Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Словы: Раскрыць злачынства


Belarus -- Siarhiej Dubaviec
Belarus -- Siarhiej Dubaviec
Што ня так называецца, то ня так адбываецца

Раскрыць злачынства – ня проста назваць вінаватых. Раскрыць злачынства – узнавіць парушаную раўнавагу і справядлівасьць. Злачынства раскрыта! – публіка пляскае ў ладкі.

Але гэтым разам чамусьці ня пляскае.

Пасьля трагедыі ў менскім мэтро недзе ў заднім адсеку мозгу, куды мы зьмятаем непажаданыя думкі, зноў запульсавала непрыемнае адчуваньне таго, што і гэтае, як і ўсе самыя страшныя злачынствы ў гісторыі, застанецца нераскрытым. Нават калі яго раскрыюць, назавуць і пакараюць вінаватых, усё адно застануцца вэрсіі-домыслы, да якіх зь бегам часу будуць дадавацца новыя. У прынцыпе домыслы -- гэта і ўсё, што застанецца.

Чаму так адбываецца? Па-першае, таму, што няма даверу да афіцыйных крыніц, якія замест інфармацыі даюць нам прапаганду. Улада ахутаная таямнічасьцю, яе палітыка непразрыстая і непрадказальная. Па-другое, таму, што праўдзівая карціна злачынства заўсёды нікчэмная ў параўнаньні з трагедыяй, якая перавярнула жыцьцё соцень людзей.

Але ні домыслы, ні названыя токар з электрыкам, ні тым больш 13 загінулых – усё, што мы маем у чыстай астачы – усе гэтыя вынікі не нясуць у сабе ані кроплі сатысфакцыі. Наадварот, яны толькі счарняюць тую хмару ў душы, што завісла 19 сьнежня. Як жыць далей?

Ёсьць тая плоскасьць, дзе эфэкт раскрыцьця тэракту мог бы прынесьці гэтую самую сатысфакцыю, вярнуць раўнавагу, паказаць сьвятло ў канцы тунэлю. Гэтая плоскасьць – умовы, што дазволілі ўчыніць тэракт. Умоваў шмат -- ад агульнага дэпрэсіўнага настрою ў грамадзтве і атмасфэры русіфікацыі (для нас гэты тэракт -- стылістычна расейская зьява) да вывучкі адказных за бясьпеку і цаны чалавечага жыцьця (Беларусь, як вядома, апошняя ў Эўропе краіна, дзе караюць сьмерцю).

На жаль, досьвед паказвае, што якраз з умовамі ў Беларусі ніхто не працуе, толькі з вынікамі. Таму, па вялікім рахунку, нічога не зьмяняецца. Не зьнікае змрочны настрой, працягваецца русіфікацыя, хутчэй зьмяншаюцца, чым павялічваюцца гарантыі бясьпекі (дынаміка трох тэрактаў пра тое сьведчыць), па-ранейшаму выконваюцца сьмяротныя прысуды. Застаюцца насамрэч нераскрытае злачынства і домыслы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG