Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судны тыдзень – гэта пра сёлетні апошні тыдзень красавіка. Перад судом паўстануць ажно 17 чалавек, удзельнікаў леташняй Плошчы. Што чакае іх? Як паказаў папярэдні досьвед, віна – калі тут можна казаць пра віну – падсудных ня мае насамрэч ніякага значэньня: Мікіта Ліхавід і Аляксандар Атрошчанкаў, якія нікога і нічога на плошчы пальцам не кранулі, атрымалі 3,5 і 4 гады калёніі строгага рэжыму, расейцы Арцём Брэўс і Іван Гапонаў за тое самае – штрафы. Як захочуць, так і зробяць. Вось як раз пытаньне – як захочуць.

Тое, што большасьці вязьняў 19-га перакваліфікавалі абвінавачаньне – у прынцыпе добры знак. Гэтак жа, як і заявы прэзыдэнта пра неабходнасьць нармалізацыі стасункаў з Эўропай, зробленыя ў сёлетнім штогадовым пасланьні. У ягонай падачы гэта, праўда, выглядала, як неабходнасьць маральнай капітуляцыі Эўропы, але, відаць, у братэрскіх абдымках Расеі Лукашэнка пачувае сябе крыху няёмка. А стасункі з Эўропай наўпрост залежаць ад лёсу вязьняў 19 сьнежня.

Хаця зь іншага боку менавіта падчас пасланьня былі сказаныя словы і пра «пятую калёну», якая будзе ў краіне зьнішчаная, і пра авантурыстаў і пагромшчыкаў. Да таго ж суды пройдуць у сытуацыі вострага эканамічнага крызісу. Выхады зь яго, пра якія казаў Лукашэнка ў сваёй прамове, прадугледжваюць скарачэньне сацыяльных праграмаў, інакш кажучы, пагаршэньне эканамічнага становішча тых людзей, якія стаяць у чэргах каля абменьнікаў. Што ім наўрад ці спадабаецца. Так што ёсьць спакуса паказаць народу вобраз строгага, суровага бацькі.

Але піяр не ўсёмагутны. Ад жорсткіх прысудаў даляры ня зьявяцца. Аднак яны яшчэ больш паглыбяць раскол у грамадзтве, распаляць напружанасьць і насамрэч закрыюць для беларускай улады магчымасьць той самай нармалізацыі стасункаў з Захадам.

І судны тыдзень над вязьнямі Плошчы можа стаць судным днём для беларускай улады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG