрыклад, Францыі, Брытаніі — таксама прыяжджаюць сюды працаваць. І заробкі напэўна нядрэнныя. Тут паважаюць тых людзей, якія прыяжджаюць зь нейкім вопытам і гэты вопыт можа быць карысны для мясцовых жыхароў. За такі досьвед заплацяць добра.



— А якія найбольш запатрабаваныя кірункі? Усё тое ж праграмаваньне ці, магчыма, сфэра паслугаў?

— Хутчэй за ўсё, паслугі, нейкі сацыяльны сэктар. Якраз канкрэтна праграмаваньне — не. Вось нешта такое больш гуманітарнае, больш сацыяльнае, адукацыя — такога кшталту праграмы.

— Грузія відавочна самая эўрапейскаарыентаваная з усіх постсавецкіх краінаў, калі не лічыць краіны Балтыі. У чым гэта найбольш яскрава выяўляецца? Наколькі гэта ўхваляе моладзь, як зь веданьнем ангельскай?

— Ангельскую тут ведаюць вельмі добра, гэтаму адпаведным чынам спрыяе дзяржаўная палітыка. З-за мяжы адмыслова запрошаныя настаўнікі з многіх краінаў сьвету — ад Аўстраліі і Амэрыкі да Нарвэгіі, Італіі і г.д. Гэта нават могуць быць людзі не прафэсійныя настаўнікі, але яны прыехалі ў Грузію і выкладаюць у школах. Яны жывуць у сем’ях па ўсёй краіне, і ў маленькіх вёсках, і ў вялікіх гарадах. І паколькі яны самі не валодаюць грузінскай мовай, усё навучаньне вядзецца па-ангельску. Такім чынам падымаецца аўтарытэт ангельскай мовы. Саакашвілі па прыярытэтах расставіў, што ангельская мова з замежных павінна быць на першым месцы. А расейская, калі я не памыляюся, дзесьці на пятым. А паколькі грузіны вельмі добра валодаюць кампутарам, яны ўсе ў інтэрнэце, то ангельская толькі дапамагае і яе практычна ўсе ведаюць вельмі добра. Шмат магазынчыкаў, рэстаранчыкаў, дзе ўсе афіцыянты валодаюць ангельскай мовай. У параўнаньні зь Беларусьсю, дзе гэта, напрыклад, уявіць сабе надзвычай цяжка.

— Як хутка ўдалося знайсьці агульную мову зь мясцовымі? Вы ж, наколькі я разумею, нават у фірме працуеце ў асноўным з грузінамі?

— Так. Ведаеце, калі нас было больш беларусаў, было такое правіла, што ўсе калегі размаўляюць па-расейску, каб усе ўсё разумелі і не адчувалі сябе няёмка. Але калі я засталася адна, то, канечне, гэтае правіла ўжо адышло і часам цяжкавата, бо знаходзісься ў іншым моўным асяродзьдзі. Так, гэта добра для мяне, што я ведаю шмат слоў і я магу зразумець сэнс той гутаркі, якая вядзецца, але гэта, бывае, цісьне. Таму адчуваеш сябе часам самотна. Але паколькі самі людзі вельмі адкрытыя, шчырыя, заўсёды ў любую хвіліну яны могуць цябе падтрымаць, патраціць час на цябе, запрасіць да сябе ў госьці, то зь імі вельмі прыемна.

— А якія актуальныя тэмы ў размовах? Якое месца займае палітыка, сацыяльныя пытаньні? Пра праблемы расказваюць? Наколькі адкрытыя ў гэтым сэнсе?

— Яны вельмі адкрытыя. Расказваюць літаральна пра ўсё, пра што думаюць. І яны гэткія ж самыя і да іншых людзей, і ў цябе распытваюць пра ўсё. Самі гавораць, што ў амэрыканцаў няма такіх пытаньняў, якія былі б няёмкія, яны запытваюць пра ўсё.
Грузіны, яны як дзеці: могуць запытацца пра ўсё, што заўгодна, і самі табе пра гэта могуць расказаць.
Так і грузіны, яны як дзеці: могуць запытацца пра ўсё, што заўгодна, і самі табе пра гэта могуць расказаць. Таму гавораць пра палітыку, такіх абыякавых людзей няма. Альбо яны падтрымліваюць Саакашвілі і расказваюць, якія прычыны, альбо не падтрымліваюць. Але большасьць людзей падтрымліваюць, бо бачаць рэальныя перамены, якія адбыліся ў дзяржаве за той час, якія ён знаходзіцца ва ўладзе.

— Гэта станоўчыя перамены, зь іхняга гледзішча?

— Так, зь іх гледзішча гэта перамены станоўчыя. Бачаць рэальна, што дзяржава аднаўляецца, што няма больш карупцыі, што няма мафіі і г.д. Вось гэта для іх важна. Дэмакратыя тут ёсьць, скажам так. Можа быць, у нечым паказная, але яна ёсьць. Гэта відаць.

— Гэтыя два гады ў Грузіі як вы ўспрымаеце: як прыгоду, як практыку? Што для вас гэты пэрыяд?

— І прыгода, і практыка. Я стаўлюся так: усё, што са мной адбываецца, гэта добра. Нейкіх дрэнных выпадкаў цяжка прыгадаць, неяк усё больш станоўчае. І гэта, безумоўна, той вопыт, які я захаваю, які мне ў маім будучым жыцьці можа спатрэбіцца, чаму не? Натуральна, пра нешта буду ўспамінаць. Таксама вельмі шмат сяброў. Я веру, што праз год ці два прыеду сюды ў адпачынак і мне будзе прыемна зноў зь імі пабачыцца, зноў пакантактаваць.

— Апроч вашай фірмы, дзесьці яшчэ беларусаў тут бачылі?

— Я толькі чую пра іх. Нават сёньня ў адным з рэстаранаў сказалі: а ў нас ужо былі беларусы…

— Відаць, гэта мы…

— (Сьмяецца) Можа быць. Таксама і на рынку, бывае, калі пытаюцца — адкуль, зь Беларусі? — кажуць: так, бываюць. Але дзе яны — ня ведаю.

— То бок, у параўнаньні, прыкладам, з Украінай, прысутнасьць невялікая?

— Зусім невялікая, тады як украінцаў тут шмат.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG