Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гаспадарчым судзе Менску распачаўся разгляд пазову партыі БНФ да ЖРЭА Савецкага раёну Менску. Кіраўніцтва партыі аспрэчвае рашэньне камунальных службаў не працягваць дамову арэнды памяшканьня.

Падставай для адмовы ў арэндзе камунальныя службы называюць пратэрміноўку ў аплаце. Кіраўнікі партыі заявілі ў судзе, што запазычанасьці былі зьліквідаваныя і тэрміны абскарджваньня гэтага парушэньня пратэрмінаваныя. Яшчэ адзін аргумэнт на карысьць партыі называе намесьнік старшыні Рыгор Кастусёў:

«Да 2010 году ў нас была дамова бестэрміновая. Але ў адпаведнасьці з указам прэзыдэнта і па просьбе ЖРЭА была заключаная дамова ў 2010 годзе, дзе мы патрабавалі працягнуць арэнду на тры гады, бо ўжо тады адчувалі гэтую пагрозу. Упраўленьне маёмасьці Менгарвыканкаму дало нам два гарантыйныя лісты, што з 1 красавіка 2011 году з намі будзе заключаная такая дамова. Гэтыя гарантыйныя лісты мы таксама перадалі ў суд».

Судзьдзя Гаспадарчага суду Менску Алена Мельнікава абвясьціла судовае паседжаньне падрыхтоўчым — асноўнае адбудзецца на пачатку траўня. Таксама ў траўні пройдзе асноўнае судовае слуханьне па сустрэчным пазове ЖРЭА да партыі БНФ. Пра спадзяваньні на станоўчае вырашэньне судовай спрэчкі спадар Кастусёў сказаў гэтак:

Юрыдычныя спадзяваньні ёсьць, але ў нас няма палітычных спадзяваньняў.
«Юрыдычныя спадзяваньні ёсьць, але ў нас няма палітычных спадзяваньняў. Мы адназначна разумеем, што гэта палітычная замова на высяленьне партыі БНФ з займанага офісу. Бо да выбараў да нас было зусім іншае стаўленьне, а калі прайшлі выбары, ад пачатку новага году зьявіўся іншы падыход. І адназначна, што гэты падыход — палітычны».

З прычыны малых спадзяваньняў, што ўдасца пакінуць за сабой права арэнды памяшканьня, з Управы вывезьлі частку дакумэнтацыі і партыйнай маёмасьці. Спрэчка ж за сядзібу партыі БНФ точыцца ў агульным кантэксьце супрацьстаяньня ўладаў з апазыцыйнымі дэмакратычнымі сіламі краіны, кажа старшыня Аляксей Янукевіч:

«Працягваецца ціск і абмежаваньне магчымасьцяў для дзейнасьці апазыцыі. І паколькі вось гэтая сядзіба — яна і ёсьць дзейны офіс партыі, а таксама цэнтар грамадзкага і палітычнага жыцьця, то калі ўлады распачалі такую палітыку перасьледу, то цалкам натуральным у гэтым кантэксьце таксама зьяўляецца жаданьне пазбавіць партыю БНФ і ўсе апазыцыйныя палітычныя сілы магчымасьці мець гэтае памяшканьне ў цэнтры Менску».

Дамова арэнды сядзібы партыі БНФ скончылася 31 сакавіка. Ад гэтага дня актывісты арганізавалі ў памяшканьні кругласуткавае дзяжурства. Таксама ў падтрымку абароны сядзібы ва ўправе адбываюцца штодзённыя творчыя імпрэзы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG