Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іосіф Сярэдзіч: Ня лопніце...


Гісторыя ведае нямала выпадкаў, калі людзі паміралі ад вялікай радасьці, — піша ў сваім артыкуле галоўны рэдактар газэты "Народная Воля" Іосіф Сярэдзіч.

Беларускім чыноўнікам і іх прыслужнікам такая сьмерць не пагражае.

Ім пагражае іншая сьмерць. Хто-ніхто зь іх можа лопнуць ад... злосьці. Ну косткай у горле для іх “Народная Воля” — хоць каравул крычы! Шаснаццаты год выдаецца газэта — і ніводнага спакойнага дня. Двойчы вытурвалі друкавацца ў Вільню з пазбаўленьнем права распаўсюджвацца празь Белпошту, шапікі, адзін раз — у Смаленск. Душылі і душаць судамі, фіскальнымі санкцыямі, папярэджаньнямі, пагрозамі...

Што і казаць, нармальнага жыцьця як не было, так і няма (хоць зараз “Народная Воля” друкуецца ў Менску, прадаецца ў шапіках, распаўсюджваецца праз пошту). Не даюць дыхаць розныя цэрбэры і іх памагатыя. Чапляюцца за любую дробязь. То за адно, то за другое, то за трэцяе. З нагоды і без нагоды... Абы ўкусіць!

Беларускім чыноўнікам і іх прыслужнікам такая сьмерць не пагражае.

Ім пагражае іншая сьмерць. Хто-ніхто зь іх можа лопнуць ад... злосьці
Ну вось днямі Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БЕЛТА) растыражавала інтэрвію міністра інфармацыі А.Праляскоўскага. Загаловак у адной зь дзяржаўных газэт — “Информационный террор оппозиции”. І з ходу: “Теракт 11 апреля, словно водораздел, разграничил белорусские СМИ. Одни журналисты несли людям правдивую информацию, призывали помочь пострадавшим и сыщикам, успокаивали население (зразумела, пра якіх акул пяра і мікрафона ідзе гаворка. — Аўт.). Другие (гэта значыць, журналісты незалежных СМІ. — Аўт.) использовали свои “таланты” для нагнетания обстановки, дискредитации правоохранительных органов и власти в целом, врачей, всех тех, кто прилагал максимум усилий для того, чтобы спасти жизни людей, раскрыть варварское преступление. Кощунственные обвинения не остались без внимания Мининформа: газетам “Наша ніва” і “Народная Воля” вынесены предупреждения. Корреспондент БЕЛТА (Аляксандр Васільеў. — Аўт.) беседует по этому поводу с министром информации Беларуси Олегом Пролесковским”.

Стоп! Па якому “поводу”? Уся гэтая дэмагагічная балбатня наконт “кощунственных обвинений” і блізка ня мае ніякіх дачыненьняў да “Народнай Волі”. Паўтараю: ня мае!

А калі сьвярбіць у адным месцы, калі сапраўды хочацца ўкусіць...

Апошняе папярэджаньне спадар Праляскоўскі аб’явіў нам 15 красавіка. І не за нейкае “нагнетание обстановки, дискредитацию правоохранительных органов и власти в целом...”. Дзякуй Богу, з асьвятленьнем трагедыі ў мэтро ў нас усё нармальна, хоць інфармацыю падавалі непасрэдна ў нумар і ў такім экстрэмальным рэжыме, што ад выпадковых хібаў ніхто ня быў застрахаваны.

ад злосьці на “Народную Волю” хто-ніхто можа і лопнуць. Ня лопніце...
Дык за што ж на гэты раз быў занесены карны меч над “Народнай Воляй”? За публікацыю яшчэ 11 студзеня (заўважце, тры месяцы таму) артыкула Сьвятланы Калінкінай “Говорит и показывает “Геббельс-ТВ”. Тэракт у сталіцы і сутнасьць Беларускага тэлебачаньня — гэта, як кажуць у Адэсе, дзьве вялікія розьніцы. І дурню зразумела, зь якой мэтай прыцягнулі за вушы “Народную Волю” да трагічнай падзеі ў Менску. Прыцягнулі, нягледзячы на тое, што ў судовай разборцы паміж БТ і “Народнай Воляй” кропка яшчэ не пастаўленая. Мы рыхтуем касацыйную скаргу, і невядома, калі яна будзе разгледжаная. Больш за тое, рэдакцыя газэты да сёньняшняга дня не атрымала матываванага рашэньня Вышэйшага Гаспадарчага суду, на якое спасылаецца ў папярэджаньні міністар. Цікава, як ён яго атрымаў? І наогул, чаго яго так хвалюе спрэчка двух гаспадарчых суб’ектаў — Беларускага тэлебачаньня і “Народнай Волі”? Як расцэньваць нястрымны імпэт спадара Праляскоўскага, калі за рэдакцыяй газэты яшчэ застаецца права на касацыю? Ціск на суд? Дэманстрацыя чыноўніцкага звышсільля? Помста незалежнаму выданьню за нескаронасьць? Зьвядзеньне рахункаў зь яе галоўным рэдактарам, які некалі прыкладна так пракамэнтаваў прызначэньне міністрам інфармацыі спадара Праляскоўскага: “Ёсьць людзі, для якіх розьніцы няма, якую пасаду займаць — быць міністрам ці галоўным гінэколягам”?

Так, мяне, прафэсіянала амаль з 45-гадовым стажам, ніякі закон не прымусіць паважаць чалавека, якога я па той ці іншай важкай прычыне не паважаю. Але той, хто займае міністэрскую пасаду альбо сядзіць у нейкім іншым высокім крэсьле, павінен і абавязаны паважаць нормы законаў, якія рэгулююць яго адносіны з усімі, хто ўваходзіць у кола яго службовых інтарэсаў. І ў гэтым пляне нікому ня зроблена ніякіх выключэньняў.

А калі хочацца ўкусіць?

А калі ўвесь час сьвярбіць у адным месцы?

На такія пытаньні я не адказваю. Тут могуць сваё слова сказаць спэцыялісты іншага профілю.

На заканчэньне я толькі кіну адну рэпліку: ад злосьці на “Народную Волю” хто-ніхто можа і лопнуць.

Ня лопніце...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG